У праваслаўных і ўніятаў пачаўся Вялікі пост. Што значыць гэтая традыцыя? Як яе трымаць? Расказвае протаярэй Аляксандр Шымбалёў, клірык мінскага Свята-Духавага кафедральнага сабору, кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі.

Пра што трэба думаць найперш, калі мы гаворым пра пост?

Найперш трэба думаць пра духоўны сэнс пасту, пра тое, што пост – гэта наша ахвяра Богу, каторай мы аддаём дзесяціну дзён свайго году.

Вялікі пост быў уведзены ў глыбокай старадаўнасці для таго, каб людзі не забывалі пра Хрыстовы пакуты і смерць на крыжы. Таму пост як ахвяра Богу, як час духоўны патрэбны нам для роздумаў пра нашае жыццё, пра тое, навошта мы прыйшлі ў гэты свет і ці правільна мы жывём. Гэта час, калі мы абмяжоўваем сябе ў задавальненнях, забавах і ежы.

Часам узнікае адчуванне, што пост успрымаецца найперш як дыета. Ці сапраўды людзі задумваюцца ў гэты час, ці з нейкіх прычын ставяцца да посту не вельмі сур’ёзна?

Я думаю, людзі задумваюцца пра сапраўдную сутнасць посту, таму што ў гэты час нашмат болей людзей прыходзяць у храмы. Калі ў нас у саборы сярод году да споведзі і прычасця прыходзіць чалавек трыста, то ў нядзелю падчас Вялікага пасту гэтая лічба можа павялічыцца да сямісот-тысячы чалавек. Бачна, што людзі духоўна ўспрымаюць гэты час, бо дыета без духоўнай працы не мае сэнсу. Пост – гэта найперш час роздумаў, малітвы, гутарак з Богам. Які сэнс, калі мы перастаем есці, але ямо адзін аднаго?

Якія правілы трэба выконваць падчас пасту? Якія прадукты можна ўжываць?

Ёсць строгі статут посту, і калі яго прытрымлівацца, то ў Вялікі пост не дазваляюцца мяса, малочныя вырабы, яйкі і рыба ў большасці дзён. Рыба дазваляецца толькі ў свята Дабравешчання і ў Вербную нядзелю.

Але царква лічыць, што чалавек павінен пасціцца ў меру сваіх сіл. Калі чалавек не можа вытрымаць гэты статут, не трэба яго прытрымлівацца.

Ці можна есці морапрадукты падчас посту?

Морапрадукты ў большасці дзён посту есці можна, бо гэта не рыба. Напрыклад, у Грэцыі нават у статуце ёсць згадка, што рыбу есці нельга, а морапрадукты можна.

Ёсць такія дні, калі мы наагул нічога не ямо. Напрыклад, Вялікая Пятніца – гэта дзень строгага посту, калі нічога не паложана есці. У самыя першыя дні паводле статуту прадпісваецца сухаядзенне: трэба есці негатаваную ежу, тую, каторая не гатуецца. Акрамя таго, у сераду і пятніцу не дазваляецца алей.

Ці можна падчас паста наведваць салоны прыгажосці, дыскатэкі, адзначаць вяселлі?

Мы б раілі вяселлі перанесці, дыскатэкі не наведваць, таму што пост – гэта духоўны час, у які не трэба распальваць плоць і асабліва весяліцца. Паводле традыцыі мы нават імкнёмся ў госці не хадзіць, таму што наведванне гасцей – гэта заўсёды весялосць. Я б раіў у пост абмежаваць прагляд тэлевізійных праграм і перадач, асабліва бессэнсоўных, забаўляльных. Можна глядзець пазнавальныя, навукова-папулярныя праграмы, навіны – яны не маюць асаблівага ўздзеяння на пачуцці.

Ці можна весці інтымнае жыццё падчас посту?

Падчас посту ад яго лепш устрымацца, наколькі гэта магчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?