11-га жніўня газэта «Наша ніва» перадрукавала з нашай фронтаўскай Інтэрнэт-старонкі мой ліст «Яднацца трэба са сваімі», дзе ў кароткай форме мной растлумачана сутнасьць нацыянальнай здрады беларускаму Адраджэньню той часткі Фронту, якая адкалолася зь Вячоркам, Хадыкам і іншымі і схаўрусавалася з прамаскоўскімі групамі і палітыкамі. У гэтым жа лісьце гаворыцца пра пытаньне аб адказнасьці гэтых людзей перад нацыяй. У наступным нумары, 18 жніўня (матэрыял на сайце зьявіўся 22 жніўня, у газэце – у нумары, пазначаным за 25 жніўня - «НН»), у гэтай жа газэце зьявіўся артыкул з шалудзівай ці «здумеваёнцай» (як сказалі б палякі) назвай: «КХП-БНФ і Партыя БНФ аб’яднаюцца?» Далей ідзе нібыта пераказ майго ліста, але ў стылі бытавой фантастыкі. Гаворыцца тое, чаго ў прынцыпе ў лісьце няма. «Зянон Пазьняк, – пішацца там, – недвухсэнсоўна намякнуў, што ён ня супраць аб’яднаньня двух крылаў БНФ: Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ з Партыяй БНФ, бо па-ранейшаму працягвае лічыць «вячоркаўцаў» беларускай нацыянальнай сілай, якая змагаецца за беларускую справу.» Прачытаўшы гэтакае ёрніцтва, адразу ўзьнікае пытаньне, што гэта такое – блюзьнерства ці правакацыя? Мяркую, што апошняе. Бо дыямэтральная неадпаведнасьць зьместу публікацыі і зьместу ліста відавочная. Крывы камэнтар зроблены спэцыяльна. Сэнс правакацыі? Хутчэй за ўсё, каб паёрнічаць і заблытаць яснасьць ацэнак, выкладзеных у маім лісьце. (Але ўзровень, я вам скажу! Ня думаюць пра свой твар.)

Аб’яднаньне двух партыяў Фронту немагчымае. (Пра гэта ня раз пісалася). Занадта вялікая шкода нанесена Беларусі калябарантамі. Але каб неяк аддаліцца ад адказнасьці і хоць бы часткова змыць сваю віну, група Хадыкі-Вячоркі павінна б была выйсьці з хаўрусу з прамаскоўскімі партыямі і з камуністамі, якія цяпер найбольш агітуюць за ўдзел у выбарах у мясцовыя ворганы ўлады. Пасьля дамоўленасьці Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы аб правядзеньні ў канцы гэтага году рэфэрэндуму ў Беларусі аб так званым «канстытуцыйным акце», становіцца зразумела, што рэфэрэндум аб інкарпарацыі Беларусі ў Расею будуць сумяшчаць з выбарамі ў мясцовыя саветы. Яшчэ ніколі (за ўсе 12 гадоў рэжыму Лукашэнкі) не ўзьнікала такой сьмяртэльнай небясьпекі для існаваньня нашай дзяржавы і нацыі як пачынае гэта зьяўляцца цяпер. Катэгарычна нельга ўдзельнічаць ў гэтых «мясцовых» выбарах і ў рэфэрэндуме. Катэгарычна нельга ісьці галасаваць. Нельга сунуць галаву ў фальсіфікацыйную машыну. Гэта будзе самазабойствам Беларусі. Неабходна рыхтавацца да супраціву і выходзіць на вуліцы, а не на галасаваньне. Ня трэба быць і палітыкам, каб гэта ўсё разумець.

Рашэньне трэба прымаць хутка. Калі ж выбар ня будзе зроблены і шанс не скарыстаны, і былыя фронтаўцы ў чарговы раз (усьлед за калякінымі, лябедзькамі, бухвоставымі, каралямі і ўсёй гэтай прамаскоўскай зграяй) зноў пойдуць заганяць народ на фальшывыя выбары ды рэфэрэндум, то змыць віну ім ня ўдасца потым нават сваёй крывёй. А тое, што пальецца беларуская кроў, калі здадуць Беларусь пад Расею, – можаце не сумнявацца. Толькі будзе ўжо позна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?