Рэакцыі расійскага боку на прапанову Беларусі аб захаванні леташняй цаны на газ пакуль няма, заявіў журналістам 10 лютага ў Мінску пасол РФ Аляксандр Сурыкаў.

Ён нагадаў, што ўсе параметры і ўмовы паставак газу ў Беларусь на 2010 год, у тым ліку і цэнавыя, абгавораны ў кантракце, падпісаным «Газпромам» і «Белтрансгазам» у канцы 2006 года.

«Кантракт дзейнічае, пастаўкі ажыццяўляюцца, іншых пытанняў пакуль не разглядаецца», — заявіў пасол.

Разам з тым, дадаў Сурыкаў, калі будуць дасягнутыя іншыя дамоўленасці паміж кіраўніцтвам дзвюх краін, то, «напэўна, можна весці перамовы».

3 лютага прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што Беларусь разлічвае на дасягненне дамоўленасцяў з ААТ «Газпром» аб захаванні ў 2010 годзе леташніх цэн на газ. Паводле яго слоў, беларускі бок падрыхтаваў прапановы ў адпаведнасці з даручэннямі прэзідэнтаў дзвюх краін, якія былі дадзены на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета ў снежні 2009 года, і чакае адказу ад расійскіх калег.

«Газпром», паводле слоў Сідорскага, прытрымліваецца першапачатковых умоў кантракта, якія прадугледжваюць пакіданне Беларусі ў 2010 годзе паніжальнага каэфіцыента да сярэднееўрапейскай цаны на газ 0,9 супраць 0,7 у 2009 годзе. «З улікам падзення цэн на газ на спотавых рынках мы лічым магчымым прымяненне ў 2010 годзе каэфіцыента 0,75», — сказаў ён.

Беларускі прэм’ер нагадаў, што кантракт з «Газпромам» прадугледжвае штогадовае павышэнне паніжальнага каэфіцыента да цаны на газ для Беларусі. «Калі мы стваралі СП (маецца на ўвазе СП «Белтрансгаз»), планавалі развіццё ў газавай сферы. У лютым гэтага года пасля правядзення чарговага плацяжу ў 625 млн. даляраў доля «Газпрома» ў «Белтрансгазе» вырасце да 50%», — адзначыў Сяргей Сідорскі.

У канцы 2009 года кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер заявіў, што цана газу для Беларусі ў першым квартале 2010 года складзе каля 168 даляраў за тысячу кубаметраў. «У 2009 годзе сярэдняя цана паставак газу ў Беларусь была ніжэй на 11% — каля 150 даляраў, — адзначыў Мілер. — З‑за адсутнасці экспартнай пошліны цана газу для Беларусі значна меншая, чым для іншых пакупнікоў расійскага газу, а загадзя ўзгоднены пераходны перыяд да больш высокіх цэн дазваляе адаптавацца беларускай эканоміцы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?