Фота Zbsb.org

Фота Zbsb.org

Хведар Нюнька, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Вільні, прыехаў у Мінск на прэзентацыю дакументальнай стужкі Вольгі Мікалайчык «Беларускія справы»: У кадры — дзеячы беларускай Вільні, Лявон Луцкевіч, Зоська Верас, расповед пра дасягненні і страты беларусаў Літвы, памятныя мясціны Вільні. І вядома — 82-гадовы Хведар Якубавіч Нюнька, чалавек які пражыў тры жыцці: першае на Шчучыншчыне і Мастоўшчыне, дзе правёў дзяцінства, другое — пасля пераезду ў Вільню ў 1943-м, дзе ўжо за паваеннымі саветамі зрабіў кар’еру фіндырэктара на вялікіх прадпрыемствах, і трэцяе — з 1989-га да гэтага дня, калі ён зрабіўся заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры. Пра Вільню, літоўска-беларускія адносіны гутарка з «галоўным беларусам Літвы» Хведарам Нюнькам.

«Наша Ніва»: Надоечы новы кіраўнік літоўскага МЗС Аўдронюс Ажубаліс пры наведванні ЕГУ заявіў, што Вільня не толькі спадчына літоўцаў, але і беларусаў, палякаў, расійцаў. Такога ў Літве на афіцыйным узроўні не было ніколі. Сп-р Хведар, ці сапраўды змянілася стаўленне літоўцаў да беларусаў, да цверджанняў, што беларусы таксама маюць пэўныя правы на Вільню?

Хведар Нюнька: Я б сказаў стаўленне не змянілася, але яно мяняецца. Што да літоўскіх урадоўцаў, то яшчэ ў верасні прэм’ер Андрус Кубілюс адкрыта сказаў пра Вільню, што гэта не толькі горад літоўцаў, але і беларусаў. Так, сапраўды раней былі падручнікі па гісторыі Літвы, дзе пра беларусаў ні пад якімі назвамі ніводным словам не прыгадвалася, быццам іх ніколі не існавала. Зусім не прызнавалася літоўцамі беларуская прысутнасць у Вільні, афіцыйная беларуская мова Вялікага Княства Літоўскага называлася адно канцылярскай, адарванай ад тагачасных гутарковых моваў ВКЛ.

«НН»: А што на вашу думку паўплывала на літоўцаў, чаму яны нарэшце загаварылі пра Вільню як пра агульную спадчыну?

ХН: На самой Беларусі пачалі з’яўляцца матэрыялы, якія сведчаць пра прысутнасць беларусаў на Віленшчыне, то бок з’явілася тое, чаго не было за савецкім часам. Па-другое, пачалі наладжвацца сустрэчы беларускіх і літоўскіх гісторыкаў. Па-трэцяе, на побытавых узроўні непавагі да мясцовых беларусаў у літоўцаў не узнікала ніколі. Хіба літоўцы, як гаспадары ў сябе, як кожны нармальны гаспадар, гарнулі пад сябе. І яшчэ: у нас 700 кіламетраў агульнай мяжы і паразуменне хоцькі-няхоцькі знаходзіць трэба.

«НН»: Беларусы Беласточчыны захаваліся фактычна дзякуючы праваслаўнай рэлігіі, якая была своеасаблівым маркёрам нацыянальнай прыналежнасці, рэччу, якая не дазваляла быць палякам. Дзякуючы якім фактарам захоўваецца самасвядомасць беларусаў на Віленшчыне?

ХН: У нас такога абарончага фактара няма. Свядомыя беларусы Віленшчыны часта менавіта каталікі. Няма такога грамадскага механізму, які б трымаў беларусаў быць сабою. І таму на жаль, трэба канстатаваць, лічба беларусаў памяншаецца. На 1989 год было 63 тысячы беларусаў у Літве, На сёння — 42 тысячы. Але іх салідарнасць і свядомасць, гэтаксама як у беларусаў у РБ, баюся, вельмі нізкая. Вельмі ўплывае на сітуацыю і становішча ў самой Беларусі, і таму быць беларусам у Літве непрэстыжна.

«НН»: А што б магло быць такім фактарам?

ХН: Я надаю вялікую ўвагу мове. Таму, калі я прыязджаю ў Беларусь мной апаноўвае дваістае пачуццё, бо я не чую мовы, я не бачу гэтага вобразу праўдзівай Беларусі. Неяк быў у мінскім метро, размаўлялі з мамі сябрам па-беларуску, дык тут адзін мужчына закрычаў:

«Повылазили тут из щелей, в тюрьму вас надо!».

А яшчэ прыязджаюць да нас апазіцыйныя палітыкі, дык міжсобку яны толькі па-расійску, а нам гэта, ведаеце, нажом па сэрцы. Таму казаць, што на Віленшчыне будзе адраджэнне беларусаў, дык дзе яму ўзяцца? Спадзевы толькі на Беларусь. А ў сваю чаргу, дзе будзе гэтая Беларусь, калі няма беларускай мовы?

«НН»: Значыць, у справе захавання тоеснасці галоўнае мова?

ХН: Мова творыць цуды. З незалежнасцю і ўсім астатнім. Літоўцы робяць націск на яе, уводзяць абавязковая веданне літоўскай, і гэтым умацоўваюць незалежнасць. Колісь на віленскай вуліцы рэдка-рэдка можна было пачуць хіба інтэлігента, які гаворыць па-літоўску, а цяпер мала не ўсе да апошняга чорнарабочага вымаўляюць па-літоўску — і паглядзіце, дзе цяпер Літва. Нават за савецкім часам Літвой кіравалі нацыянал-камуністы: загады з Масквы пра пашырэнне інтэрнацыяналізму можна было выконваць і можна было выконваць. У літоўцы цяпер стае сварак, інтрыг, але пакуль яны не зваявалі сваю незалежнасць, яны былі як кулак. І тут ім служыла мова.

«НН»: Мы больш-менш ведаем, што адбывалася з беларусамі і беларускім рухам да вайны ў 30-ыя гады, і што было ў апошнія 20 гадоў. А што адбывалася з самасвядомасцю беларусаў на Віленшчыне ў 50-80-ыя гады?

ХН: На працягу амаль 50-ці гадоў да пачатка 90-х усё беларускае было зачыненае. Не выйшла ні адна друкаваная старонка, не адчынілася ніводная рэдакцыя, нічога. Т.зв. «недабіткі», беларускія віленскія дзеячы, сядзелі да смерці Сталіна. Астатнія? Трэба ж неяк жыць: хто пайшоў у польскую школу, ці расійскую, свядомыя актывісты-настаўнікі памянялі прафесію на больш практычныя. У паваенную Літву пераехала шмат людзей з БССР, напрыклад з Ашмяншчыны, дык большасць з іх пазапісваліся палякамі, бо падпадалі пад уплыў касцёлу і нацыянальная свядомасць вынікала з веравызнання. Былі свядомыя, але ведаеце, шмат хто з іх проста баяўся. Так што 2 пакаленні фактычна страчаныя для беларушчыны.

«НН»: Якія ў Таварыства беларускай культуры ў Вільні кантакты з афіцыйнай Беларуссю?

ХН: На пачатку 90-х былі добрыя стасункі з паслом Шчасным, але як у Беларусі памянялася ўлада, у нас адбыўся фактычна разрыў. Ніякіх кантактаў з беларускай амбасадай мы не маем і вядома ніводнага рубля ад іх мы не атрымліваем.

«НН»: А падтрымку з боку метраполіі ўсё ж адчуваеце?

ХН: Возьмем для параўнання прыклад палякаў на Віленшчыне. Уся інтэлігенцыя, эліта, адтуль пасля вайны з’ехала, засталіся фактычна нізы, але сёння дзякуючы няспыннай падтрымцы польскай дзяржавы ідзе вялікае ўзрушэнне: ёсць Вялізны сучасны Дом польскай культуры, польскія класы фактычна за кошт польскай дзяржавы, экскурсіі па Вільні. І вось маем што маем: пры сувымерных польскай і беларускай меншынях на Віленшчыне сто школ польскіх і адна — беларуская, якую фінансуе літоўская дзяржава. У дадатак штогод у гэтай школе праблемы з наборам, бо акрамя ўсяго ў беларусаў Літвы ўзнікае пытанне: «Нашто мне аддаваць сваё дзіця ў беларускі клас, калі беларуская мова і ў Беларусі непатрэбная і непажаданая?».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?