22.02.2010 / 17:20

Rammstein! Стой! Раз-два! 6

Хуткі ўжо канцэрт сусветнавядомага нямецкага гурту выклікаў чарговы скандал — Грамадская рада па маральнасці патрабуе папярэдняга прагляду канцэртнай праграмы.

Уключэнне Мінска ў спіс сусветнага турнэ Rammstein стала без перабольшвання падзеяй году ў музыкальным жыцці краіны. І, як і кожная грандыёзная падзея, яна не абышлася без скандалаў.

У пачатку лютага з лёгкай рукі аднаго з ЖЖ карыстальнікаў у Байнэце з’явілася інфармацыя, што група пенсіянераў напісала ліст у Мінгарвыканкам з патрабаваннем адмяніць канцэрт у сувязі з тым, што «решение о преведении концерта несвоевременно и оскорбительно для памяти защитников нашей Родины». Перш чым блогер прызнаўся, што пажартаваў, «навіну» перадрукавалі не толькі інтрэнэт-рэсурсы, але і друкаваныя выданні. А вось патрабаванне старшыні Грамадскай рады па маральнасці Мікалая Чаргінца зладзіць папярэдні прагляд праграмы, якую «Rammstein» пакажа беларускай публіцы 7 сакавіка, хоць і падобнае на кепскі жарт, было агучанае 22 лютага з усёй сур’знасцю. «Што будуць рабіць гэтыя нямецкія хлопцы, выступаючы на Мінск-Арэне, якая з’яўляецца адным з новых сімвалаў сучаснай Беларусі і якой ганарыцца ўся краіна? І як гэта ўсё суадносіцца са спецыфікай гістарычнага моманту — 65-годдзе Вялікай Перамогі, Вялікі Пост і, нарэшце, свята 8 Сакавіка», — гаворыцца ў заяве. Чаргінец настойвае на тым, каб з канцэртнай праграмай папярэдне азнаёміліся міністр культуры і чальцы рады. Інакш «у беларускай сталіцы не пазбегнуць усплёску згвалтаванняў і жорсткасці». Клопат генерала пра ветэранаў і ідэалы Перамогі быў бы цалкам зразумелы, калі б не некалькі «але».

Спробы сарваць канцэрт гурта, матывуючы гэта яго амаральнасцю і прыкрываючыся пры гэтым, як шчытом, змяшанымі ў кучу савецкімі святамі і хрысціянскімі традыцыямі, выглядаюць не проста абсурднымі, але і няшчырымі.
Усім вядома, у што ператвараецца штогадовае святкаванне 9 мая па ўсёй краіне, як толькі афіцыйная частка перацякае ў неафіцыйную. А пра ветэранаў у нас згадваюць раз на год — акурат у Дзень Перамогі. Можна зразумець клопат старшыні рады па маральнасці, зважаючы на сапраўдную скандальнасць і гурту а ягонага новага альбому, забароненага да вольнага продажу на радзіме музыкаў.
Але чаму ў такім разе на мінскіх сцэнах без усялякіх папярэдніх праглядаў выступаюць расійскія «пятлюры», «бутыркі» і «трафімы»? Ці турэмная лірыка ў меншай меры нясе шкоду такой крохкай яшчэ самасвядомасці беларусаў?
І, нарэшце, словы пра амаральнасць не вельмі пераканаўча гучаць з вуснаў аўтара рамана «Тайна Авальнага кабінета», поўнага інтымных падрабязнасцяў з жыцця прэзыдэнта ЗША Джона Макоўлі.

Сямён Печанко

0
ГЕНА / Адказаць
22.02.2010 / 17:39
«у беларускай сталіцы не пазбегнуць усплёску згвалтаванняў і жорсткасці» Так і ўяўляю сабе, як пасля канцэрту празамбаваныя падлеткі пачынаюць граміць Мінск-Арэну і мачыць адзін аднаго :)
0
Scooter / Адказаць
22.02.2010 / 19:10
Гэты маразм нагадвае адно з двух - або Чаргінец такім чынам піярыць сябе, або ён піярыць Rammstein :) Найбольш верагодна першае, бо Рамштайну такі танны піяр ні патрэбны :)
0
Міхаліна / Адказаць
22.02.2010 / 21:45
Чаргінец стварыў ППРБ з калгаснага нічога - а зараз - амаль што не пры справах. І так яму крыўдна гэта - і так хочацца заявіць усяму свету - я важны! Ад мяне шмат што залежыць - ну прыгадайце мяне, прыгадайце! Былы шэры кардынал робіць з сябе блазна, а выніку - нуль.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру