У адносінах Украіны і Беларусі наступае новы этап, заявіў новаабраны прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 25 лютага ў Кіеве.

«Мы гатовы разам з вамі разгледзець усе асноўныя стратэгічныя кірункі развіцця нашых адносінаў, — цытуе Януковіча прэс‑служба прэзідэнта Украіны. — Я гатовы працаваць разам з вамі, каб эканамічныя добрасуседскія адносіны паміж нашымі краінамі дынамічна развіваліся».

«Я не забыў і не забуду радзіму сваіх продкаў — Віцебскую вобласць», — падкрэсліў Віктар Януковіч.

Напярэдадні другога тура прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне Ганна Герман — намеснік старшыні Партыі рэгіёнаў, якую ўзначальвае Януковіч, — у інтэрв’ю БелаПАН заявіла, што супрацоўніцтва з Беларуссю будзе адным з прыярытэтаў замежнай палітыкі Віктара Януковіча ў выпадку абрання яго прэзідэнтам.

Паводле яе слоў,

Віктар Юшчанка «позна зразумеў, што Беларусь — гэта вельмі важна»,

што для Украіны важны яе вопыт, што гэта важны сусед, «але лепш позна, чым ніколі». «Мы заўсёды аб гэтым памяталі, і гэтым мы адрозніваемся ад Юшчанкі, — падкрэсліла палітык. — Мы ніколі не забывалі, як важна падтрымліваць адносіны з краінамі, з якімі мы раней былі ў адной дзяржаве. Гэта выгадна нават з эканамічнага пункту гледжання. Мы павязаныя вельмі даўнімі ніцямі. Гэта трэба мадэрнізаваць і выкарыстоўваць сёння.

Не трэба тут кіравацца нейкімі комплексамі і постсавецкімі страхамі».

Паводле слоў Герман, ва Украіне на Беларусь глядзяць »як на прыклад таго, як трэба кіраваць эканомікай, клапаціцца пра людзей, берагчы незалежнасць сваёй краіны». «І Віктар Фёдаравіч [Януковіч] не адзін раз гэта падкрэсліваў», — заўважыла яна.

***

У апошні час палітычны дыялог паміж Мінскам і Кіевам прыкметна актывізаваўся. У 2009 годзе прэзідэнты Беларусі і Украіны сустракаліся чатыры разы: у студзені — у Чарнігаве, у маі — у Гомелі, у кастрычніку — у Кішынёве ў рамках саміта СНД і ў лістападзе — у Кіеве.

Падчас сустрэчы ў Кіеве быў падпісаны беларуска‑ўкраінскі мемарандум, які тычыцца ўдзелу дзвюх краін у праектах Усходняга партнёрства ЕС. У ім выказана зацікаўленасць удзелам у такіх праектах, а таксама гатоўнасць працягваць сумеснае адстойванне палітыкі актыўнага ўцягвання Беларусі ў агульнаеўрапейскія працэсы.

Паводле звестак беларускага боку, у 2009 годзе аб’ём узаемнага гандлю паміж Беларуссю і Украінай знізіўся на 39% у параўнанні з 2008 годам і склаў 2,98 млрд. долараў, у тым ліку беларускі экспарт — 1,69 млрд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?