Перхаць — адно з найбольш распаўсюджаных захворванняў скуры галавы. Праяўляецца яна вялiкай колькасцю рыхлых лускавiнак на валасiстай частцы галавы.

У большасцi выпадкаў перхаць — спадарожнiца себарэi (парушэнне функцыi сальных залозаў). З’яўленне перхацi таксама можа быць звязана з парушэннем абменных працэсаў у арганiзме, кровазабеспячэння скуры галавы, няправiльным доглядам валасоў. Акрамя таго, прычынамi ўзнiкнення перхацi могуць быць недахоп вiтамiнаў А i групы В, стрэс, хваробы страўнiкава‑кiшачнага тракта, а таксама грыбковыя захворваннi. Як нi дзiўна, перхаць можа з’явiцца i ад… шампуню ад перхацi — калi ён няправiльна падабраны.

Клеткi чалавечага арганiзма пастаянна абнаўляюцца. Скура галавы не выключэнне. У норме ў здаровага чалавека клеткi скуры абнаўляюцца кожныя 25—30 дзён. І, дзякаваць прыродзе, гэта адбываецца з iмi (клеткамi) не ўмомант, а паступова, так, што чалавек гэтага не заўважае. Iншая рэч, калi ў арганiзме адбываецца збой, i тады, на жаль, гэты працэс становiцца прыкметным нават для навакольных. Перхаць — гэта адмерлыя клеткi. Калi ў вас перхаць — гэта сведчыць аб тым, што па нейкай прычыне тэрмiн абнаўлення клетак скуры галавы скарацiўся да 6—7 дзён.

Спецыялiсты сцвярджаюць, што на паскораны працэс абнаўлення клетак прамы ўплыў аказвае асобы дражджавы грыбок, якi i ў «мiрныя часы» суiснуе з намi, але пры любым збоi ў арганiзме адразу ж актывiзуецца, пачынае ўзмоцнена размнажацца i нават можа выклiкаць запаленне.

Перхаць бывае тлустага i сухога тыпу.

Тлустая перхаць узнiкае пры павышанай тлустасцi скуры. Лускавiнкi перхацi жаўтаватага адцення, буйныя, прамочаныя сакрэтам сальных залозаў, склейваюцца адна з адной, больш трывала ўтрымлiваюцца на скуры, чым пры сухой перхацi, i могуць утвараць наслаеннi. Валасы становяцца тлустымi, непрыемна iльсняцца, магчымы сверб. Апошнi тлумачыцца тым, што тлушч закупорвае вывадныя пратокi сальных i потавых залозаў i раздражняе нервовыя канчаткi.

Сухая перхаць узнiкае пры сухой скуры i часта суправаджаецца свербам. Часцiнкi перхацi невялiкiя. Яны размяшчаюцца па ўсёй паверхнi галавы або пераважна ў лобнай i цемянной абласцях, радзей — у выглядзе асобных ачагоў. Сухая перхаць узнiкае пры панiжаным салааддзяленнi, скура лёгка лушчыцца, валасы выглядаюць напудранымi, ломкiя i могуць расшчапляцца на канцах. Перхаць сыплецца з галавы i бачная на адзеннi.

Як правiла, перхаць — праява нейкiх парушэнняў у арганiзме, трывожны сiмптом. Таму, перш чым пачынаць барацьбу з ёю, пажадана пракансультавацца ў спецыялiста.

Лячэнне перхацi комплекснае. Важнае месца тут займаюць агульнаўмацавальныя мерапрыемствы: дастатковы сон, прагулкi на свежым паветры, заняткi спортам. Калi перхаць выклiкана павышанай тлустасцю скуры, варта абмежаваць у рацыёне колькасць жывёльных тлушчаў, вугляводаў, кухоннай солi, салодкiх, вострых i вэнджаных страў, спiртнога. Ваша меню павiнна быць багатым на агароднiну, садавiну, кiсламалочныя прадукты. Пры сухой перхацi, калi прычына яе — недахоп вiльгацi ў эпiдэрмiсе (паверхневым слоi скуры), часам дастаткова аднавiць водны баланс у арганiзме — а прасцей пiць больш звычайнай вады, каб скура галавы зноў набыла здароўе.

З праблемай перхацi найбольш эфектыўна i зручна змагацца пры дапамозе лекавых шампуняў, якiя прадаюцца ў аптэках. Iх асноўнымi актыўнымi кампанентамi з’яўляюцца супрацьгрыбковыя i антыбактэрыяльныя прэпараты. Акрамя таго, некаторыя лекавыя шампунi ўтрымлiваюць экстракты траў, якiя рэгулююць функцыi сальных залозаў, знiмаюць раздражненне i сверб. Мыць галаву такiм шампунем рэкамендуецца 2 разы на тыдзень на працягу месяца. Для прафiлактыкi ж дастаткова прымяняць яго раз у два тыднi. Вельмi частае або працяглае выкарыстанне падобных сродкаў можа негатыўна адбiцца на здароўi скуры галавы.

Iснуюць i iншыя лекавыя формы прэпаратаў, якiя можна выкарыстоўваць у якасцi вонкавых сродкаў пры лячэннi перхацi, напрыклад, аэразолi, ласьёны, што перашкаджаюць размнажэнню мiкраарганiзмаў на скуры, устараняюць смыленне, сверб i залiшняе лушчэнне. Памiж лекавымi працэдурамi валасы варта мыць звычайным, лепш мяккiм шампунем.

З фiзiятэрапеўтычных метадаў пры лячэннi перхацi шырока прымяняюцца крыамасаж вадкiм азотам i дарсанвалiзацыя скуры валасiстай часткi галавы. Крыамасаж выклiкае звужэнне крывяносных сасудаў з наступным расшырэннем капiляраў, што значна ўзмацняе прыток крывi да месца ўздзеяння, у вынiку чаго паляпшаецца сiлкаванне валасяных цыбулiн. Дарсанвалiзацыю ажыццяўляюць пры дапамозе грабеньчатага вакуумнага электрода, якiм расчэсваюць валасы плаўнымi рухамi. Гэта дабратворна ўплывае на кровазварот, абмен рэчываў i тонус сасудаў.

Пры любым вiдзе перхацi вельмi карысна рабiць масаж галавы. Апошнi ўзмацняе прыток крывi да каранёў валасоў, што паляпшае сiлкаванне валасянога покрыва, ачышчае скуру ад перхацi. Рабiць такi масаж зусiм не цяжка: кожны вечар 10—15 хвiлiн масiруйце валасiстую частку галавы падушачкамi пальцаў у розных кiрунках. Масаж лепш пачынаць з расчэсвання валасоў масажнай шчоткай на працягу 2—3 хвiлiн.

Дастаткова эфектыўнымi ў барацьбе са «снегам» на валасах аказваюцца i натуральныя раслiнныя сродкi. Напрыклад, пры сухой перхацi паспрабуйце ўцiраць у скуру галавы сумесь абляпiхi з алiўкавым алеем (узяць у суадносiнах 1:3, награваць на вадзяной лазнi паўгадзiны). Рэкамендуюцца таксама маскi для валасоў з лапуховага, алiўкавага, кунжутнага алеяў: дастаткова проста ўцерцi алей у скуру галавы, ухутаць ручнiком, праз гадзiну валасы старанна прамыць.

Калi ж у вас тлустая перхаць, паспрабуйце мыць валасы цёплым настоем пiжмы. Каб прыгатаваць яго, залiце 100 г кветак 3 л вады, трымайце на вадзяной лазнi на працягу 10 хвiлiн, працадзiце. Альбо паспрабуйце змазваць скуру галавы 2—3 разы на тыдзень спiртавой настойкай календулы. Галаву ўхутваюць ручнiком i вытрымлiваюць 30 хвiлiн. Затым змываюць цёплай вадой.

Добра ўмацоўвае каранi валасоў i аднаўляе кровазварот лiсце крапiвы двухдомнай. Сумесь з 50 г здробненага лiсця i 50 г карэнiшча крапiвы залiваюць 0,5 л сталовага воцату i 0,5 л вады, кiпяцяць на вадзяной лазнi на працягу 30 хвiлiн. Працэджаным адварам масiруюць скуру галавы 1—2 разы на тыдзень.

Пазбавiцца ад перхацi могуць дапамагчы i натуральныя фарбавальнiкi для валасоў: хна, басма, шалупiнне цыбулi, рамонак аптэчны, шалупайка грэцкага арэха.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?