Грамадскі актывіст з Горак Ілля Заранок даў тлумачэнні па факце дасланай на яго ананімкі ў Магілёўскай міжгарнізоннай пракуратуры.

У 107 кабінеце, куды выклікалі Іллю з нагоды напісанага невядомымі паклёпу, яму паказалі аркуш паперы фармату, А-4, надрукаванага, здаецца, з дапамогай струмянёвага прынтара. Да аркуша быў прымацаваны скрэпкай канверт. Аўтар (або аўтары) ліста сцвярджаюць, што Ілля Заранок усімі магчымымі спосабамі «імкнецца зрынуць законную ўладу ў Беларусі». А горацкі ваенкам, «забыўшыся на гонар мундзіра», узяў ад Іллі хабар, каб «адмазаць» ад войска.

У сваіх тлумачэннях грамадскі актывіст адзначыў, што ніколі не бачыўся з ваенкамам, што меў адтэрміноўку на абсалютна законных асновах — у сувязі з навучаннем у ВНУ, пра што мае ўсе неабходныя для пацверджання дакументы.

Акрамя Заранка даносчыкі ў тым самым абвінавацілі і іншага маладзёна — Іллю Маланачкіна, бацьку якога нядаўна горацкія ўлады пераследавалі за размяшчэнне на вуліцы горада стэнда з Бібліямі.

На думку Іллі Заранка, данос можа выкарыстоўвацца, каб запалохаць актыўных жыхароў Горак напярэдадні мясцовых выбараў. Каб адбіць ахвоту балатавацца, збіраць подпісы або быць назіральнікамі.

Практыка разгляду дзяржаўнымі службамі ананімак наштурхоўвае на пэўныя паралелі з трагічнымі падзеямі беларускай гісторыі пачатку мінулага стагоддзя, калі з дапамогай даносчыкаў ахвярамі сталінскага тэрору сталі тысячы нашых грамадзянаў. Так, прадзед Іллі быў хлусліва абвінавачаны ў забойстве чырвонага камандзіра Пагодзіна з Горак, а прабабуля ў тым, што «лаяла Сталіна». Абоіх пасля смерці «правадыра» рэабілітавалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?