Аляксандр Лукашэнка ўказам ад 12 лютага зацвердзіў Пратакол аб унясенні змяненняў у міжурадавае беларуска-расійскае Пагадненне аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў вобласці экспарту нафты і нафтапрадуктаў ад 12 студзеня 2007 года.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, указам выказана згода Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе названага пратакола. «Такім чынам, Беларусь, як і Расійская Федэрацыя, своечасова выканала ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, неабходныя для набыцця моцы гэтага дакумента», — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Указам Савета міністраў Беларусі даручана прыняць меры, неабходныя для рэалізацыі пратакола. Указ набывае моц з дня яго падпісання.

Прэс-служба кіраўніка дзяржавы нагадвае, што названы пратакол быў падпісаны ў Маскве 27 студзеня 2010 года. У адпаведнасці з гэтым дакументам вывазной мытнай пошлінай не абкладаецца нафта, якая транспартуецца з Расіі ў Беларусь, зыходзячы з гадавога аб'ёму ўнутранага спажывання рэспублікай расійскай нафты. На 2010 год гэты аб'ём устаноўлены ў памеры 6,3 млн. т. Памер вывазной мытнай пошліны на нафту, якая вывозіцца з Расіі звыш аб'ёму нафты, які пастаўляецца ў бяспошлінным рэжыме, вызначаецца зыходзячы са ставак, устаноўленых у адпаведнасці з расійскім заканадаўствам.

Раней газета «КоммерсантЪ» адзначала, што Беларусь можа ўпусціць ільготную нафту, калі своечасова не ратыфікуе падпісаныя ў Маскве дакументы. «Пагадненне аб бяспошлінных пастаўках нафты для ўласнага спажывання Беларусі ў аб'ёме 6,3 млн. тон, падпісанае віцэ-прэм'ерамі Ігарам Сечыным і Уладзімірам Сямашкам, можа не набыць моц, калі не будзе ратыфікавана да 15 лютага», — падкрэслівала расійскае выданне.

12 лютага Дзярждума Расіі ратыфікавала пратакол аб бяспошліннай пастаўцы нафты ў Беларусь. Як паведаміў намеснік міністра энергетыкі РФ Анатоль Яноўскі, паводле папярэдніх разлікаў, Расія атрымае ў 2010 годзе ад паставак нафты ў Беларусь на 78 млрд. рублёў больш, чым у 2009 годзе.

Паводле ацэнак экспертаў Міжнароднага валютнага фонду, страты Беларусі ад новых умоў паставак нафты складуць каля 2 млрд. долараў ЗША. У МВФ не выключаюць неабходнасці прыцягнення Беларуссю дадатковага знешняга фінансавання для таго, каб справіцца з наступствамі «нафтавага шока».

Старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч у канцы студзеня заявіў, што Беларусь можа пайсці на новыя знешнія запазычанні ў сувязі са змененымі ўмовамі паставак расійскай нафты. Паводле слоў кіраўніка Нацбанка, новыя ўмовы паставак расійскай нафты «ўскладняць нашу працу, гэта не прагназавалася».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?