На разглядзе вярхоўнага прадстаўніка Еўразвяза па знешніх сувязях Кэтрын Эштан знаходзіцца сумесны прамежкавы план падтрымкі рэформаў у Беларусі, падрыхтаваны Еўракамісіяй на запыт Рады ЕС. Пра гэта паведаміла еўракамісарка па міжнародным супрацоўніцтве і гуманітарнай дапамозе Крысталіна Георгіева, выступаючы 24 лютага на дэбатах у Еўрапарламенце па сітуацыі ў Беларусі.

Паводле яе словаў, Эштан таксама ўлічыць высновы місіі парламента ЕС, якая наведае Менск 25-27 лютага.

Георгіева таксама заявіла, што ЕС працягне дыялог з Беларуссю — не толькі з уладамі, але і грамадзянскай супольнасцю праз студэнцкі і культурніцкі абмен і развіццё бізнэс-кантактаў.

Крысціян Вігенін, баўгарскі дэпутат, кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента ў Еўранэсце, у сваім выступе назваў «непрымальнай» сітуацыю з парушэннем у Беларусі правоў чалавека, у прыватнасці, правоў нацыянальных меншасцяў.

Па словах Вігеніна, палітыка збліжэння, якую ЕС распачаў у дачыненні да Беларусі, недастаткова выніковая. «Структуры ЕС — Рада, Камісія і парламент — павінны распрацаваць агульную стратэгію, каб дапаўняць высілкі кожнага; нам патрэбная дарожная карта, не рэкамендацыі, а план дзеянняў для падтрымкі рэформаў», — заявіў баўгарскі дэпутат.

На думку польскіх дэпутатаў, ЕС неабходна ўвязаць эканамічную дапамогу з дэмакратычнымі пераўтварэннямі ў Беларусі, больш за тое, ЕС павінен задзейнічаць усе магчымыя інструманты, каб правы чалавека ў краіне выконваліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?