Праца на зямлі можа даваць прыбытак, але каб развіць яе да стану вялікага бізнэсу, вы павінны мець як мінімум сто гектараў. І якой бы вялікай ні была вытворчасць, не варта спадзявацца толькі на адзін яе від. Трэба займацца чымсьці яшчэ. Размова з Лешкам Дыдынам, фермерам з Дарлова.

Лешак Дыдына з сынамі.

Лешак Дыдына з сынамі.

Вы пачалі з некалькіх гектараў зямлі, цяпер маеце іх сотні. Як малазямельны селянін можа стаць землеўласнікам?

Па-першае, трэба захацець. Я хацеў. Я заўсёды марыў пра вялікую ферму, але нават не думаў, што гэта будуць сотні гектараў. Мае бацькі мелі ферму з пяццю гектарамі зямлі ў Дарлове. Калі я вярнуўся з войска ў 1973 годзе, яны мне дапамаглі купіць 8 гектараў. З гэтага і пачаў.

І колькі ў вас зямлі цяпер?

Сам я маю 454 га, у старэйшага сына 319 га, у малодшага – 114. Усяго маем амаль 900 га і 32 га здаем у арэнду. Мы хочам дакупіць яшчэ 140 га фермы да гаспадаркі малодшага сына.

Вы кіруеце гаспадаркай супольна?

Так, гэта мой сакрэт поспеху. Тое самае рабілі мы з бацькам – у нас было дзве фермы, але мы ўсё рабілі разам. Мы апрацоўвалі той кавалак зямлі, апрацаваць які трэ было найбольш тэрмінова, няважна, каму ён належаў. І я раблю тое самае са сваімі дзецьмі. У нас няма "майго" і "твайго – гэта ўсё "наша".

Можна добра жыць і з сельскай гаспадаркі?

Так, але якой бы буйной яна ні была, яна не можа быць заснаваная толькі на адным відзе прадукцыі. Таму што ўвесь час калі не сушыць, то мочыць, і можна страціць усё. Павінен быць нейкі запасны варыянт, які дапаможа перажыць неўраджайныя гады. Я, напрыклад, як толькі купіў ферму разам з сельскагаспадарчай тэхнікай, адразу пачаў з яе дапамогай аказваць паслугі суседзям.

А што адбылося пасля 1989 году?

Перш за ўсё, пачалі знішчаць саўгасы. Мабыць, палітычнае рашэнне аб ліквідацыі саўгасаў было прынятае яшчэ ў 1990 годзе, але іх сапраўдны заняпад пачаўся вясной 1993 году, тады паўсталі першыя філіялы Агенцтва сельскагаспадарчай маёмасці (Agencja Własności Rolnej Skarbu Państwa), і пачалося татальнае раскраданне ўласнасці. Жывёла была прададзеная, а грошы сышлі на аплату працы работнікаў, сельскагаспадарчую тэхніку.

Што банкруцтва саўгасаў значыла для вас?

Я пачаў хутка павялічваць свае запасы. Ужо ў 1993 годзе я арандаваў першыя 57 гектараў былой саўгасаўскай зямлі. Потым арандаваў яшчэ, паступова выкупляючы зямлю. Гэта быў шанец для мяне і тых фермераў, якія, як і я, бачылі сваю будучыню ў гаспадаранні на зямлі.

У 1990 годзе вы бралі ўдзел у забастоўцы супраць Міністэрства сельскай гаспадаркі, бо цэны на зерне былі занізкімі. У 2009 годзе з той жа прычыны вы зноў пратэставалі. За гэтыя 20 гадоў у Польшчы нічога не змянілася?

У польскай сельскагаспадарчай палітыцы нічога не змянілася, бо ў тыя часы яе не існавала і цяпер таксама няма. Але тады мы хацелі, каб урад умяшаўся, бо цэны на зерне былі настолькі нізкія, што фермеры прадавалі яго па цане, ніжэйшай за сабекошт.

Цяпер мы супраць ураду не пратэстуем, бо ведаем, што ўрад цэнаў на збожжа не ўсталёўвае, рашэнні прымаюцца ў Брусэлі.
Наш нядаўні пратэст быў часткаю пратэсту ва ўсім Еўрасаюзе; фермеры пратэставалі, каб націснуць на Еўракамісію. Польшча ўваходзіць у склад Саюзу, і польскія фермеры належаць да саюзнай сельскагаспадарчай сям’і. Цэнтральнае ўпраўленне федэрацыі прафсаюзаў у Брусэлі пастанавіла, што трэба пратэставаць, і мы пратэставалі.

Добра, што Польшча ў Еўрасаюзе? Ён дае дапамогу, і яна большая, чым ад камуніста Герка?

Напачатку я думаў, што гэтае ўступленне карыснае для мяне. За першы год фермеры, якія мелі буйную рагатую жывёлу, добра зарабілі – цэны пайшлі ўверх. Але ў мяне быдла не было, толькі збожжа і свінні; свінні падаражэлі не надта моцна, а збожжа патаннела. Таму ў першы год, нягледзячы на выплаты сельскагаспадарчых субсідый, прыбытак быў на 180 тысяч злотых меншы, чым за мінулы. Але потым

усё паступова прыйшло ў норму, і сёння я магу сказаць, што ў нас з’явілася відавочная перавага. Гэта не толькі выплаты, але і адкрыццё замежных рынкаў. Мы ўжо тры гады амаль увесь рапс прадаем у Германію, там плацяць больш.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?