У Варшаве прайшло лёсаванне адборачных груп да чэмпіянату Еўропы па футболе, які пройдзе ў Польшчы і ва Украіне.

Усе зборныя – 51 дружына – былі разбітыя на дзевяць адборачных груп: шэсць груп змяшчаюць па шэсць зборных і тры групы – па пяць зборных.

Адборачныя матчы пройдуць з верасня 2010 па кастрычнік 2011 года. Матчы пройдуць у суботы і аўторкі. Як вядома, з супернікамі кожная зборная гуляе двойчы: дома і на выездзе.

Зборная Беларусі, пасеяная ў 4-м кошыку, трапіла ў групу «D» са зборнымі Францыі (1-ы кошык), Румыніі (2-і кошык), Босніі (3-і), Албаніі (5-ы) і Люксембурга (6-ы).

***

Склад усіх груп:

А – Германія, Турцыя, Аўстрыя, Бельгія, Казахстан, Азербайджан.

BРасія, Славакія, Ірландыя, Македонія, Арменія, Андора.

С – Італія, Сербія, Паўночная Ірландыя, Славенія, Эстонія, Фарэры.

D – Францыя, Румынія, Боснія, Беларусь, Албанія, Люксембург.

Е – Галандыя, Швецыя, Фінляндыя, Венгрыя, Малдова, Сан-Марына.

F – Харватыя, Грэцыя, Ізраіль, Латвія, Грузія, Мальта.

G – Англія, Швейцарыя, Балгарыя, Уэльс, Чарнагорыя.

H – Партугалія, Данія, Нарвегія, Кіпр, Ісландыя.

І – Іспанія, Чэхія, Шатландыя, Літва, Ліхтэнштэйн.

***

Чэмпіянат Еўропы па футболе пройдзе з 8 чэрвеня па 1 ліпеня 2012 г. у Польшчы і ва Украіне, у наступных гарадах: Варшава, Гданьск, Познань, Уроцлаў – Кіеў, Данецк, Харкаў, Львоў.

Напрамую ў фінальную стадыю, у якой возьмуць удзел 16 камандаў (зборныя Польшчы і Украіны трапілі туды аўтаматычна, як гаспадыні турніру), выходзяць 10 зборных: пераможцы груп, а таксама найлепшая з камандаў, што зоймуць другія месцы (9+1).

Астатнія чатыры вакантныя пуцёўкі разыграюць у стыкавых матчах восем зборных, што занялі ў сваіх групах 2-я месцы.

***

Трэба зазначыць, што ў адборачных турнірах да чэмпіянату Еўропы зборная Беларусі выступае горай, чым у адборы да чэмпіянату свету.

На адборы да Еўра-1996 нашыя фінішавалі 4-мі з шасці камандаў, на адзін пункт, дарэчы, абагнаўшы Люксембург (11 пунктаў супраць 10). 12 кастрычніка 1994 г. дома ў Люксембурга выйгралі – 2:0, 11 кастрычніка 1995 г. у гасцях згулялі ўнічыю – 0:0.

На адборы да Еўра-2000 і Еўра-2004 беларусы наогул займалі апошняе, 5-е месца, набраўшы ў 10 гульнях па 3 балы.

А вось супернікамі ў адборачнай групе да чэмпіянату Еўропы 2008 былі адно тры цяперашнія супернікі па цяперашняй групе – Румынія, Албанія, Люксембург.

З албанцамі дома згулялі ўнічыю – 2:2 (2 верасня 2006), у гасцях выйгралі – 4:2 (17.11.2007), З румынамі двойчы прайгралі, у гасцях 1:3 (7.10.2006), дома – 1:3 (8.09.2007), У Люксембурга ў гасцях выйгралі 2:1 (24 сакавіка 2007), а дома, у Гомелі, 13 кастрычніка 2007 г. атрымалі гучную аплявуху, прайграўшы 0:1.

У выніку беларусы фінішавалі 4-мі з 13 баламі. Румынія –29 балаў, Галандыя – 26, Балгарыя - 25, Беларусь – 13, Албанія – 11, Славенія – 11, Люксембург – 3.

Са зборнымі Босніі і Францыі беларусы ніколі не гулялі.

Боснія, дарэчы, дайшла да стыкавых матчах чэмпіянату свету 2010 г. (дзе прайграла Партугаліі), а Францыя "выйграла" ў небясспрэчных стыках у Ірландыі (рука і афсайд Анры).

У адборачным турніры да чэмпіянату свету 2010 зборная Беларусі заняла 4-е месца,

прапусцішы наперад Англію, Украіну, Харватыю і апярэдзіўшы Казахстан і Андору.

***

Гэта будзе апошні чэмпіянат, у якім возьмуць удзел 16 камандаў, з 2016 года ў фінальнай стадыі будзе ўдзельнічаць 24 зборныя, амаль 50% кантынентальных зборных. Таксама, відаць, гэта будзе апошні чэмпіянат, які праводзяць дзве краіны разам. Нагадаем, упершыню такі чэмпіянат быў праведзены ў 2000 г. (Бельгія, Нідэрланды), у 2008 г. чэмпіянат Еўропы прайшоў у Аўстрыі і Швейцарыі.

Галоўны трэнер беларускай зборнай Бернд Штанге, яшчэ перад самім лёсаваннем заявіў, што незалежна ад складу групы задача-максімум выйсці на чэмпіянат, задача-мінімум – трапіць у стыкавыя матчы. Г.зн. заняць 2-е месца ў групе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?