20 лютага на аб’яднаўчым з’ездзе Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі «Народная грамада» і сацыял‑дэмакратычнай партыі «Свабода» старшыня новага ўтварэння Мікола Статкевіч пацвердзіў аб сваім удзеле ў прэзідэнцкіх выбарах.

«Наша Ніва»: Наколькі сур’ёзны Ваш намер ісці на выбары?

Мікола Статкевіч: Пра такія рашэнні нельга абвяшчаць несур’ёзна. Перад дзвюма мінулымі прэзідэнцкімі кампаніямі на мяне заводзілі крымінальныя справы. Цяпер я зноў трапляю пад пільную ўвагу спецслужб. Мне здаецца, што ў 2011 годзе ў апазіцыі можа быць апошні шанец на перамогу. Да выбараў 2016 года яна можа проста не дажыць. Чарговая перамога Лукашэнкі можа балюча ўдарыць па нацыянальнай культуры, мове.

«НН»: А на адзінага кандыдата яшчэ рэальна выйсці?

МС: Наша пазіцыя абсалютна ясная, што павінен быць адзіны кандыдат. Мы прапанавалі вызначыць яго з вылучэнцаў ад трох найбольшых кааліцый: Беларускі незалежніцкі блок, Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы і «Еўрапейская кааліцыя». Пасярэднікам па вызначэнні можа стаць, напрыклад, Рада інтэлігенцыі. Кожны з кандыдатаў хай прадставіць сваю стратэгію перамогі і пакажа, што здольны яе рэалізаваць. Калі пабачу лепшую стратэгію за сваю, то з лёгкасцю саступлю такому кандыдату і буду яму ўсяляк дапамагаць.

«НН»: Нават Калякіну?

МС: Калі Калякін прэзентуе рэальны план перамогі, то што зробіш. Мы раней жылі ў ілюзіях, што магчымае падзяленне апазіцыі на праеўрапейскіх і на не праеўрапескіх. Але людзей на плошчу мы будзем заклікаць зусім іншымі лозунгамі.

«НН»: Якімі?

МС: На з’ездзе я прапанаваў гэты лозунг. Гэта адно слова, але яно, на мой погляд, вельмі важкае і адлюстроўвае сэнс кампаніі «Годнасць». Мы павінны ўспомніць пра сваю чалавечую годнасць і годнасць краіны.

«НН»: А людзі і грошы на выбары ў Вас ёсць?

МС: Я прывяду толькі адзін прыклад. На парламенцкіх выбарах 2008 года «Еўрапейская кааліцыя» вылучыла сваіх кандыдатаў у дзвюх трацінах акругаў [насамрэч "Еўрапейская кааліцыя" вылучыла 51 чалавека на 110 акругаў (гэта значыць у 46,4% акруг, але толькі 23 кандыдаты былі зарэгістраваныя (46% кандыдатаў, або кандыдаты ў 21% акругаў -- НН]. . Дык яны сабралі больш за 100 тысяч подпісаў. А прэзідэнцкія выбары куды больш значная падзея.

«НН»: А не бянтэжыць той факт, што Рух «Разам» і «Малады фронт» уваходзяць адначасова і ў ЕК, і ў БНБ?

МС: Абсалютна не бянтэжыць. БНБ — гэта ідэалагічная кааліцыя, дзе сабраліся кансерватыўныя арганізацыі. «Еўрапейскай кааліцыя» — гэта аб’яднанне арганізацый, якіх аб’ядноўвае геапалітычны выбар.

«НН»: А з Міхалевічам дамовіцца не атрымаецца?

МС: Гэта справа БНБ. Міхалевіч быў адным з заснавальнікаў Руху «За Свабоду».

«НН»: Часу да выбараў нямнога. Часу хопіць на якасную кампанію?

МС: Так. Мне здаецца, што сэнс быў бы нават у раптоўна абвешчанай кампаніі. Але такога не будзе. Пачнём прэзідэнцкую кампанію адразу пасля мясцовых выбараў. Думаю, што яны ў значнай ступені і пакажуць, чаго нам чакаць ад выбараў прэзідэнцкіх.

Гутарыў Зміцер Панкавец

***

Мікола Статкевіч нарадзіўся 12 жніўня 1956 г. Старшыня аргкамітэта Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі «Народная Грамада». Адзін з стваральнікаў знакамітага на пачатку 90‑х Беларускага згуртавання вайскоўцаў, якое дамагалася беларусізацыі войска, атрыманага ў спадчыну ад СССР.

У 1978 скончыў Мінскую вышэйшую інжынерную зенітна‑ракетную вучэльню СПА. Кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік запасу. У 2005 быў асуджаны да двух гадоў абмежавання волі за падрыхтоўку і правядзенне вулічных акцый пратэсту супраць вынікаў рэферэндуму 2004. Пакаранне адбываў у Баранавічах і вёсцы Блонь (Пухавіцкі раён). Міжнароднай арганізацыяй Amnesty International прызнаны вязнем сумлення.