Калі сытуацыя крытычная, калі рашэньне трэба прымаць хутка і наступствы яго непрадказальныя – тады розум і пачуцьці адыходзяць на задні плян. На мяжы рэальнай небясьпекі выяўляюцца сапраўдныя каштоўнасьці чалавека – тое, чым ён ёсьць і дзеля чаго жыве.

У сакавіку-2006 Ты ня ведаў, чым скончыцца Тваё стаяньне на Плошчы. «Прэзыдэнт» абяцаў «зьвярнуць шыю», камандзір АМОНу -- пакласьці «мордай на асфальт». Старшыня КДБ пагражаў крымінальнай справай за тэрарызм і васьмю гадамі турмы. Генпракурор -- расстрэлам.

Ты, мабыць, памятаеш, як увечары 21 сакавіка Слава Сіўчык сказаў, што «да нас едуць войскі». Як уздрыгваў ад грукату цяжкіх машын і ўсё адно заставаўся на ноч ў прадчуваньні «зачысткі». Я ўжо не кажу пра пагрозу звальнення з працы і выключэньня з ВНУ – гэта, як кажуць, «само сабой».

Я ўпэўнены, што ва ўмовах такой рызыкі Ты, мабыць, ўпершыню ў жыцьці дзейнічаў ў згодзе з сваімі сапраўднымі перакананьнямі і ідэаламі. І ў тым бачу асноўную вартасьць Сакавіка для Тваёй біяграфіі – шанец спазнаць сябе.

Твае аднагодкі на Захадзе лезуць у горы, едуць у гарачыя кропкі, арганізуюць антыглябалісцкія дэманстрацыі. І ўсё дзеля таго, каб у сурагатнай форме паспытаць тое, што Ты паспытаў насамрэч – рэальны выбар і рэальныя выпрабаваньні.

Таму скарыстай гэты шанец. Можаш узяць чысты аркуш паперы і напісаць самому сабе адказ на пытанне: «Што прывяло на Плошчу асабіста мяне?». Тое, што Ты напішаш, і ёсьць Тваёй Сутнасьцю. Тое, што робіць Цябе чалавекам – і асобай.

Слабыя людзі – цынікі, скептыкі, баязьліўцы – будуць дзівіцца і сьмяяцца з Тваёй шчырасьці. Яны паспрабуюць пераканаць Цябе, што Ты дзейнічаў пад уплывам эмоцый, маніпуляцый, наіўнасьці, максымалізму, дзеля вострых пачуцьцяў, каб эміграваць, ад няма чаго рабіць і г.д.

Ня вер. Там, перад тварамі выпадковых сяброў, перад тварамі людзей, што несьлі Табе пітво, ежу і адзеньне, перад тварамі правакатараў і амапаўцаў – Ты і быў сапраўдным.

Час ад часу перачытвай напісанае Табою зараз. Успамінай сябе. У звыклай паўсядзённай руціне лёгка забыцца на свае каштоўнасьці – адзіна надзейны падмурак, на якім будуецца годнае жыцьцё.

Стань сабой, Чалавек Плошчы, і ня дай сябе зламіць. Дзякуй Табе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?