Экс-старшыня Саюзу пісьменьнікаў Вольга Іпатава выступіла зь ініцыятывай збору грошай, каб разьлічыцца з уладамі па запазычанасьці за арэнду будынка Дома літаратара.
«Наша Ніва»: Раскажыце падрабязней пра ініцыятыву збору сродкаў, зь якой Вы выступілі на пісьменьніцкай нарадзе.
Вольга Іпатава: Дом літаратара стаў сёньня сымбалем мовы, культуры, літаратуры, урэшце, супраціву таталітарнай уладзе. Нам нельга адтуль сыходзіць ні ў якім разе. Нават можна было б аб’явіць у Доме літаратара начное дзяжурства. Хай тады пісьменьнікаў, якія ўвайшлі ва ўсе энцыкляпэдыі, выносіць АМОН.
У сераду ў нас будзе Рада, мы зьбярэмся а 10-й, будзем весьці размову пра тое, каб не пакідаць будынак.
«НН»: А ці немагчыма правядзеньня Рады раней, бо ў сераду ўжо прыйдуць судовыя выканаўцы?
Вольга Іпатава: За два дні Раду сабраць мы ня зможам, бо людзі знаходзяцца ў вёсках, а трэба, каб быў кворум. Урэшце, такія пытаньні вырашаюцца за дзесяць хвілінаў, бо далей адступаць ужо няма куды.
«НН»: На Ваш погляд Рада падтрымае такую ініцыятыву?
Вольга Іпатава: Думаю, што так. Сабраць такія грошы самастойна Саюз ня зможа, бо ўжо зараз нямала літаратараў знаходзяцца на мяжы выжываньня, кормячыся толькі за кошт уласных сотак у вёсак. Пісьменьнікаў пазбавілі амаль усіх магчымасьцяў свабодна зарабляць грошы.
«НН»: Ці магчыма сабраць патрэбную суму - 55 мільёнаў рублёў?
Вольга Іпатава: Канечне! Я думаю, што грамадзкасьць ужо паказвала сваю салідарнасьць, калі абараняла «Нашу Ніву» і «Народную волю», Гуманітарны ліцэй. Такія акцыі, што нямала важна, групуюць і гартуюць грамадзкасьць. Урэшце, падобным чынам і помнікі ўзьнікаюць: Ларысе Геніюш у Зэльве, Яўгену Куліку, Язэпу Драздовічу ў вёсцы Ляпляны. Людзі ў Лідзе, нягледзячы ні на што, абараняюць крыж у гонар ксяндза, удзельніка паўстаньня 1863 г. Фалькоўскага. Такія прыклады можна доўжыць. Я веру ў цуды чалавечага духу.
«НН»: Якую дапамогу Вы чакаеце ад Аляксандра Мілінкевіча?
Вольга Іпатава: Мы будзем радыя любой дапамозе. Прынамсі, гэта справа ня толькі Саюза. Нам незалежнаму грамадзтву патрэбна абараняць адзін аднога і трымацца разам.