У нашай краіне зніжаецца колькасць зарэгістраваных выпадкаў захворвання на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам (ІППШ), — пранцы, ганарэю, хламідыёз і трыхаманіяз.

Як паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, агульная колькасць выпадкаў пранцаў знізілася за 2009 год у параўнанні з 2008 годам на 5,3% і склала 1.709 (18 на 100 тысяч насельніцтва). Максімальны ўзровень захворвання — у Віцебскай і Гомельскай абласцях (29,8 і 27,6 выпадку на 100 тысяч насельніцтва адпаведна), мінімальны — у Мінску (8,3 выпадку на 100 тысяч насельніцтва). Рост захворвання ў Гродзенскай і Магілёўскай абласцях санслужба тлумачыць

«увозам новых выпадкаў з‑за межаў нашай краіны».

Агульная колькасць зарэгістраваных выпадкаў ганарэі ў 2009 годзе склала 4.170, ці 44 на 100 тысяч насельніцтва, з максімумам у Віцебскай і Гомельскай абласцях — 55,2 і 44,3 на 100 тысяч насельніцтва адпаведна і мінімумам — 37,9 у Мінску. Зніжэнне ўзроўню захворвання адзначаецца ва ўсіх абласцях за выключэннем Гродзенскай, дзе адзначаецца ўздым на 6,7%.

Агульная колькасць зарэгістраваных выпадкаў трыхаманаднай інфекцыі склала 15.949, ці 168,1 на 100 тысяч насельніцтва. Максімальны ўзровень захворвання ў Брэсцкай і Віцебскай абласцях — 210,6 і 246 на 100 тысяч насельніцтва адпаведна, мінімальны ў Мінску — 79,3 на 100 тысяч насельніцтва.

Cанслужба адзначае рост колькасці інфекцый рэпрадуктыўнай сферы. Колькасць выпадкаў захворвання на мікаплазмоз у Беларусі павялічылася на 11,7% (у Мінску — на 32,3%, Віцебскай вобласці — на 26,6%, Магілёўскай вобласці — на 52,7%).

Медыкі тлумачаць павелічэнне захворвання ўкараненнем новых высокатэхналагічных метадаў лабараторнай дыягностыкі ўзбуджальніка інфекцыі. У Беларусі таксама адзначаецца прыкметны прырост — на 35,3% — выпадкаў кандыдозу мочапалавых органаў.

Пры гэтым узровень захворвання на генітальны герпес, урэаплазмоз і бактэрыяльны вагіноз знізіўся.

У цэлым колькасць зарэгістраваных інфекцый рэпрадуктыўнага тракту ў 2009 годзе склала 149.492 выпадку, ці 1.575,8 на 100 тысяч насельніцтва. Санслужба падкрэслівае, што зніжэнне ўзроўню захворвання на ІППШ з’яўляецца актуальнай задачай аховы здароўя, паколькі такія інфекцыі маюць сур’ёзныя наступствы ў выглядзе рэпрадуктыўных ускладненняў і павышаюць рызыку злаякасных новаўтварэнняў мочапалавых органаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?