Беларусь вымушана канчаткова саступіць Маскве ў гэтым пытанні.

Камісія Мытнага саюза пасля шматгадзінных перамоваў канчаткова ўзгадніла тэкст Мытнага кодэкса для Расіі, Казахстана і Беларусі, які мае ўвайсці ў дзеянне з 1 ліпеня, паведамляе расійская газета «Коммерсант». Пытанне аб нафтавых экспартных мытах Расеі не будзе абмяркоўвацца ў рамках Мытнага саюза — гэтыя пытанні вырашана ўключыць у дамовы аб стварэнні адзінай эканамічнай прасторы, якая пачне працаваць не раней 2012 года, а можа і на святога ніколі.

Але ў пытанні размеркавання мытаў ад імпарту Расія пайшла на пэўныя саступкі Беларусі — яе долю ў даходах саюза вырашана пералічыць.

Пасяджэнне ў вельмі нервовым рэжыме ішло каля шасці гадзін, па яго выніках ўчора афіцыйных паведамленняў ад імя камісіі саюза не было зроблена.

Дакладныя лічбы размеркавання плацяжоў таксама пакуль не названыя. На студзеньскім пасяджэнні меркавалася, што Расея будзе атрымліваць 86,5% плацяжоў, Казахстан — 8,5%, Беларусь — 5%, але наша краіна хацела павялічыць сваю долю. Паводле звестак газеты «Коммерсант», Расея ў выніку была вымушана пайсці на саступкі.
Калі раней меркавалася, што «вага» краіны ў размеркаванні плацяжоў будзе залежаць толькі ад замежнагандлёвай статыстыкі 2007–2008 гадоў, то па новым рашэнні ў разлік возьмуць і статыстыку 2009 года. На нарадзе прадстаўнікі Беларусі аперавалі не толькі статыстыкай РФ і сваёй краіны, але і замежнагандлёвай статыстыкай ААН.

Агенцтва БелТА прыводзіць заяву віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова паводле вынікаў пасяджэння аб тым, што расійскі бок саступіў пазіцыям беларускага і казахстанскага бакоў у пытанні доляў пры размеркаванні мытаў. «У прынцыпе беларускі бок гэтым вынікам задаволены», — сказаў Кабякоў.

Як піша «Коммерсант», і Казахстан, і Беларусь пагадзіліся з ініцыятывай Расеі: усе «нафтавыя» пытанні, у тым ліку пошліны на пастаўкі нафты, вынесеныя за межы пагадненняў Мытнага саюза, але ўнесены ў парадак пагадненняў аб Адзінай эканамічнай прасторы.

Афіцыйныя асобы Беларусі і беларускія эканамісты не раз адзначалі, што Беларусі няма карысці ад удзелу ў Мытным саюзе, калі за яго дужкі выносяцца энэрганосьбіты. Аднак Мінск наўрад ці рашыцца вырвацца з мытнай пасткі, у якую яго дурная панесла. У Мінску баяцца, што Масква зараз зможа скарыстацца фактам выхаду Беларусі з мытнага пагаднення, каб на гэтай падставе ўвесці экспартныя мыты на газ, чаго даўно дабіваецца расейскі Мінфін. А гэта прывяло б скачка цэнаў на расійскі газ — асноўную крыніцу энэргіі для Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?