План прыёму ў ВНУ на бюджэтную форму навучання сёлета павялічаны на 626 чалавек. Як паведамілі ў Міністэрстве адукацыі, усяго ў ВНУ на навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту плануецца прыняць 33.320 чалавек.

Набор будзе павялічаны на тэхнічныя, тэхніка‑тэхналагічныя, будаўнічыя і энергетычныя спецыяльнасці, а таксама на спецыяльнасці, звязаныя з атамнай энергетыкай і інфармацыйнымі тэхналогіямі.

У ВНУ сістэмы Мінадукацыі набор павялічыцца на 350 бюджэтных месцаў, МУС — на 200, дэпартамента па авіяцыі Мінтранса — на 41.

Некалькі бюджэтных месцаў будзе дабаўлена ў ВНУ, падпарадкаваных Міністэрству культуры і Міністэрству спорту і турызму. Упершыню Акадэміі кіравання пры прэзідэнце сёлета выдзелена 15 бюджэтных месцаў на завочную форму атрымання адукацыі.

Што да навучання на ўмовах аплаты, то да пачатку ўступнай кампаніі кожная ВНУ вызначыць колькасць месцаў у межах ліцэнзіі.

Уступная кампанія пачнецца ў тыя ж тэрміны, што і ў 2009 годзе. З 5 па 31 сакавіка пройдзе рэгістрацыя на прафесійна‑псіхалагічнае сумоўе для паступлення на асобныя спецыяльнасці, а з 5 па 30 красавіка — сумоўе.

Летась прыём у ВНУ быў павялічаны на 2,8 тыс. месцаў у параўнанні з 2008 годам у сувязі з ростам колькасці выпускнікоў агульнаадукацыйнай школы з 90 да 99 тысяч. У мінулым годзе прыём у ВНУ склаў 94,2 тыс. чалавек, з якіх 32,7 тыс. паступілі на бюджэтную форму атрымання адукацыі.

На праходжанне цэнтралізаванага тэставання ў 2009 годзе зарэгістравалася больш за 175 тыс. чалавек, палова з якіх — выпускнікі школ, ліцэяў і гімназій бягучага года, астатнія — выпускнікі ПТВ, ССНУ і выпускнікі мінулых гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?