Доўга не разважаючы, куды б нам паехаць у вясельнае падарожжа, вырашылі мы паехаць у Коста-Рыку.

У шматлікіх рэкламных кампаніях (да прыкладу, у ЗША і Еўропе) прасоўвалі Коста-Рыку як краіну «без кансервантаў і дабавак» — вось мы і вырашылі паглядзець на яе цнатлівую прыроду.

Замовілі тур у турагенцтве, якое знайшлі ў Коста-Рыцы. Там нам забранявалі гатэлі і трансферы, але перадаплату мы рабіць не сталі — на ўсялякі выпадак. Прыехалі ў пачатку жніўня, на два тыдні.

У аэрапорце нас сустрэў іх агент і павёз у офіс. Там нам усё расказалі, далі купоны на кожны гатэль, на кожны трансфер, на ежу і на некаторыя экскурсіі, мы ўсё гэта аплацілі і паехалі ў наш першы гатэль. Падарожжа пачалося!

Коста-Рыка — гэта маленькая краіна, але з самым высокім узроўнем жыцця ў Цэнтральнай Амерыцы.

Сярэдняя гадавая зарплата ў костарыканцаў у 2007 годзе склала прыкладна $ 3500 за год. Тым не менш, калі мы прыехалі ў Сан-Хасэ, сталіцу Коста-Рыкі, то жахнуліся ад беднасці, бруду, «бамжатнікаў» і да таго падобнага. Ды яшчэ дождж ліў як з вядра, і вуліцы ператварыліся ў бруднае мора. Уражанне засталося, самі разумееце, не самае прыемнае. Тым не менш мы знайшлі чыстае месцейка і змаглі смачна паесці за 30 даляраў.

Паколькі краіна маленькая, мы вырашылі зрабіць кругавы тур, аб’язджаючы самыя цікавыя месцы. У кожным месцы мы начавалі па дзве ночы, толькі на пляжных курортах па тры.

З Сан-Хасэ мы паехалі на карыбскае ўзбярэжжа ў Тартугэра — «зямлю чарапах». Прыкладна ўсё лета і да канца восені туды прыплываюць адкладваць у пяску яйкі марскія чарапахі. На пляжах забаронена купацца, каб не спужаць чарапах і не стаць ахвярай драпежнікаў — у асноўным акулаў.

Трансфер нам падаўся жудасна доўгім — тры гадзіны на аўтобусе і яшчэ паўтары на лодцы. Праязджалі вялізныя плантацыі бананаў і ананасаў (Чыкіта і Дэль-Монтэ). Вільготнасць 100%, даводзілася мяняць адзенне двойчы.

Куды ні паглядзіш — адны джунглі, а крыкі дзікіх жывёл не змаўкаюць нават ноччу.

Мы бачылі кракадзілаў, туканаў, ігуанаў, малпаў, баа-канстрыктара, усялякіх рознакаляровых птушак, зялёных змеяў, чарапах, жабаў.
У джунглях чапаць нічога нельга, там на дрэвах жывуць самыя атрутныя істоты, ад змеяў да павукоў. Хадзілі ў лес мы ў гумавых ботах, якія даюць у гатэлі, бо некаторыя месцы не прайсці — яны затопленыя.

У штанах, у кашулях з доўгімі рукавамі і намазаныя вадкасцю ад камароў, ездзілі мы на экскурсіі. Камароў там шмат, але малярыі няма. Тым не менш, камары вельмі вялікія, і ў іх усё-ткі атрымалася нас пакусаць. У гатэлі быў поўны пансіён, бо больш не было дзе паесці.

Але

кармілі вельмі смачна — ананасы, кавуны, салаты, плоў, курыца, дэсерты, кава, гарбата. Гарбата, дарэчы, у асноўным была чорная і рамонкавая. Яна вельмі добра дапамагае прывыкнуць да вялікай вільготнасці.
Дарэчы, у многіх гатэляў у Тартугэра ёсць уласная міні-ферма матылькоў, дзе разводзяць у асноўным вялікіх блакітных матылькоў. Варта туды схадзіць, і вам раскажуць вельмі шмат цікавага пра іх. Таксама непадалёк на дрэвах жылі ляніўцы, туканы…

Наступным прыпынкам быў вулкан Арэналь. Дабіраліся некалькі гадзін, на лодцы, потым на міні-аўтобусе. Па неасфальтаванай дарозе, размытай падчас дажджу, мы ехалі 5 гадзін.

Вулкан Арэналь — вельмі прыгожае месца. Практычна ўсе гатэлі пабудаваныя з відам на яго.

Нам вельмі спадабалася прачынацца раніцай і бачыць з акна трапічныя кветкі на фоне вулкана. Ноччу, калі няма хмараў, бачная лава. Але мы былі ў Коста-Рыцы ў сезон дажджоў (дажджы льюць кожны дзень, усё лета і восень) і бачылі толькі невялікую чырвоную кропку на вяршыні вулкана. Таксама ездзілі на гарачыя крыніцы — вельмі спадабалася. Там вельмі прыгожыя сады, можна ўбачыць шмат калібры.

Пасля вулкана мы паехалі ў Мантэвердэ, у перакладзе з іспанскай — «Зялёная гара».

Гэта горныя джунглі, якія заўсёды пакрытыя туманам. Лес у Мантэвердэ так і называецца — «воблачны». Экскурсій там вельмі шмат. Мы вырашылі пакатацца на канатнай дарозе і пахадзіць па падвесных мастах. Спачатку вельмі страшна, мы ніколі не каталіся, тым больш што на некаторых дарожках набіраецца вялікая хуткасць. Але калі жадаеце, вам прапануюць бясплатныя паслугі «шафёра», якія выконваюць маладыя і прыгожыя хлопчыкі. Шафёр будзе тармазіць і ўтрымліваць раўнавагу, а вам застанецца толькі атрымліваць асалоду ад палёту над джунглямі; можа, пашанцуе, і вы ўбачыце якую-небудзь жывёлу.

Калі вы купіце ўваходныя білеты ў нацыянальны парк Мантэвердэ, то вам бясплатна прапануюць наведаць сад-калібры. Калібры падкормліваюць нектарам, вось іх і прылятае цэлая хмара.
Шкада, што вельмі цяжка зрабіць добрую фатаграфію — калібры вельмі хуткія.

Кажуць, што ў Мантэвердэ жыве святарная птушка мая і ацтэкаў — Кетсаль,

незвычайна прыгожая птушка, пер’е якой выкарыстоўвалі ў абрадах. Забойства гэтай птушкі каралася смерцю, таму толькі самыя ўмелыя паляўнічыя маглі дастаць яе пёры, не прыносячы шкоды. Яны жывуць у горных джунглях, але мы не змаглі іх убачыць.

Наступнай прыпынкам быў Куток Бабулькі, Rincon de la Vieja. Там таксама ёсць вулканы і прыгожыя лясы.

У нас заставаўся тыдзень і мы правялі яго на ціхаакіянскім узбярэжжы.

Пляж фламінга нам вельмі спадабаўся. Найчысцейшая вада, невялікія хвалі, какосы, прыгожы захад сонца, які асвятляў яркую вясёлку. Вось так ён нам і запомніцца.
Зноў-такі, поўна марскіх экскурсій на любы густ. Кошты на экскурсіі там былі высокія, мінімум 50 даляраў з чалавека.

Праз тры ночы мы паехалі ў нацыянальны парк Мануэль-Антоніа, на поўдзень ад узбярэжжа фламінга. Парк вельмі маляўнічы. Мы вырашылі пайсці па ім сваім ходам, без гіда. Там шмат дарог і ўсё добра пазначана. Ігуанаў, яшчарак, крабаў і малпачак з белымі пыскамі там поўна. Гэта сапраўдны заапарк. Пляж прыгожы і чысты. На ўзбярэжжы прадаюць сувеніры, прапануюць паслугі масажыста і навучаюць сёрфінгу.

Вярнуўшыся ў Сан-Хасэ, дзе правялі апошнюю ноч, мы падвялі вынікі.

Лепш ехаць у сухі сезон, менш камароў і больш розных экскурсій. Краіна дарагая. $2300 на дваіх за гатэлі і трансферы, $1200 за білет з чалавека, $1000 за ежу, сувеніры і экскурсіі. Паесці ў кафэ або рэстаране на дваіх — прыкладна $20–40.
У гатэлях няма поўнага пансіёну, прапануюць толькі сняданкі — і гэтым абавязваюць ісці ў рэстаран. Супермаркетаў мала, і свежыя прадукты там лепш не купляць. Патэлефанаваць дадому — амаль $1 хвіліна. Экскурсіі — ад $30–75 на чалавека. Масты і канатная дарога — адна з самых дарагіх экскурсій, $55 з чалавека.

Вазьміце з сабой бінокль, мы ім часта карысталіся. Усюды прымаюць даляры і крэдытныя карткі. Кішэнных грошай мы ўзялі 600 даляраў, дробнымі купюрамі, так лягчэй іх мяняць, а калі скрадуць, то не ўсе адразу. Часта рэшту даюць у калонах, таму страчваеш у абмене. У Коста-Рыцы дастаткова бяспечна, але ўсё-ткі трэба быць пільным. У нас акліматызацыі не было, але гэта тропікі, і трэба мець з сабой усе неабходныя медыкаменты — не спадзявайцеся знайсці побач аптэку…

Ці варта ехаць у Коста-Рыку ў мядовы месяц? Напэўна, не, але ў кожным адпачынку ёсць свае адчуванні.

Ніколі цяпер не забудзем, як мы прамоклі да ніткі ў гадзіну ночы падчас начнога туру, каб паглядзець чарапах… Цяпер мы ведаем, якія яны, гэтыя трапічныя дажджы!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?