Нашыя папярэднікі слушна заўважылі: «Рукапісы не гараць». Але ці датыкае гэты выраз носьбітаў электроннай інфармацыі – e-mail’аў, SMS’ак? І зь якіх крыніцаў нашыя нашчадкі даведвацьмуцца пра наш цяперашні супярэчлівы час, калі раптам адбудзецца нейкі сусьветны інфармацыйны збой і ўсе інфармацыйныя крыніцы нейкім чынам могуць зьнікнуць? Такім пытаньнем задаецца нашанівец Руслан Равяка. Такі ж запыт мы пераадрасавалі прафэсійным архівістам і гісторыкам. Што яны думаюць па гэтай праблеме?

Вядомы архівіст Віталь Скалабан ня раіць драматызаваць сытуацыі, хоць і падкрэсьлівае, што праблема сапраўды існуе, але паціху яна вырашаецца Цэнтрам электроннай дакумэнтацыі. Сп.Скалабана сёньня найбольш турбуе праблема аўтэнтычнасьці тых ці іншых электронных дакумэнтаў. «Вельмі цяжка цяпер ідэнтыфікаваць многія матэрыялы. Дзе сапраўды аўтарскія лісты, а дзе фальшыўка? і трэба знаходзіць найперш такія мэтады, каб з стоадсоткавай упэўненасьцю ідэнтыфікаваць іх, каб ужо па нейкім часе немагчыма было спэкуляваць гістарычнымі дакумэнтамі».

Дырэктар ужо згаданага «Цэнтру электроннай дакумэнтацыі» гісторык Вячаслаў Насевіч кажа, што ўся інфармацыя зьнікнуць ня можа, і праца ў гэтым кірунку ўжо вядзецца. «Частка інфармацыі заўжды застанецца. Уся яна зьнікнуць ніяк ня можа, калі прымаць належныя захады. Праца нашага цэнтру і разьлічана на тое, каб не дапусьціць такой сытуацыі. Мы найперш захоўваем тыя электронныя дакумэнты, якія маюць дзяржаўнае значэньне. Гэта ў першую чаргу – афіцыйныя дакумэнты». Але што рабіць з электроннымі прыватнымі архівамі вядомых сучасьнікаў? «Яны самі павінны парупіцца, каб захаваць для нашчадкаў і гісторыі свой архіў, так было заўсёды і ў часы Скарыны, і Агінскага, і Караткевіча, ня толькі ў наш час, – працягвае В.Насевіч. – Я асабіста прапаноўваю шмат каму ўпарадкаваць свой архіў і здаць да нас у Цэнтар, усе згаджаюцца, станоўча хітаюць галавой, але далей за абяцаньні справа не пайшла. Вось, Павал Церашковіч рыхтаваў кнігу, абяцаў, але не прынёс электроннае вэрсіі».

Архівіст Аляксандар Запартыка лічыць, што ўсе электронныя дакумэнты належыць дубляваць і старанна захоўваць адзін з экзэмпляраў у адмысловай базе зьвестак, тады і ня будзе ніякіх праблемаў.

Адзіным, хто патрапіў мець сякую-такую заклапочанасьць у стане з электроннымі крыніцамі, стаў гісторык Алесь Белы. «Апошнім часам няспынна мяняюцца носьбіты інфармацыі. Здаецца, толькі нядаўна былі відэамагнітафоны, не пасьпелі як сьлед апамятацца, як іх замяняюць на DVD. Часам проста немагчыма пасьпець за тэхнікай. У сэнсе перадачы інфармацыі зьмяняюцца цэлыя макраэпохі». Але Алесь Белы не губляе надзеі, ён кажа, што моцныя культурныя вобразы пройдуць празь любыя гістарычныя фільтры і ня зьнікнуць ні пры якіх умовах, бо і ў часы фараонаў гэтыя самыя фільтры былі ніяк ня меншыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0