10.02.2010 / 10:04

Працяг прыгодаў беларускамоўнай карткі «БелКарт» даслаў чытач

Высветлілася, што яе нельга падключыць у інтэрнэт-банкінг да іншых картак.

Высветлілася, што яе нельга падключыць у інтэрнэт-банкінг да іншых картак. Перадгісторыя — першая і другая часткі.

Пасля вырабу новых картак «Maestro» і «БелКарт» іх трэба нанова зарэгістраваць у інтэрнэт-банкінгу. Гэтую асаблівасць пажадана ведаць загадзя, бо калі не папярэдзяць пры выдачы (што здарылася ў маім выпадку), то прыйдзецца асабіста ісці і пісаць заяву — такія правілы. Да таго ж, супрацоўніца параіла дадаць абедзве карткі («Maestro» і «БелКарт») у банкінг, бо напрыклад, калі згубіцца і будзе заблакавана адна картка, то інтэрнэт-банкінг працягне працаваць праз іншую картку. Пасля таго, як я высветліў гэта па тэлефоне, выправіўся у бліжэйшую філію…

Сама заява — гэта дадатак да дамовы аб інтэрнэт-банкінгу, запаўняецца вельмі хутка і ўтрымлівае толькі нумары картак, якія трэба падлучыць, іх тэрмін дзеяння.

Здавалася б усё проста, але праблемы пачаліся, калі паспрабавалі дадаць у банкінг «БелКарт», якая была выраблена і зарэгістравана па-беларуску.

Высветлілася, што можна альбо «Maestro», альбо «БелКарт», але адначасова абедзве нельга. Праблема менавіта ў тым, што картка «БелКарт» была выраблена і зарэгістравана ў сістэме банка з імем і прозвішчам у беларускім напісанні.

Быў вымушаны пакінуць новы запіс у кнізе заўвагаў і прапаноў:

Мне не змаглі зарэгістраваць картку «БелКарт» у сістэме інтэрнэт-банкінгу з прычыны таго, што яна выраблена з прозвішчам і імем па-беларуску. Гэта з’яўляецца парушэннем закона «Аб мовах». Прашу вас разгледзець гэтае пытанне і зарэгістраваць у інтэрнэт-банкінгу абедзве мае карткі: «Maestro» і «БелКарт».

Самае непрыемнае ў гэтай сітуацыі, што

банк сам разахвочвае карыстацца карткай «БелКарт» —
паколькі яе няма ў інтэрнэт-банкінгу, то транзакцыі па карт-рахунку, выкананыя праз яе, недаступныя да прагляду.
Выходзіць, што карткай «БелКарт» небяспечна разлічвацца,
бо ўладальнік не зможа хутка адсачыць праз інтэрнэт нядобрасумленныя транзакцыі і іх абскардзіць.

МЗ

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру