16.02.2010 / 00:30

Б’юць не за польскасць, а за дзёрзкасць 23

Непакорлівы звяз палякаў проста патрапіў пад раздачу. Не столькі паводле этнічнай прыкметы, колькі менавіта таму, што ўпарты. Піша Аляксандр Класкоўскі.

Вялікі электаральны сезон беларускія ўлады пачынаюць у сваім рэпертуары. Абкладваюць апазіцыю чырвонымі сцяжкамі на мясцовых выбарах (вось тут, тут і тут — карацей, амаль усюды, акрамя сабачых выганаў — збіраць подпісы ніз-зя!). Даюць дыхту «Маладому фронту» на дзень святога Валянціна. Нарэшце, ізноў узяліся калашмаціць непрызнаны звяз палякаў. Што, да д’ябла Еўропу, капец дыялогу?

У панядзелак затрыманы дзясяткі актывістаў СПБ. Не ведаю, як перакласці заходнікам, але ў нас гэта завецца хапуном.

Актывісты накіроўваліся ў Валожын падтрымаць на судзе лідэра мясцовай суполкі Тэрэсу Собаль, але самі патрапілі пад хуткі суд. У польскіх вярхах ліхаманкава раяцца: як рэагаваць? Падтрымка дыяспары — важны кампанент замежнай палітыкі Варшавы. Дый проста справа гонару для амбіцыйных палякаў.

Напярэдадні ў Мінску падобным хапуном завяршылася акцыя МФ на дзень святога Валянціна. Таццяна Шапуцька, выключэнне якой з універсітэта за паездку ў Брусель на Форум грамадзянскай супольнасці ўжо абурыла Еўропу, цяпер атрымала яшчэ і чэрапна-мазгавую траўму.

У назіральнікаў можа скласціся ўражанне, што распрацоўшчыкі такіх бліскучых аперацый думаюць наогул не галаўным, а, скажам так, спінным мозгам.

Навошта тупа раздражняць Еўразвяз, калі толькі-толькі наладзілі праславуты прагматычны дыялог? Грошы ж на падтрымку штаноў у перыяд крызісу ідуць якраз з праклятага Захаду. А Расія дзесьці нават са здзекам дае зразумець, што дурніца скончылася. І што, наадварот, час саступаць актывы.

Сярод палітолагаў модным стаў тэзіс: маўляў, польская дыяспара для ўладаў Беларусі з іх саўковым менталітэтам — гэта нейкая пятая калона. Мроіцца экспансія чортавых лацінцаў. Адарвуць Гродзеншчыну з Брэстчынай — і вокам не міргнуць.

Бадай, не без таго: адпаведны пункцік у тутэйшага начальства прысутнічае. Аднак мінскі аналітык Андрэй Фёдараў з такой трактоўкай спружынаў сюжэту не зусім згодны. На яго думку, «у вярхах вельмі добра ўсведамляюць: сама па сабе такая структура, як СПБ, ніякай рэальнай пагрозы для іх не ўяўляе. Але яны вельмі асцерагаюцца: варта хаця б раз паказаць слабасць — у іх уласным, вядома, разуменні, — рана ці позна сітуацыя можа стаць некіраванай».

Гэта, мабыць, бліжэй да праўды.

Непакорлівы звяз палякаў проста патрапіў пад раздачу. Не столькі паводле этнічнай прыкметы, колькі менавіта таму, што ўпарты. Упартасць жа сілкуецца, што зусім не сакрэт, падтрымкай Варшавы. Але гэта ўжо рэч другасная.

Сімвалічна, што з разбежкай у дзень учынілі два рознаскіраваныя хапуны — супраць нібыта агентаў уплыву Варшавы і супраць маладой генерацыі беларускіх нацыяналістаў з МФ. Душаць усё, што варушыцца.

Паралельна ціснуць на тых, хто сабраўся вылучацца ў кандыдаты без папытання, «супроць шэрсці». Гэтак жа прэсінгуюць і меркаваных членаў іх камандаў. Прычым пасля скандалу з партыйнымі настаўнікамі, якіх прапрацоўвалі групай на ўзроўні мінскай абласной вертыкалі, дзяржапарат, паводле слоў партыйных актывістаў, стаў дзейнічаць без шуму і пылу. Латэнтна. Як у вядомым рэкламным роліку: «Трэба з ім папрацаваць… Па індывідуальнай праграме».

Пасля «шчырых размоў» з сур’ёзнымі дзядзькамі то адзін, то другі патэнцыйьны вылучэнец апазіцыі на мясцовых выбарах выпадае з абоймы. Выбары ж па-любому нулявыя — і што да рэсурсаў, і што да шанцаў — а вось жыць у сваім раёне, дзе ўсё пад каўпаком, давядзецца і пасля кампаніі.

Ну, а супраць тых, хто пойдзе да канца, будзьце ўпэўнены, ужывуць пры патрэбе і арсенал болей жорсткі.

Хаця на мясцовых выбарах асабліва шчыраваць, мабыць, не прыйдзецца: не той напал. А вось прэзідэнцкая кампанія, калі «стаўка большая чым жыццё», не дапускае сантыментаў у прынцыпе.

Вядома, з Еўропай сварыцца непажадана, але захаванне ўлады — гэта для цяперашняга кіраўніцтва Беларусі такая звышкаштоўнасць, на фоне якой цьмянеюць усе замежнапалітычныя трэнды і брэнды.

Тым болей што пад брэндам Еўразвязу моцнай палітыкі ў беларускім пытанні не назіраецца. У мінскіх кабінетах прасеклі: Брусель ужо ўлез па вушы у каляіну нармалізацыі. Сёння стала выразна бачна, што гульня па вялікім рахунку ідзе на ўмовах Мінска. Выціснуць з беларускіх уладаў заліковую дозу палітычнай лібералізацыі практычна немагчыма.

Цяпер вось польскі прэм’ер Дональд Туск заяўляе, што пернік у дачыненні да Мінска гэтак жа не працуе, як не спрацаваў і бізун. Трэба, маўляў, ізноў мяняць стратэгію.

Але, па-першае, брусельскім стратэгам не хочацца прызнаваць, што аказаліся — гм-гм! — трохі наіўнымі. Па-другое, а якімі рычагамі можна націснуць на Лукашэнку?

Тое, што Варшава рыхтуе нейкі чорны спіс неўязных (нібыта ўнясуць туды лідэраў афіцыёзнага звязу палякаў), для беларускага кіраўніцтва страх не вялікі. Ад таго, што ў Польшчу не пусцяць, скажам, пана Станіслава Сямашку, у Адміністрацыі прэзідэнта, самі разумееце, валасы на сабе рваць не стануць.

Дык чым жа праняць?

Даўным-даўно амерыканскі сенатар Марк Хэнна пажартаваў: «У палітыцы важныя толькі дзве рэчы. Першая — грошы, і я забыўся, якая другая».

Мінск спавядае гэту максіму на поўным сур’ёзе, апантана. Да высмоктвання грошай у выглядзе льготаў (танныя газ, нафта і г.д.) звёўся ўвесь маскарад «братэрскай інтэграцыі» з Расіяй. Захад для аўтарытарнага беларускага рэжыму — таксама не болей чым грашовы мяшок. А ўсе свае дэмакратычныя каштоўнасці няхай, мякка кажучы, трымае пры сабе.

Не тое што тутэйшае начальства спецыяльна цвеліць Еўразвяз. «Польскі фронт», дый любы іншы, дапамагае замежнай палітыцы як хваробе кашаль. Але без унутраных палітзачыстак адбудаваная тут сістэма не можа.

Трэба падтрымліваць узровень страху. Ліпкі, брыдзенькі паўсядзённы страх — гэта як змазка для «беларускай мадэлі».

Ну, а за адным махам атрымліваецца і тэст на ступень талерантнасці Еўропы да такіх вось перыядычных лакальных наездаў-хапуноў.

Еўропа чухае рэпу. Быццам і не назавеш крывавай дыктатурай, хоць і свабодай не пахне. Вязкі прэсінг з пунктавымі ўколамі, каб больш дзёрзкія не надта выступалі. Маса ж апалітычная і пагружана ў пытанні побытавага самавыжывання. Гэта галоўная акалічнасць, якая развязвае рукі ўладаносцам. А млявыя сентэнцыі з Бруселя і Страсбурга — не калышуць.

Калі яшчэ і пальюцца, напрыклад, анансаваныя кітайскія грошы (лік на мільярды долараў), то дыялог з Еўропай можа аказацца і зусім справай факультатыўнай. Гэта адзначалася на нядаўняй канферэнцыі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.

Праўда, усход — справа тонкая. Ці, наадварот, тоўстая — калі мець на ўвазе замашкі адной добра вядомай «энергетычнай імперыі». Так што заходнія грошыкі могуць яшчэ спатрэбіцца.

І таму, хутчэй за ўсё,

Мінск з Бруселем прадоўжаць рыпучы дыялог на розных мовах. Млява сварачыся часам з нагоды якога-небудзь чарговага хапуну.

Аляксандр Класкоўскі, БелаПАН.

0
sid / Адказаць
16.02.2010 / 13:28
Ай-яй-яй, сп. Класкоўскі, як не сорамна. Што ж вы супярэчыце афіцыйнай думкі НН, агучанай у артыкуле сп. Тумара "Лукашэнка разыгравае..." Як так " не столькі па этнічнай прыкмеце..." Не харашо гэта, супраць начальства ісці. Вы б яшчэ заявілі, што і Лубянка тут не пры чым. Заявілі бы, калі б не баяліся абструкцыі ад сп. Ката.
0
2 sid / Адказаць
16.02.2010 / 13:48
Генштаб РФ: Польша становится приоритетным объектом для ядерного удара. В случае размещения Польшей на своей территории элементов американской противоракетной обороны (ПРО), она становится "приоритетным объектом" для удара противодействующих средств РФ. После недавнего изменения военной доктрины РФ это стало включать и ядерный удар. Об этом заявил зам. начальника Генштаба РФ А. Ноговицын. Россия и Белоруссия отработали ядерный удар по Польше Учебный ядерный удар по территории Польши и высадка десанта на побережье этой страны были отработаны в ходе недавних совместных учений российских и белорусских военных, сообщает Telegraph . Учения под названием «Запад» имели оборонный статус, несмотря на очевидно агрессивный характер. Кроме этого, по сценарию военные подавляли акции протеста нацменьшинств в Белоруссии. В этой стране проживает значительная польская диаспора... Россия может нанести ядерный удар в ответ на применение силы к союзникам. В новой военной доктрине, которую Медведев подписал на прошлой неделе, говорится, что Россия оставляет за собой право применить ядерное оружие в случае как ядерной, так и неядерной агрессии против себя и союзников. В числе основных военных угроз в документе значатся: создание и подготовка незаконных вооруженных формирований, их деятельность на территории РФ или на территориях ее союзников... Россия готова защитить Белоруссию от внешней угрозы. Россия рассматривает вооруженное нападение на государство - участника Союзного государства или любые действия с применением военной силы против него как акт агрессии против Союзного государства и осуществит ответные меры. Участниками Союзного государства сейчас являются Беларусь и Россия. Среди основных внешних военных опасностей в новой военной доктрине РФ рассматривается: развертывание (наращивание) воинских контингентов иностранных государств (групп государств) на территориях сопредельных с РФ и ее союзниками государств; территориальные претензии к РФ и ее союзникам; вмешательство в их внутренние дела... Міліцыя заняла Дом Польскі ў Івянцы; Хапун кіраўніцтва Саюза палякаў; ...
0
Scooter / Адказаць
16.02.2010 / 14:18
А ў самой польшчы там ніякіх выбараў у скорым часе ні чакаецца? Мо гэта яны там разгульваюць "карту паляка" такім вось чынам? Кшталту каб паказаць мясцоваму ляхтарату, як моцна яны клапоцяцца пра "суайчыньнікаў" за межамі польшчы?... Бо неяк мне здаецца занадта штучным, як быццам спецыяльна кімсьці справакаваным, гэты канфлікт. Дарэчы наконт лубянкі... Вунь пасьля "вакацый" Лукашэнкі ў Швайцарыі маскалі сталі заяўляць пра ўвядзеньне мытных пошлін на газ, які пастаўляцца ў Беларусь. Хочуць паказаць, што ён у іх "на кручку". І каб ні спрабаваў "павесьці краіну за цывілізаваным сьветам" і г.д. Магчыма і "польскі канфлікт" - таксама іхных рук справа, а дакладней, рукамі польскіх уладаў, але паводле іхняй, лубянскай, задумцы. Відавочна, для той жа мэты - каб абвострыць канфлікт паміж Лукашэнкам і Захадам і ні даць Беларусі "адарвацца" ад рашы.
Паказаць усе каментары/ 23 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру