30.08.2006 / 14:02

Футбалістаў вылечаць мацярынскія клеткі іх дзяцей 1

Футбалісты ангельскай прэм’ер-лігі захоўваюць мацярынскія клеткі, узятыя ад іх нованароджаных дзяцей, каб у будучыні выкарыстоўваць іх для лячэньня ўласных траўмаў.

«Тое, што мы робім, гэта пакуль што вялікі экспэрымэнт. Мы ўпрыскваем мацярынскія клеткі дзіцяці проста ў траўмаванае калена. І паколькі яны маюць такі самы генэтычны код, то пачынаюць адбудоўваць страты, напрыклад, разарваных зьвязак – кажа Поль Грыфітс, дырэктар клінікі CryoGenesis International (CGI) у Лівэрпулі. Выратавальныя клеткі паходзяць з замарожанай пупавінавай крыві і прыдатныя для лячэньня тыповых для футболу кантузіяў сустаўных храсткоў і каленных зьвязак.

Як піша «Sunday Times», з паслугаў CGI скарысталася за апошні час пяць вядучых футбалістаў прэм’ер-лігі. Раней тры іншыя спартоўцы замарозілі клеткі сваіх нашчадкаў у лёнданскай «Smart Cells».

Няпраўда, што мы замарозілі мацярынскія клеткі дзяцей выключна з думкай пра нашыя траўмы – тлумачыць адзін з футбалістаў, які, аднак, не жадае казаць сваё прозьвішча. – Калі ўзьнікне такая неабходнасьць, мы выкарыстаем іх для тэрапіі саміх дзяцей. Але ў прафэсіі футбаліста кожная траўма можа азначаць канец кар’еры. Замарожваньне клетак нашых дзяцей – гэта як стварэньне сабе рамонтнага набору. Гэта сапраўды мае сэнс.

Адзіным футбалістам зь вядомым прозьвішчам, які публічна абвесьціў замарожваньне мацярынскіх клетак сваіх дзяцей, зьяўляецца зорка лёнданскага «Арсэналу» і зборнай Францыі Цьеры Анры. Аднак ён ніколі не казаў пра тое, што хацеў бы выкарыстаць іх таксама для ратаваньня ўласнага здароўя. На Брытанскіх выспах на замарожваньне пупавінавай крыві дзяцей рашылася за апошнія пяць год каля 11 тыс. бацькоў. Працэдура і захоўваньне каштуе каля 1,5 тыс. фунтаў.

Гэтая тэрапія, якую на выспах называюць «saviour offspring» (нашчадак-збаўца), выклікае, аднак, этычныя сумненьні, асабліва гэта тычыцца экспэрымэнтаў навукоўцаў з лёнданскага Imperial College, якія вывелі сустаўныя храсткі з клетак эмбрыёнаў.

Вольга Данішэвіч паводле замежнай прэсы

0
Уладзь / Адказаць
04.09.2006 / 15:59
Калі ласка, растлумачце, што маецца на ўвазе пад словам "мацярынскія клеткі"? Калі ў ангельскім арыгінале было "stem cells", то перакладаць лепш "камлёвыя клеткі".
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру