Жангліраваньне лімонкамі, акрабатыка з калахамі, што больш мне запомнілася ад сьвяточнага дня? Дзіцячы сад у камуфляжы на сцэне? Ці дзяўчаты ў камуфляжных станіках і трусах, якія выконвалі песьню дзясантнікаў?

Спэцназ, які замест небаракаў‑жабаў (абавязкова жывых, як вядома!) глынаў ці кальмары ці селядцы (я задалёка сядзеў)? Зіма! Трэскат якойсьці гіпсакардоннай цэглы, відавочна галовы ашчаджалі для рашучай бітвы з НАТО?!

Ня ведаю, ня ведаю. Гэта была нават ня зайздрасьць, прысмак яе на вуснах адно. Я таксама хачу ў белых штанах: так‑так, калі на сцэне аб’явіўся манумэнтальны цэлы палкоўнік з аксэльбантамі і барытонам распавёў пад музыку пра агонь, які б’ецца ў цёплай пячурцы. Якая служба! Салістам з палкоўніцкімі наплечнікамі! Мільёны два атрымлівае, мабыць. І пару разоў за год на сцэне па‑параднаму пафарсіць з мікрафонам у руцэ. Мабыць сувязі мае чалавек і жанчынам падабаецца, само сабой. Служба‑мёд, словам.

Так, жабы сьпяць узімку, шукай іх! Хіба гадавальнік які існуе пры спэцназе. Але гавораць, ня ведаю, ці напраўду так было, але жабы адпомсьцілі аднойчы: зачапіліся кіпцюрамі ў глонаўцы, і цэгла засталася без ужытку… Слава героям, словам. Альбо, як некалі мы завучвалі ў школе — бязумству храбрых пяём мы песьні. Лімонкі‑то ў іх там вучэбныя, хоць тут дадумаліся не зухаваць залішне. Як на мяне, пакіньце жабы ў спакою! Хай яны на паказальных выступах заглынаюць лепей ланцугі сасісак, прыкладам, ня менш відовішчна атрымаецца. Толькі хай бяруць у калгаснай краме абухаўскай, лічацца ў гарадзенцаў за найлепшыя. Хаця, як на мяне, сапсаваліся таксама апошнім часам.

Даруйце, забыўся, быў яшчэ выступ, як належыць, пра міжнароднае становішча, само сабой, і пра ўнутраныя рэсурсы нашыя. Міжнароднае, ясна, не абрадавала, я прыплюшчыў вочы і ўбачыў тое, аб чым баяў аратар з эпалетамі: адусюль на нас лезуць да зубоў узброеныя лычы, словам, не разьняволішся, на мірныя рэйкі ніяк не пераставіш колы. Але затое ў нас усё сваё. Прыцэл да стрэльбы прымацавалі ўласнай вытворчасьці, штось яшчэ кудысь прытарнавалі, пораху нарабілі (з лёнтрасты ці з салетры), каша ў нас свая нарэшце грэчная, калі мы служылі, прапаршчыкі кралі, дэфіцытам была з першага шэрагу. Патронную фабрыку перабудавалі з заводу супрацьпяхотных мінаў, якімі затаварыліся. Апроч таго, яблыні і грушы абараняюць супэр‑кацюшы, неба на крэпкім замку, граніца — як заўжды. Лётчыкі‑пілёты, бомбы‑самалёты, усё ў ажуры. Карацей, супакоіў, але загадаў трымаць порах сухім.

Што яшчэ парадавала? Першым дзелам самалёты, ну а дзевушкі патом —састарэла. Цяпер у нас і самалёты, і дзевушкі ў шэрагах. І армія папрыгажэла з твару і сілуэтам, і жлукціць стала менш, бо для дзевушак саракаградусная не на першым месцы… Сьцягоў пабольшала на сцэне ў ганаровай варты. І гэны, з прамянямі, авія, і марскі, і казакі барадатыя з бутафорскімі мэдалькамі ад атамана са сваімі кавалерыйскімі харугвамі прысутнічалі, і бацюшкі, куды ж бяз іх сёньня? І нават сьвяточная прэзэнтацыя першага партызанскага атраду адбылася. Што праўда, расчаравалі ваякі. Публіка чакала (ня думаю, што толькі я адзін наіўны) дзедаў Талашоў з дубальтоўкамі з гранатамі на пасе, са шмайсерамі, з манліхерамі, хай нават у лапцях, каб па‑народнаму. Але ж партызанамі аказаліся шэрыя рэзэрвісты ў керзачах, аблавушках і фуфайках без пагонаў.

Пошукі ідэнтычнасьці працягваюцца, пачакаем наступнага сьвята. Нібыта і муляе ім думка, што партызанка — найлепшае выйсьце для нашага кавалка ад саўарміі, забясьпечвае нацыянальны калярыт сякі‑такі (і бяз рыцараў тады можна абысьціся), але ж углыбках душы яны ўсё роўна баяцца партызанаў, словы «рэйкавая вайна» рэжуць слых. Колькі ні глынай жабы, колькі цэглы ня трушчы галовамі, партызан ён застанецца партызанам у лесе, і яго гэнымі спэктаклямі для дамачак не напужаеш. Таму ўся гэтая самадзейнасьць выглядае жаласна, сьцяг «партызанскі» з аскомным арнамэнтам, з бярозкай ды сасёнкай.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?