Міністэрства культуры Беларусі папрасіла арганізатараў выступлення гурту Rammstein у Мінску паказаць матэрыялы канцэртнай праграмы. Пра гэта паведамілі арганізатары канцэрта.

Канцэрт нямецкага гурту Rammstein у беларускай сталіцы арганізуе Палац Рэспублікі. Выступленне павінна прайсці 7 сакавіка ў комплексе «Мінск‑Арэна». Зараз арганізатары рыхтуюць інфармацыю паводле просьбы Мінкультуры.

Напярэдадні беларускі Грамадскі савет па маральнасці запатрабаваў арганізаваць папярэдні прагляд выступлення Rammstein. Як заявіў старшыня савета Мікалай Чаргінец, «творчасць гэтага гурту

з’яўляецца непрыкрытай прапагандай гомасексуалізму, мазахізму і іншых ненармальнасцяў, жорсткасці, гвалту і непрыстойнай лаянкі». «На канцэртах гурту часта ўжывую дэманструюцца акты савакуплення, семявывяржэнне і імітаванне нацыстаў», — гаворыцца ў заяве грамадскага савета.

Арганізатары канцэрта Rammstein у Мінску прызнаюць, што творчасць гурту выклікала і выклікае мноства спрэчак і неадназначных ацэнак. Аднак хваляванні, што ўзніклі ў беларускім грамадстве адносна маральна‑этычных аспектаў праграмы гурту, выклікалі неразуменне ў менеджменту калектыву.

«Калектыў не правакуе ні жорсткасць, ні гомасексуальныя акты», — прыводзяць арганізатары вытрымку з ліста менеджменту Rammstein.

Яны сцвярджаюць, што падчас нядаўняга канцэрта гурту ў Осла прапаганды насілля, жорсткасці, нацызму не было.

Правядзенне папярэдняга прагляду праграмы Rammstein у Мінску не ўяўляецца магчымым, кажуць арганізатары,

бо канцэрт праходзіць у межах сусветнага тура калектыву. 5 сакавіка адбудзецца канцэрт у Вільнюсе, а вечарам 6 сакавіка гурт прыедзе ў Беларусь. Канцэрт прадугледжвае не толькі непасрэдна выступленне музыкантаў, але і грандыёзнае шоу, якое патрабуе пільнай, сур’ёзнай падрыхтоўкі.

Арганізатары запэўнілі, што калі ўзнікне вострая неабходнасць прагляду праграмы, будзе абмяркоўвацца варыянт паездкі прадстаўнікоў Беларусі ў Расію на адзін з канцэртаў гурту. Пакуль арганізатары не атрымалі ніякіх афіцыйных зваротаў адносна канцэрта Rammstein ад грамадскіх арганізацый. Разам з тым, зазначаюць яны, негатыўныя заявы наконт творчасці гурту ствараюць пэўныя цяжкасці ў працэсе падрыхтоўкі гэтага маштабнага мерапрыемства.

Як сцвярджаюць арганізатары, падрыхтоўка канцэрта ідзе ў рабочым парадку, і на гэты момант пагрозы адмены мерапрыемства няма.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?