Некалькі пытанняў пост‑фактум да польскіх экспертаў.

Даволі забаўна выглядае чалавек, які пасля падзеі пачынае тлумачыць, што ён яе прадбачыў і менавіта так усё павінна было адбыцца. Падобныя палітычныя «прагнозы» пост‑фактум сустракаюцца не так ужо рэдка. Але крыху інакш выглядае сітуацыя, калі польскае тэлебачанне Палонія, за тры дні да візіта міністра замежных спраў Мартынава ў Варшаву (які тады яшчэ быў пад пытаннем), прадказвае, што візіт будзе паспяховым, бо падчас яго адбудзецца «мужчынская размова» кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін у пытаннях правоў чалавека і нацыянальных меншасцяў. Прычым, гэта не быў прагноз нейкага аднаго эксперта ці журналіста. Гэта было агульнае меркаванне адразу трох удзельнікаў аналітычнай тэлеперадачы Kwadrans po Ósmej — двух палітолагаў з розных няўрадавых арганізацый і журналіста ўплывовай штодзённай газеты.

Рэдкае адзінадушша

Фактычна, атрымалася даволі рэпрэзентатыўная, хоць і маленькая фокус‑група.

Гаворка не пра тое, наколькі трапна яе ўдзельнікам удалося прадказаць хаду падзей на натупныя дні (наўмысна не называю імёнаў запрошаных у перадачу), але ў вельмі рэдкім для польскіх экспертаў адзінадушшы ў гэтым пытанні.

Тэмай таго «квадрансу» была ўсходняя палітыка Польшчы ў святле важных падзей — перамогі Януковіча на выбарах ва Украіне і рэпрэсій уладаў Беларусі супраць непрызнанага Саюза палякаў у Івянцы. Што тычыцца Украіны, дык тут суразмоўцы сышліся на тым, што сам факт дэмакратычных і досыць мірных прэзідэнцкія выбараў стаўся там магчымы, дзякуючы перамозе «аранжавай рэвалюцыі» у 2004 годзе пры падтрымцы Польшчы і Еўразвяза ў цэлым. І хаця Януковіч моцна пакрыўджаны на палякаў, у тым ліку на прэзідэнта Качынскага ад таго, што канчатковая перамога пяць гадоў таму дасталася Юшчанку, новаабраны прэзідэнт, на думку польскіх экспертаў, будзе вымушаны актыўна супрацоўнічаць з Захадам і найперш — з Варшавай. Бо самастойна ўкраінскае кіраўніцтва не зможа супрацьстаяць палітычнаму і эканамічнаму ціску Расеі. Здавалася б, падобная логіка павінна дзейнічаць і ў адносінах да Лукашэнкі. Але гэтую тэму госці тэлестудыі абышлі.

Трэба адзначыць, што журналістка, якая вяла той выпуск «Квадранса», ставіла пытанні даволі жорстка і нават правакацыйна. Ці азначаюць падзеі вакол польскай меншасці ў Беларусі і адкліканне пасла ў Мінску Генрыка Літвіна на кансультацыі ў Варшаву крах палітыкі «Усходняга партнёрства», адным з ініцыятараў якога быў Радаслаў Сікорскі?

З рознымі агаворкамі, з рознай ступенню эмацыйнасці ўсе ўдзельнікі перадачы выказалі перакананне, што ніякага краху няма, што Сікорскі ад самага пачатку дзейнічаў слушна, бо візавыя санкцыі ў дачыненні чыноўнікаў Беларусі нічога не далі, і ў ЕЗ не было іншага выйсця, як пачаць дыялог з Мінскам пры ўмове лібералізацыі тамтэйшага рэжыму. І што цяпер у міністра замежных спраў Польшчы ёсць шанц нагадаць пра гэтыя ўмовы свайму беларускаму калегу, правёўшы пры асабістай сустрэчы з ім «мужчынскую размову». (Цікава, што гэтыя словы гучалі ў перадачы, абсалютную большасць удзельнікаў якой складалі жанчыны).

Стомленыя дэмакратыяй

Вынікі той «мужчынскай размовы» і рэакцыю Мартынава, які заявіў яшчэ перад сустрэчай з Сікорскім, што ў кожнай краіне свае традыцыі і свае правы чалавека, мы ведаем. Ведаем і тое, што Літвін даволі эутка вярнуўся ў Мінск. Кожны з кіраўнікоў сваіх знешнепалітычных ведамстваў працягвае і будзе працягваць сваю лінію — гэта спрагназаваць было вельмі лёгка. Тым больш, што ў выпадку беларускага МЗС гэтая лінія вызначаецца не столькі яе кіраўніком, колькі кіраўніком дзяржавы. Гэта ўдзельнікі польскай тэлеперадачы, як быццам, разумелі. Але некаторыя іх цверджанні гучалі дзіўна — напрыклад, адна з экспертаў выказала думку, быццам Лукашэнка не цалкам кантралюе сітуацыю ў краіне і не можа паўплываць на чыноўнікаў, якія наўмысна абвастраюць сітуацыю вакол польскай меншасці. Дагэтуль праявы падобнага «марсіянскага» мыслення сустракаліся сярод заходнееўрапейскіх экспертаў, слаба абазнаных у рэаліях сённяшняй Беларусі. Але на польскіх палітолагаў гэта не падобна. Альбо яны пачынаюць страчваць пачуццё рэальнасці, альбо наўмысна робяць рэверансы на адрас апошняга дыктатара Еўропы, спісваючы антыдэмакратычныя эксцэсы на нейкіх «кепскіх чыноўнікаў».

Але ёсць і іншае, больш сур’ёзнае тлумачэнне.

Лічыцца, што грамадская думка на Захадзе вельмі істотна ўплывае і часта ўносіць карэктывы ў палітыку лідэраў. Гэта, напэўна, так і ёсць. Але было б памылкай думаць, што грамадская думка застаецца нязменнай, што яна сама не залежыць ад палітыкі і заўсёды з’яўляецца прагрэсіўнай і салідарнай. Мяркуючы паводле выказванняў часткі польскай інтэлектуальнай эліты, хоць бы на прыкладзе некаторых экспертаў і журналістаў, можна зрабіць выснову, што Польшчу не вельмі хвалююць падзеі ў суседняй Беларусі, нават калі яны тычацца польскай меншасці. Захад, і Польшча, як яго частка, выглядае, стаміліся выступаць у ролі абаронцы еўрапейскіх каштоўнасцяў і правоў чалавека. Гэта не адпавядае модзе палітычнага сезону. Так бы мовіць, у Бруселі і Варшаве сёлета гэтага не носяць.

Салідарнасць — а што гэта?

Захад больш хвалюе, напрыклад, ці з’явіцца ў Ірана ядзерная зброя, чым крывавыя расправы басіджаў над іранскімі маніфестантамі‑апазіцыянерамі.

Захад больш зацікаўлены ў тым, каб кіраўніцтва Украіны праводзіла памяркоўную прадказальную палітыку і падтрымлівала добрыя стасункі з Расеяй, чымся ў правядзенні дэмакратычнай празаходняй палітыкі і адстойванні Кіевам нацыянальных інтарэсаў.

Некаторы час таму газета «Наша Ніва» выступіла ў падтрымку сябраў Саюза палякаў Беларусі, якія аказалі маральны супраціў беззаконным дзеянням улады. Большасць беларускіх дэмакратычных палітыкаў і проста нармальных грамадзян таксама выявілі сваю салідарнасць. Беларускія палякі гэты жэст, безумоўна, ацанілі. Але ці заўважылі яго ў самой Польшчы, якая заўсёды славілася сваёй салідарнасцю?

Вяртаючыся да згаданай перадачы на польскім тэлебачанні, хацеў бы звярнуць увагу не на тое, што гаварылі яе ўдзельнікі, а на тое, пра што яны не гаварылі. Яны даволі неахвотна гаварылі пра пераслед актывістаў СПБ, але ні словам не згадалі беларускую апазіцыю, ці хоць бы журналіста Белсата, які атрымаў дзесяць сутак арышту за тое, што не хацеў дапамагаць міліцыі ў супрацьзаконных дзеяннях.

Лідэрка СПБ Анжаліка Борыс выклікае павагу не толькі нязломнасцю сваёй пазіцыі, але ўменнем разважаць і шчыра выказваць тое, што яна думае. У адным з сваіх інтэрвью яна сказала, што апошнія падзеі вакол саюза трэба разглядаць у адным кантэксце з судом над Аўтуховічам, затрыманнямі журналістаў, пераследам беларускай апазіцыі. Выглядае, што гэтая жанчына здолела сфармуляваць тое, чаго ніяк не ўдаецца ці не хочацца сфармуляваць чыноўнікам у Варшаве і ў Бруселі. Не можа быць асобных стандартаў для палякаў, іншых народаў Еўразвяза і асобных — для тых, хто ў ЕЗ пакуль не ўваходзіць. Інакш дэмакратычныя прынцыпы ператвараюцца ў пшык. Застаецца толькі «лібералізацыя па‑беларуску». А гэта, калі скарыстацца словамі класіка, сыр другой свежыны. Яго нам прапануюць у выглядзе «усходняга парнёрства»? Дзякуй, мы гэта ўжо каштавалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?