22.02.2010 / 17:17

…Разламае нашым рэкам на хрыбце магутны лёд

Для крыгалому на рэках Сож і Днепр у Гомельскай вобласці плануецца задзейнічаць ледакол.

Пра гэта 22 лютага паведаміў журналістам начальнік Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Юрый Парфяненкаў.

Ледакол, магчыма, будзе пушчаны па Дняпры ў Лоеўскім раёне і па Сожы — у Гомельскім. На Палессі па рацэ Прыпяць ледакол не зможа прайсці, таму там пры неабходнасці лёд будуць узрываць.

У выпадку вялікай паводкі ў Гомельскай вобласці могуць быць затоплены 163 населеныя пункты, з якіх плануецца

эвакуяваць прыблізна 14 тысяч чалавек.

Парфяненкаў адзначыў, што гатоўнасць усіх служб, задзейнічаных падчас паводкі, складае 99%. Аднак шэраг арганізацыйных момантаў застаюцца пакуль нявырашанымі. Да прыкладу, у Лельчыцкім раёне ёсць меліяратыўнае прадпрыемства, якое размяшчаецца на тэрыторыях Беларусі і Украіны. На гэтым тыдні павінна быць вырашана пытанне ад доступе работнікаў прадпрыемства на ўкраінскую тэрыторыю для падрыхтоўкі да паводкі.

Згодна з прагнозамі, паводка ў Гомельскай вобласці пачнецца ў сярэдзіне сакавіка.

У рэгіёне сем паводканебяспечных раёнаў. У басейне Прыпяці гэта Петрыкаўскі, Жыткавіцкі і Лельчыцкі раёны (прыток Убарць), Дняпра — Рэчыцкі і Лоеўскі, Сожа — Гомельскі і Лоеўскі, Іпуці — Добрушскі раён. Перыядычна здараюцца падтапленні ў Кастрычніцкім раёне, дзе ёсць нізкія месцы.

Апошняя значная паводка была ў Гомельскай вобласці ў 2004 годзе,

яна закранула наваколле абласнога цэнтра. Апошнія моцныя паводкі на Палессі адзначаны ў 1979 і 1999 гадах.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру