Рукапісы, архівы, ліставаньне, чарнавікі – у кампутарна-электронны век нічога гэтага не застаецца пасьля нас. Шанцы захаваньня ў паперы падчас сусьветнай катастрофы значна большыя, чым у вінчэстэра... Піша Руслан Равяка.

Цёгаючыся па сусьветным Сеціве ў пошуках матэрыялаў для артыкулу, раптоўна я зразумеў жахлівую рэч. Гісторыкам, што будуць займацца дасьледаваньнем нашага часу, прыйдзецца нашмат цяжэй, чым нашым сучасьнікам, што дасьледуюць якое Сярэднявечча.

Ужо цяпер многія архіўныя дасьледчыкі, працуючы над тэмаю, карыстаюцца мікрафільмамі, але не арыгінальнымі дакумэнтамі. Зразумела, што прагляд на маніторы не параўнаць з тым адчуваньнем ад дотыку да лістоў з атрамантамі Сярэднявечча, подпісам Ластоўскага, гравюрамі Скарыны ці фатаздымкамі Юліі Дарашкевіч.

Усё больш навуковых працаў зьмяшчаецца толькі ў Сеціве, а многія студэнты пачынаюць свае пошукі зьвестак для курсавых і кантрольных у Інтэрнэце. На жаль, тамака іх і сканчаюць…

Магчыма, у прышлым людзі, карыстаючыся Інтэрнэтам і не выходзячы з хаты, здолеюць пісаць дысэртацыі, зьвяртаючыся да архіўных тэчак праз Інтэрнэт, пра якое беларуска-шры-ляндзкае навуковае супрацоўніцтва пачатку ХХІ стагодзьдзя. Але зьнікне адметнае – даткненьне да мінуўшчыны.

Хуткі прагрэс зробіць немажлівым дасьледаваньне жыцьця і дзейнасьці якой значнай асобы. Выданьне ліставаньня сучаснай «Нашай Нівы» (падобнае да таго, што друкавалася ў зборніку «Шляхам гадоў» у 1990-я гады) ужо на адсоткаў 90 немагчымае. Куды падзенуцца рукапісы, што дасылаюцца ў рэдакцыі й не праходзяць да друку? Паціху адыходзяць паштоўкі, лісты, нататкі, чарнавікі й замалёўкі на паперы. Цяпер лягчэй «пачапіць» якую электронную запіску на працоўным стале манітора. Потым яе чакае лёс у віндаўскай сьметніцы. Тамсама зьнікнуць і электронныя штодзёньнікі прэм’ераў, палітыкаў, мэраў мястэчак, рэдактараў і шараговых грамадзянаў. Архівісты страцяць значны кавалак працы!

Які лёс шматлікіх SMS, MMS

e-mail’аў? Колькі іх мы атрымліваем, які час іх існаваньня і колькі іх застаецца? Колькі электронных лістоў пасьля прачытаньня і адказу мы раздрукоўваем і колькі выдаляем, так і не пакінуўшы для вока будучага гісторыка?

Як дасьледаваць ужо цяпер гісторыю разьвіцьця беларускага Інтэрнэту? Здаецца, так нідзе і не захаваліся старыя вэрсіі нашых сайтаў, не апісана іх нараджэньне, сталеньне і сьмерць… Якая згуба для навукі!

Папера, якая ня толькі ўсё церпіць, але і захоўвае значны час інфармацыю, адыходзіць. Прагрэс чамусьці робіць крыніцы інфармацыі штораз лягчэйшымі для зьнішчэньня. Некалі нашыя продкі пачыналі з каменьня… (Дарэчы, на сёньняшні дзень шанцы захаваньня ў паперы падчас сусьветнай катастрофы значна большыя, чым у вінчэстэра.)

Ужо немажліва адрозьніць ліст арыгіналу ад копіі – лазэрныя друкаркі і ксэраксы робяць усе аркушы аднолькавымі, як кроплі расы. А некалі дасьледчыку дастаткова было толькі зірнуць на паперу, каб зразумець, што тэкст

з-пад капіркі.

Больш не пабачыць нам пакамечаных, пакрэсьленых, з малюнкамі чарнавікоў рукапісаў, што творца кідаў праз увесь пакой у сьметніцу (а ўдзячныя нашчадкі іх адтуль выцягвалі й хавалі). Цяперака рукапісы захоўваюць праўкі толькі да часу націску на значак «захаваць», – ніхто не карыстаецца функцыяй захаваньня зьменаў тэксту.

Маю надзею, што навукоўцы пасьля майго артыкулу схамянуцца і праз 50 год у музэях мажліва будзе пабачыць ня толькі мабільнік і SIM-карту прэзыдэнта. Можа, для дасьледнікаў яго дзейнасьці будуць даступныя і электронныя файлы тэлефонных размоваў ППРБ з сынамі, ці гутарка сьпікера палаты з жонкаю ў абедзены перапынак між паседжаньнямі, ці сварка поп-зоркі са сваім прадусэрам. Зразумела, адбудзецца гэта, калі кампаніі сотавай сувязі даўмеюцца перахоўваць тыя файлы болей за адведзены законам час.

Уявеце, што студэнты ў будучыні пачнуць пісаць курсавыя працы пра жыцьцяпіс Хадановіча, карыстаючыся яго тэлефоннымі размовамі! Палітыкам, творчым людзям ды проста ўсім, хто лічыць сябе значнай асобаю, трэба памятаць пра гэта і ня ляпаць абы-што ў мабілку перад вечнасьцю!

Застаецца толькі спадзявацца, што новае паціху ўвапхнецца ў нашае жыцьцё, не змарнаваўшы старога. Існуюць жа дасюль тэатар, радыё, папяровыя газэты. (Аднак відэакасэты нашымі ўнукамі будуць успрымацца так, як намі вінілавыя кружэлкі!)

Зрэшты, я таксама не прарок (не лічэце мяне ёлупнем, што друкуе гэтыя радкі на друкарскай машынцы) – дасюль пішу і праўлю ў Word’е, захоўваю свае нататкі і артыкулы толькі ў кампутары. Не, прабачце, некаторыя, найбольш удалыя мае опусы, калі мелі ахвоту і натхненьне, вы маглі пачытаць на старонках «НН».

Таму кідаю пісаць і дасылаю гэты артыкул на друкарку… А пасьля вазьмуся за раздрукоўку сваёй мэйлавай перапіскі. Дзеля гісторыі й яе дасьледчыкаў. Ня ведаю толькі, як доўга захоўваюцца фарбы з лазэрнай друкаркі. Дасьць Бог, даўжэй за факсавыя…

Баранавічы

P.S. Усім зацікаўленым магу прапанаваць чаранавікі гэтага артыкулу ў колькасьці 27 аркушаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0