Каля Мінска могуць з’явіцца ажно дзевяць гарадоў-спадарожнікаў не далей за 50 кіламетраў у сталіцу, а таксама агромністы катэджны пасёлак. Куды ўлады збіраюцца ўпіхнуць новых мінчан?

Прэч са сталіцы

У сталіцы ўжо жыве каля 1,8 мільёна жыхароў. Кіраўніцтвам дзяржавы пастаўленая задача – колькасць насельніцтва не павінна перавысіць двухмільённы паказчык. Дзеля гэтага была кардынальна змененая гарадская палітыка. Раней перад Мінскам ставіліся мэты нарошчваць аб’ёмы будаўніцтва штогод – напрыклад, у гэтым годзе трэба здаць 1,7 мільёна квадратных метраў жылля (праўда, гэтая лічба хутчэй з разраду гучных мараў). З гэтага году планку апусцілі амаль на траціну – каля 1,2 млн кв. м. Ранейшыя праекты будуць рэалізоўвацца, але новым інвестарам прапануюць суцішыць пыл.

Новая мятла Ладуцькі

Каб кампенсаваць недахоп жылля, сталічныя ўлады выбралі два новыя кірункі дзейнасці. Па-першае, будуць будавацца новыя катэджавыя пасёлкі. Адзін з іх з’явіцца непадалёк ад МКАД і будзе змяшчаць каля 5-7 тысяч дамоў. Рашэнне насамрэч эпахальнае, бо ранейшы мэр Мінска Міхаіл Паўлаў імкнуўся усяляк зменшыць аб’ём прыватнага сектара. Цяперашні, Мікалай Ладуцька, пакуль толькі выконвае абавязкі страшыні Мінгарвыканкама, але ўжо даў дабро на змену вектара.

Другое ноў-хаў, пра якое шмат казалася апошнім часам, пачне рэалізоўвацца ўжо ў наступным годзе. Гаворка ідзе пра гарады-спадарожнікі каля Мінска.

Што гэта такое? Спадарожнікі – невялікія гарадкі, якія знаходзяцца каля мегаполіса і дазваляюць абмяжоўваць шматмільённае насельніцтва цэнтра. Фактычна яны знаходзяцца ў адной эканамічнай зоне і шчыльна звязаныя з цэнтрам транспартам. Даехаць са спадарожніка да цэнтра займае столькі ж часу, як са звычайнага спальнага раёна. Па шляху іх стварэння пайшлі многія перанаселеныя гарады – Масква, Парыж, Берлін… Цяпер чарга дайшла і да Беларусі.

Калі пабудуюць – убачым

Міністр архітэктуры і горадабудаўніцтва Аляксандр Селязнёў заявіў, што ў перспектыве можа з’явіцца дзевяць такіх гарадкоў. Пакуль што рашэнне прынятае пра пяць з іх. Самае дзіўнае, што ўлады ўсяляк хаваюць інфармацыю пра канкрэтныя месцы, баючыся апярэдзіць рашэнне, прынятае на самым высокім узроўні.

Начальнік упраўлення горадабудаўніцтва Камітэта па архітэктуры і горадабудаўніцтву Мінгарвыканкама Сяргей Казлоўскі паведаміў, што інфармацыю пра дзевяць спадарожнікаў паведамляць зарана. На яго думку, такія рашэнні павінны спачатку быць вырашаныя ва ўрадзе.

Дырэктар Беларускага НДІ горадабудаўніцтва Ларыса Смірнова расказвае пра іншыя прычыны маўчання ўладаў. Яна тлумачыць завесу таямніцы клопатам пра мінчан. Маўляў, нашто ім паведамляць планы, калі ўсё яшчэ можа змяніцца? А людзі ўжо настрояцца адпаведным чынам, і ім будзе непрыемна…

Размовы – пакуль няпэўныя – вядуцца наконт наступных гарадоў – Дзяржынск, Жодзіна, Фаніпаль, Смалявічы, Узда, Рудзенск, Заслаўе і Лагойск. Вельмі аддаленыя перспектывы маюць Жодзіна і нават Стоўбцы (ажно 80 кіламетраў ад Мінска!)

Тры першынцы

Дакладна названыя ўсяго тры кропкі – Смалявічы, Заслаўе і Дзяржынск. На іх ужо распрацоўваецца дакументацыя. У першым паўгоддзі 2011 года мяркуецца развіццё інфраструктуры, а ў другім – пачатак будаўніцтва.

Смалявічы знаходзяцца за 35 кіламетраў на паўночны ўсход ад Мінска. Пакуль што там жыве каля 15 тысяч чалавек. Кватэры ў горадзе пакуль таннейшыя за мінскія. Розніца складае прыблізна $100-200.

Са словаў Ларысы Смірновай, цяпер інстытут горадабудаўніцтва стварае генеральны план горада. Хутчэй за ўсё пад будаўніцтва будзе выдзеленая пляцоўка памерам 1-1,3 мільёна за межамі райцэнтра. Там змогуць жыць каля 50 тысяч чалавек.

У тройку патрапілі таксама Дзяржынск і Заслаўе. Кошт квадратнага метра ў іх таксама розніцца з мінскім прыблізна на $200.

Жыхароў спадарожнікаў не павінна хваляваць пытанне транспарту – апроч маршрутак і электрычак з'явяцца спецыяльныя хуткасныя трамваі ці загарадныя тралейбусы. У такім выпадку «Белкамунмашу» хопіць заказаў на гады наперад.

А ці будзе хлопчык?

Ларыса Смірнова не верыць, што будуць пабудаваныя ўсе дзевяць гарадоў-спадарожнікаў. На яе думку, пакуль што ідуць размовы пра тое, які горад падыходзіць для вызначаных мэтаў у большай ці меншай меры. Камусьці пашанцуе, але большасць гарадоў застанецца ў цяперашнім статусе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?