Сяргей Новік-Пяюн па натуры быў чалавек неспакойны, турботны, ні хвілінкі ня мог пасядзець на адным месцы. Ва ўсялякім разе мне ён такім запомніўся, калі я адведваў яго на ягонай менскай кватэры. Яму гэтак хацелася мне шмат чаго распавесьці, паказаць, і ён падхопліваўся з крэсла і бег шукаць то якіясь фатаздымкі, то дзёньнікавыя запісы. Мне гэта, безумоўна, усё было надзвычай цікава, але на гэты раз хацелася проста паслухаць ягоныя амплітудныя расповеды пра яго няпростае, зігзагава-маланкавае жыцьцё. Я папрасіў яго не мітусіцца, пасядзець са мною якую хвілінку ціха і распавесьці самыя цікавыя моманты зь ягонага жыцьця.

– Браток мой! – сказаў ён, прыпыніўшыся, – калі я распавяду табе пра самыя цікавыя моманты свайго жыцьця, зьбярэцца не на адну кнігу. Але табе дастаткова на першы раз толькі адно ведаць: от ты кажаш: «Сядзь, пасядзі!» А я ж, браток, за ўсімі ўладамі сядзеў. За палякамі сядзеў. За немцамі сядзеў. За Саветамі сядзеў. То дазволь мне хоць трохі пахадзіць!» – згарэзіў ён і згадаў такія старонкі з свайго жыцьця, што і напраўду тых аповедаў яго хапіла б не на адну кнігу. Сьцісла, але на густым замесе пададзены ў бібліяграфічным слоўніку «Беларускія пісьменьнікі» аўтабіяграфічныя зьвесткі пра яго. То пакарыстаюся паслугаю згаданага даведніка (Т.V. С. 397–398).

«Новік-Пяюн Сяргей ... нарадз. 14/27/8.1906, в.Лявонавічы. Зь сялянскай сям’і. С.Новік-Пяюн вучыўся ў Нясьвіскай рускай гімназіі (1918–24), на беларускіх настаўніцкіх мэтадычна-пэдагагічных курсах у Вільні (1925–26), дзе атрымаў званьне беларускага настаўніка. У 1926 стварыў у роднай вёсцы Лявонавічы беларускі народны хор і беларускі народны тэатар, якімі кіраваў сам. Арганізаваў гурток ТБШ, беларускую бібліятэку і тайныя школы ў Лявонавічах і суседніх вёсках, за што быў высланы польскімі ўладамі ў г.Сьвеце над Віслай, дзе прабыў амаль 5 гадоў (1926–31). Вярнуўшыся адтуль, у хуткім часе зноў быў арыштаваны і высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім. У 1939 польскай паліцыяй адпраўлены ў турму г.Баранавічы, адкуль вызвалены Чырвонай Арміяй у час паходу ў Зах.Беларусь. ... У чэрвені 1941 у час нямецкага бамбаваньня быў паранены. Разам з заснавальнікам музэю археолягам І.Стаброўскім вынес музэйныя экспанаты на ўскраіну гораду і схаваў у падвале. ... Забясьпечваў партызан паперай для ўлётак, мэдыкамэнтамі, распаўсюджваў улёткі Саўінформбюро. У 1943 арыштаваны слонімскім СД і засуджаны да пакараньня сьмерцю. ... У час расстрэлу быў паранены, прыкінуўшся мёртвым, і гэта выратавала яго. 12 ліпеня 1944 разам з партызанамі прыйшоў у разбураны Слонім. Працаваў дырэктарам Слонімскага краязнаўчага музэю. 14 сьнежня 1944 па ілжывым даносе арыштаваны і зьняволены ў турму. 24 сакавіка 1945 ваенны трыбунал засудзіў яго да 10 гадоў пазбаўленьня волі і адправіў на Калыму. У 1945–58 у Якуціі рэабілітаваны. У 1959 вярнуўся на Беларусь. Жыў у Слоніме, Нясьвіжы, з 1960 – у Менску».

Як бачым, Сяргей Новік-Пяюн прайшоў праз усе выпрабаваньні. Выжыў, выдужаў. І выдужаць яму дапамагла глыбокая вера ў свой народ, у моц роднага слова. Менавіта за глыбокую веру ў сваё роднае слова ён прыняў столькі пакутаў. Яго даўно трэба было залічыць да ўсіх сьвятых Беларусі.

Любіў дзяцей. У Заходняй Беларусі выдаваў для іх часопіс «Заранка», а на сваёй менскай кватэры стварыў зь дзецьмі патрыятычны клюб. Невыпадкова адзін зь ягоных псэўданімаў быў Малады Дзядок. Ведаў не адну мову. Сярод іх эспэранта. На ўсіх гэтых мовах ён пісаў.

Першы раз я напаткаў Сяргея Новіка-Пеюна на ягонай менскай кватэры 19 кастрычніка 1978 году. Прыгадваецца: адзіны пакой там быў увесь у фатаздымках, партрэтах, малюнках. Гэта былі пераважна партрэты беларускіх дзеячоў: Скарыны, Каліноўскага, фатаздымкі сяброў і паплечнікаў: Міхася Забэйды, Рыгора Шырмы, Максіма Танка... За шырмай, пры ложку, фатаздымкі родных і блізкіх: матулі, бацькоў, сястры...

Апошнім часам Сяргей Новік-Пяюн жыў адзін, і часта яго маўклівымі субяседнікамі былі постаці, адбітыя на гэтых партрэтах. Пра кожнага зь іх ён мог распавядаць доўга і цікава. Зрокава памятаю: у адным нататніку чырвоным атрамантам былі запісы пра Самойлу. Я хацеў іх ці чытаць, ці займець копію. Ці то гэта адклалі на потым. Але гэтага «потым» чамусь не было, на жаль...

Хай жа ўрокі мужнасьці Сяргея Новіка, які стаўся Пеюном, будуць для нас усіх узорам адданасьці.

Зорачкі

Словы і музыка Сяргея Новіка Пеюна

Прысьвячаю сваім бацькам

Дні прыходзяць, дні адходзяць, дні лятуць,
Быццам рэк бурлівых хвалі ўдаль плывуць.
Трэці год як на выгнаньні ў чужыне
Трэба мучыцца душой і сэрцам мне

Навакол нідзе ня ўгледзіш родных хат,
Не працягне рук зычліва родны брат,
Не падзеліш нават думак зь нікім тут,
Не прыгорне ў адзіноцтве родны кут.

Ўночы зорачкі прыветліва мігцяць,
Быццам зь неба на мяне яны глядзяць...
Што чуваць, скажыце, зорачкі, вы мне
Ў маёй роднай – ды далёкай старане?

Ці татулька мой і матанька ўжо сьпяць?
Ці таксама на іх зорачкі глядзяць?..
Мо й яны пытаюць зорак аба мне,
Што раблю цяпер ў далёкай чужыне? –

Калі толькі яны родныя ня сьпяць,
Калі йшчэ цяпер на зорачкі глядзяць
Занясеце ім, пакуль ня бліснуў сьвет,
Зоркі мілыя, сыноўскі мой прывет!

І скажэце. Каб ня плакаў ні адзін,
Што ў выгнаньні мусіць мучыцца іх сын!
Прыйдзе, прыйдзе да нас хутка ясны май,
Прыляту тады, як птушка, ў родны край.

З новай верай, з новай сілай зажывём
Беларускі гімн свой родны запяём
Беларускай песьні роднае пад тон
Зааром мы і засеем свой загон.

Ўночы будзем мы на зоркі паглядаць
Што, як сёньня, будуць ў небе зіхатаць... –

Занясіце ж вы, пакуль ня бліснуў сьвет,
Зоркі мілыя, бацькам маім прывет!

Сьвеце над Віслай
29 сакавіка 1929

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?