У Магілёве разглядаюць справу стаматолага, які практыкаваў па падробленых дакументах.

Яго кліентаў не бянтэжыла ні лекарская практыка дома, ні арыгінальнасць выбраных інструментаў.

А сярод іх – звычайны пластылін і нават напільнік. Зразумела, пасля такіх неардынарных метадаў у пацыентаў праблем з зубамі рабілася больш, а саміх зубоў – менш.

Гэты выпадак магілёўскія праваахоўнікі ўжо назвалі беспрэцэдэнтным. Кажуць, добра, што ілжэ-дантыста змаглі затрымаць у самым пачатку яго крымінальнай дзейнасці. Бо стаматалогія – не самы просты напрамак у медыцыне, які патрабуе не толькі адпаведнай адукацыі, але і практыкі. Ні таго, ні другога ў махляра не было.

Даваць клятву Гіпакрата злачынцу не давялося.

Дыплом доктара-стаматолага ён купіў у адным з падземных пераходаў у Санкт-Пецярбургу.

Стаматалагічны кабінет ён абсталяваў у сябе ў кватэры: купіў офіснае крэсла для пацыентаў і некаторыя прэпараты. Пасля гэтага расклеіў па горадзе аб'явы пра тое, што «кваліфікаваны доктар» дапаможа вырашыць усе праблемы з зубамі. Аднак, як аказалася, пасля такіх медпаслуг праблемаў толькі пабольшала.

«Каб дастаць іншароднае цела – а так яго кваліфікавалі дактары абласной стаматалогіі – мне давялося выдаліць усе зубы. Бо гэтую суцэльную сківіцу, якую ён мне зрабіў, немагчыма было разбіць на часткі. Яна складалася з клею», – расказаў пацярпелы Уладзімір Падляцкі.

Яшчэ аднаму кліенту доктара-самавука пашанцавала куды больш. Ён пазбавіўся толькі аднаго зуба. Дантыст запэўніваў: выдаленне гэтага зуба – неабходная працэдура ў яго новым сучасным метадзе лекавання. Методыкі стаматалагічных клінік зубны гуру не прызнаваў.

«Пытаюся, а ў вас як, бормашына там, ці што? Не. Сказаў, што прайшоўся па нашых паліклініках, паглядзеў: у нас каменны век.

Сказаў, што ад бормашыны зубы псуюцца»,
– апавёў сведка Валерый Каробачкін.

У сваёй сучаснай методыцы псеўдадоктар выкарыстоўваў далёка не стандартныя прылады і матэрыялы. Сярод іх былі звычайны пластылін і нават напільнік. Махляр і цяпер лічыць сябе лекарам паводле паклікання.

«Гэта пакліканне, а не веды. Як у мастака ёсць здольнасці да мастацтва, так і ў мяне да медыцыны», – заявіў абвінавачаны Мікалай Асінскі.

З такім выпадкам, прызнаюцца ў пракуратуры, сутыкнуліся ўпершыню. Больш за ўсё аператыўнікаў здзівіла нават не нахабства шарлатана, а чалавечая даверлівасць. Што да самога ілжэдантыста, то яго лёс вырашыць суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?