Міністэрства юстыцыі мяркуе, што аргкамітэт па стварэнні партыі »Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) парушыў парадак правядзення ўстаноўчага з’езда.

Пра гэта 16 лютага ў Вярхоўным судзе пры разглядзе пазова БХД да Мінюста аб нерэгістрацыі партыі паведаміў прадстаўнік Мінюста Яўген Какуша.

Паводле яго слоў, у дакументах, пададзеных заснавальнікамі БХД у Мінюст, паведамляецца, што ва ўстаноўчым з’ездзе партыі ўзялі ўдзел 311 дэлегатаў. «Выбарачная праверка паказала, што чацвёра з гэтых дэлегатаў у з’ездзе не ўдзельнічалі. Такім чынам, дакументы, перададзеныя ў Мінюст, не адпавядаюць сапраўднасці», — заявіў Какуша.

Апрача таго, паведаміў ён, на падставе даведак, атрыманых з аддзелаў унутраных спраў,

16 чалавек не зарэгістраваны па адрасах, адзначаных ва ўстаноўчых дакументах, а ў дачыненні да яшчэ 13 дапушчаны недакладныя напісанні іх прозвішчаў і дат нараджэння.

Некаторыя людзі са спісу заснавальнікаў БХД заявілі, што не з’яўляюцца заснавальнікамі арганізацыі.

Какуша заявіў, што ў Мінюст павінны падавацца дакументы дакладнымі звесткамі, а паколькі ў дакументах БХД дапушчаны недакладнасці, апрача таго, мандатная камісія не праверыла паўнамоцтвы дэлегатаў з’езда, то гэтыя памылкі носяць непапраўчы характар, і адмова Мінюста ў рэгістрацыі БХД поўнасцю абгрунтавана.

У адказ на гэта прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што ў дакументах, пададзеных у Мінюст, указваецца не месца рэгістрацыі або прапіскі, а месца пражывання чалавека. Недакладнасці ў напісанні прозвішчаў і дат нараджэння можна выправіць.

«Тыя, хто заявілі, што яны не з’яўляюцца заснавальнікамі БХД, зрабілі гэта пад націскам.

Што да з’езда, то ён быў легітымны і пры прысутнасці больш як паловы дэлегатаў чатыры чалавекі ролі не адыгрываюць. І нават калі прыняць прэтэнзіі Мінюста па 37 заснавальніках БХД з пададзенага спісу ў 1.051 чалавек — усё роўна заснавальнікаў партыі больш за тысячу, і Мінюст павінен быў яе зарэгістраваць», — мяркуе Рымашэўскі.

Рымашэўскі таксама заявіў хадайніцтва аб выкліку ў суд сведак з боку аргкамітэта па стварэнні БХД. Суд гэтае хадайніцтва задаволіў і ў другой палове дня 16 лютага пачне апытанне сведак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?