Дзеці, якія ва ўлонні маці рэгулярна чуюць дзве мовы, маюць болей шанцаў стаць білінгвамі.
Гэтак мяркуюць навукоўцы з універсітэта Брытанскай Калумбіі, што ў Ванкувэры, і іх калегі з Францыі.
Калі немаўлятак штось цікавіць, тыя бяруцца жвавей смактаць. Дык во навукоўцы раздзялілі малеч на дзве групы — хто чуў адну мову і хто дзве. Тады далі паслухаць гаворку на дзвюх мовах і ад розных людзей.
Дзеткі з першай групы рэагавалі толькі на адну мову, а з другой — на абедзве.
Далей дзеткам з другой групы гаварылі на адной мове, пакуль ім не надакучвала, потым пераходзілі на іншую мову або змянялі чалавека, які гаварыў. Дык вось малыя рэагавалі на змену моў і не зважалі, калі на той самай мове працягваў гаварыць іншы чалавек.
З гэтага навукоўцы выснавалі, што дзеці ўжо ва ўлонні маці могуць адрозніваць мовы. Вядома, калі з імі на тых мовах размаўляць.