26 лютага ўвечары ў Святланы Калінкінай сканфіскавалі кампутары і флэшкі. У паперах следчых яна фігуравала як выпускаючая рэдактарка сайта «Хартыя-97».

Святлана Калінкіна робіць смелыя журналісцкія расследаванні.
Яна лаўрэат шматлікіх прэмій і адна з самых аўтарытэтных беларускіх журналістак.
Піша ў «Народнай волі» і для сайта «Беларускі партызан».

Мяркуючы з прад’яўленай супрацоўнікамі праваахоўных органаў паперы, агляд кватэры журналісткі праводзіўся ў звязку са справай-водгуллем так званай «паляўнічай справы».

«Паляўнічая справа» — гэта працэс чатырох высокапастаўленых супрацоўнікаў міліцыі ў Гомельскай вобласці, якія нібыта злоўжывалі службовых становішчам, у прыватнасці, незаконна палявалі. Акрамя таго, іх вінавацілі ў незаконным ціску на супрацоўнікаў КДБ. Вярхоўны суд прызнаў вінаватымі па гэтай справе былых міліцыянтаў Ермакова, Мінянкова і Баранава, а міліцыянта Малаева амніставаў.

Тым часам былы старшыня Гомельскага УКДБ, а цяпер — Гродзенскага КДБ, генерал Іван Корж падаў пазоў на сваякоў абвінавачаных, якія нібыта ўзвялі на яго паклёп.

Артыкул аб той справе, у якім кадэбістаў вінавацілі ў падтасоўцы фактаў, з'явіўся ў свой час у Інтэрнэце — у прыватнасці, на сайтах «Белорусскій партізан» і «Хартыя-97».

Па гэтай падсправе былі дапыталі і ператрэслі іншую журналістку «Народнай волі» — Марыну Коктыш. На допыт былі выклікалі каардынатара ініцыятывы «Хартыя-97» Андрэя Саннікава. Цяпер вось чарга дайшла да Святланы Калінкінай. Рэдкі выпадак: абшукалі кватэру журналісткі.

«У мяне ніхто нічога не пытаўся: ці мела я дачыненне, ці ведаю я Каржа, ці пісала я якіясьці матэрыялы пра яго, — расказала Святлана Калінкіна для радыё «Свабода». — Яны пачалі агляд маёй кватэры. У выніку ўзялі на экспертызу мой кампутар і кампутар сына, флэшкі і маю тэлефонную кнігу.

Для мяне гэты ператрус быў нечаканым і вельмі дзіўным. Чамусьці я фігуравала ў паперах, якія мне ўчора паказалі, як выпускаючая рэдактарка сайта «Хартыя-97». Я даўняя чытачка гэтага сайту, але ніколі не мела ніякага дачынення да яго выпуску».

Святлана Калінкіна мяркуе, што «не так пакрыўдзіўся той Іван Корж, як гэта стала нагодай для запалохвання журналістаў, каб знайсці крыніцы, якімі карыстаюцца незалежныя журналісты і каб, наогул, адбіць ахвоту ў журналістаў кранаць тэму КДБ і ўладных структураў».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?