05.02.2010 / 13:57

«Пажарнікі» атрымалі па 17—19 гадоў турмы 1

Суд над удзельнікамі бязлітаснай злачыннай групоўкі праходзіў у Гомелі.

Суд над удзельнікамі бязлітаснай злачыннай групоўкі праходзіў у Гомелі.

Судовая калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда 5 лютага пасля дзевяці месяцаў слуханняў аб’явіла прыгавор у дачыненні да кіраўнікоў злачыннай групоўкі «пажарнікі».

Тры жыхары Гомеля, якія абвінавачваюцца ў стварэнні злачыннай арганізацыі і кіраўніцтве ёй, а таксама ва ўчыненні шэрагу цяжкіх злачынстваў: нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, вымаганнях, крадзяжах, рабаваннях, махлярстве, адмыванні грошай, выкраданні чалавека, прыгавораны да працяглых тэрмінаў турэмнага зняволення з канфіскацыяй маёмасці:

два — да 19 гадоў пазбаўлення волі, адзін — да 17.

Дзяржабвінавачанне патрабавала пакаранне на год большае кожнаму.

Абвінавачаным інкрымінаваліся злачынствы больш чым па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Крымінальная справа склала 72 тамы.

Абвінавачваныя былі затрыманы восенню 2006 года ў Маскве. Па справе, якая слухалася ў закрытым рэжыме, праходзіла больш за 100 пацярпелых і больш як 200 сведак, у дачыненні да якіх прымаліся беспрэцэдэнтныя меры бяспекі: іх заводзілі ў залу ў спецыяльных масках і падчас апытання выкарыстоўвалі спецыяльныя сродкі для змянення голасу. Сведкі давалі паказанні з іншага пакоя. Гэта было звязана з тым, што некаторыя ўдзельнікі злачыннай групоўкі ўжо адбылі пакаранне і выйшлі на волю.

Прысуд можа быць абскарджаны на працягу 10 дзён. Дзяржабвінаваўца заявіў журналістам, што працяглыя тэрміны пакарання абумоўлены цяжкасцю злачынстваў, большасць з якіх учынена з карыслівых меркаванняў. Суд таксама абавязаў абвінавачваных пакрыць маральную і матэрыяльную шкоду пацярпелым. Сума маральнай шкоды даходзіць да 13 млн., сума матэрыяльнай — да 97 млн. У кошт пакрыцця шкоды будзе накіравана маёмасць абвінавачваных.

Судовы працэс пачаўся 24 сакавіка 2009 года.

Расследаванне праводзіў аддзел па важнейшых справах пракуратуры Гомельскай вобласці.

Затрыманыя ў Маскве ўдзельнікі злачыннай групоўкі былі экстрадаваны ў Гомель у 2008 годзе і змешчаны ў СІЗА.

Злачынная групоўка была створана ў сярэдзіне 1990-х гадоў і праіснавала на тэрыторыі вобласці больш за 10 гадоў. Удзельнікі групоўкі займаліся вымаганнем на Цэнтральным рынку і ў іншых гандлёвых кропках, кантралявалі «валютчыкаў», прастытутак, таксістаў.

У чэрвені 2008 года Гомельскі абласны суд прызнаў шэсць гамяльчан вінаватымі ў стварэнні злачыннай арганізацыі і кіраўніцтве ёю, удзеле ў вымаганнях, рабаваннях, махлярстве, прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, знішчэнні маёмасці агульнанебяспечным спосабам, які пацягнуў смерць двух чалавек па неасцярожнасці. Мінімальнае пакаранне — дзевяць гадоў і адзін месяц пазбаўлення волі — атрымаў удзельнік злачыннай арганізацыі, максімальнае — 15 гадоў і 15 гадоў і шэсць месяцаў пазбаўлення волі — прызначана асобам, прызнаным судом лідэрамі групоўкі.

У 2006—2007 гадах абласны суд вынес абвінавачанне 46 удзельнікам групоўкі «пажарнікі».

Мінімальным пакараннем для ўдзельнікаў банды было прызначана пазбаўленне волі на тры гады.

0
Алег / Адказаць
05.02.2010 / 16:10
Ці з гэтай бандай гэна было, ці не, хто цяпер ведае? Але распавёў гэту гісторыю мне адзін дасьведчаны дзяцючок... Карацей, у хлапца была дзяўчына. І тут да яе пачаў заляцацца адзін баньдзюг. І так і гэдак, і вось нарэшце дзеўка, мо зь вялікага страху, але пайшла зь ім: дома не начуе, нават тэлефон не бярэ! Ды хлапец быў "ня робкага дзесятку". Ад такой неспадзяванкі як узбуяніў, вылічыў таго й кажа: "Ты – баньдзюк, затое я – "чэсны"! Ты круты, а я круцей: ну, гані дзяўчыну, а то!!!" "Добра, – скарыўся крым, – хай будзе па твойму..." Прыходзь заўтра тудысьці й у столькі. І хлапец прыйшоў. І крым прыйшоў... "Дзе, – пытае ў яго, – мая дзеўка?!" "Ды вось", - адказвае баньдзюг і працягвае цыратавую торбу. Хлапец зазірнуў, а ў ёй... галава яго дзяўчыны. Мараль? Дык дадумайце самі...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру