За апошнія 15 гадоў сфэра ўжытку беларускай мовы, на вялікі жаль, скарацілася – у прыватнасьці, у мэдыях. І адказнасьць за гэта нясуць ня толькі ўлады, але й грамадзтва. У тым ліку, журналісты недзяржаўных СМІ.

Гэтую даволі нескладаную тэзу некаторыя з калегаў успрынялі па-свойму. Давялося чуць меркаваньне, быццам я заклікаю ўсіх бегчы ў беларускія выданьні, а расейскамоўныя газэты -- зачыніць. Бегчы, ясная справа, нікуды ня трэба. Усім варта заставацца на сваіх месцах і займацца сваёй справай.

Апошнія падзеі – паведамленьне аб «рэформе» беларускай мовы – вымушаюць вярнуцца да гэтай тэмы.

Мы пакуль ня ведаем зьместу «рэформы». Як заўсёды, усё вырашаецца (ці ўжо вырашана) за нашымі сьпінамі, ў чыноўніцкіх кабінэтах. Нават акадэмікам, сярод якіх большасьць служыць цяперашняй уладзе і гатовая падтрымаць любую ініцыятыву зьверху, улада не давярае. Рэформа даручаная Міністэрству адукацыі. Пры гэтым ключавую ролю тут адыгрывае ня слова «адукацыя», але слова «міністэрства». Можна не сумнявацца, яно хутка і бязь лішняга шуму выканае даручэньне кіраўніка дзяржавы. Тым больш, што перад гэтым міністэрства ўжо дазволіла выкладаць у школах гісторыю Беларусі па-расейску, спаслаўшыся на пажаданьні бацькоў.

Зразумела, што мову сама сабою ніякая рэформа ня зьменіць, як не зьмяніла яе наркамаўка. Нікуды не падзеліся ў вымаўленьні мяккія знакі альбо «дз» і «дж», «ў». Нават калі забараніць іх у адміністрацыйным парадку, ці пачаць штрафаваць за «дзеканьне», пераважная большасьць беларусаў ня змогуць гаварыць інакш, як размаўлялі іхныя дзяды. І ніхто не забароніць у прыватным ліставаньні карыстацца клясычным правапісам.

З другога боку, калі б нават загадам у школах увялі «тарашкевіцу», гэта не прывяло б, зразумела, да імгненнага росту нацыянальнай сьвядомасьці, росквіту беларускай культуры й літаратуры. А ўжо як абураліся б бацькі – пэўна, ня менш за прыхільнікаў расейскай мовы ў Латвіі…

Але справа ня ў гэтым. Адміністрацыйная рэформа мовы, ды яшчэ праведзеная такім шляхам – гэта чарговы плявок у твар беларускай інтэлігенцыі: настаўнікам, выкладчыкам, навукоўцам, пісьменьнікам, журналістам. І чарговым разам, можна не сумнявацца, інтэлігенцыя ўтрэцца. Ніякіх пратэстаў з боку настаўнікаў, а тым больш школьнікаў і студэнтаў ня будзе. Будуць пратэсты з боку БНФ, некаторых іншых палітычных партый, на якія ўлады ня зьвяртаюць аніякай увагі. Магчыма, будуць асобныя пратэсты з боку некаторых пісьменьнікаў (пазбаўленых Дому літаратараў) і беларускіх журналістаў.

Журналістам расейскамоўных выданьняў, пэўна, стане прасьцей. Яны змогуць браць прыклад са сваіх калег з салідных расейскіх выданьняў, якія ўжо зараз пішуць не Васіль Быкаў, а Василий Быкаў, не Беларусь, а – Белоруссия. Ужо цяпер на расейскамоўных беларускіх сайтах паведамленьні на тэму «рэформы» падыходзяць пад рубрыку «рознае», дзе яны могуць стаяць побач з паведамленьнем, напрыклад, аб тым, што расейская сьпявачака Жасьмін разьвялася з мужам. Лёс Жасьмін беларускага абываталя, напэўна, хвалюе больш, чым лёс беларускай мовы. Ён на гэтых «жасьмінах» узгадаваны.

Пытаньне ў тым, наколькі лёс мовы цікавіць журналістаў. Заўтра ў нас пачнуць адбіраць імёны – нельга будзе афіцыйна падпісвацца Алесем, Кастусём, Янкам, Янінай, Аленай, Ганнай, а толькі Аляксандрам, Канстанцінам, Іванам і г.д. Неймаверна? Але калі дзяржава лічыць сябе ў праве манапалізаваць словы «беларускі» і »нацыянальны», чаму яна ня можа распараджацца нашымі імёнамі? Кажуць, імя – гэта частка душы чалавека. Ці гатовыя мы на зьдзелку з д’яблам? Ці яна ўжо адбылася?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?