У сувязі са скасаваннем дагавора аб арэндзе залы для ўручэння прэміі «Люблю Беларусь» міжнародная маладзёжная арганізацыя «Малады фронт» (Чэхія) разглядае варыянт правядзення традыцыйнай вулічнай акцыі, паведаміў лідэр арганізацыі Зміцер Дашкевіч.

Цырымонія ўручэння прэмій павінна была прайсці 14 лютага, у Дзень святога Валянціна, у сталічным гатэлі Crownе Plaza. Аднак увечары 4 лютага стала вядома, што адміністрацыя гатэля скасавала дагавор на арэнду залы.

«Найбліжэйшым часам мы пададзім заяўкі на выдзяленне памяшкання для ўручэння прэмій у іншыя месцы.

Але мы не цешым сябе ілюзіямі.

За тры гады арганізацыя атрымала больш за сто адмоў у выдзяленні памяшканняў для правядзення нашых мерапрыемстваў. Зусім нядаўна больш як дзесяць устаноў адукацыйна‑культурнага кірунку адмовілі нам у выдзяленні памяшкання для правядзення ўстаноўчага з’езда», — адзначыў Дашкевіч.

«Мы не верым у выпадковасці.

Дамова была заключаная ў законным парадку, мы як кліенты не парушылі ніякіх умоў.

Мы лічым, што ў працэс ажыццяўлення дамовы ўключыліся трэція асобы, і адмова ў арэндзе мае палітычны падтэкст. Мы будзем вымушаны звярнуцца з адпаведным лістом да кіраўніцтва InterContinental Hotels Group, уладальніка сеткі гатэляў Crowne Plaza па ўсім свеце. Акрамя таго, мы маем намер падаць іск у дачыненні да Crowne Plaza у гаспадарчы суд Мінска», — заявіў Дашкевіч.

Паводле яго слоў,

напярэдадні 14 лютага будзе аб’яўлены спіс пераможцаў, а ўзнагароды ім, хутчэй за ўсё, будуць перададзены ў прыватным парадку.

Адмова ў выдзяленні памяшкання наносіць шкоду не толькі іміджу гатэля Сrowne Plaza Minsk, але і іміджу Беларусі, паколькі відавочна, што вядзенне бізнесу ў краіне не ажыццяўляецца па празрыстых правілах і схемах, заявіў Дашкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?