Рэпер Сярога і чэмпіёны свету па тай‑боксе далучаюцца да мужчынскай ініцыятывы супраць дамашняга гвалту ў сям’і. Пра гэта спявак заявіў 2 сакавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

«Нельга не прызнаць, што мы маем факты гвалту над жанчынамі, якія паўтараюцца і ўзмацняюцца, не толькі ў сям’і, але і на вуліцы, — адзначыў Сярога. — Калі можна штосьці зрабіць для выкаранення і прадухілення насілля і для гэтага патрабуецца ўсяго толькі ўдзел, чаму б не.

Я хлопец просты і тым не менш гляджу ў корань».

Паводле слоў выканаўцы, ён гатовы зрабіць свой унёсак у ініцыятыву супраць дамашняга гвалту:

зняць сацыяльныя ролікі са слоганам «Хочаш кагосьці ўдарыць, удар мяне».

У сваю чаргу каардынатар праграм Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) Таццяна Гаплічнік падкрэсліла, што аб праблеме дамашняга насілля трэба гаварыць для таго, каб жыццё жанчын у нашай краіне стала больш дастойным. «Каб кветкі, якія нам дораць мужчыны ў святы, былі знакам кахання, а не загладжвання віны за грубіянства і жорсткасць», — лічыць яна.

Старэйшы інспектар упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Вольга Сакалоўская са шкадаваннем адзначыла, што самі жанчыны пра хатні гвалт яшчэ не навучыліся гаварыць адкрыта. Паводле яе слоў, часта супрацоўнікам міліцыі даводзіцца высвятляць сітуацыю ў сям’і ў суседзяў, у прадстаўнікоў сістэмы адукацыі і аховы здароўя.

Прычынамі маўчання ахвяр гвалту яна называе боязь яшчэ больш цяжкіх наступстваў ці страх страціць мужчыну‑крыўдзіцеля.

Пра дапамогу жанчынам і дзецям таксама расказаў псіхолаг, кіраўнік службы дапамогі грамадзянам, пацярпелым ад насілля, ГУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна г. Мінска» Раман Кручкоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?