Нарэшце вырашыў наведаць Нацыянальную бібліятэку ў нашым горадзе‑героі Мінску. Хацелася завершыць гештальт, які не даваў у поўнай меры адчуць сябе беларусам.

Хадзілі чуткі, што падчас будаўніцтва ад няшчасных здарэнняў загінула каля трыццаці чалавек. Але гэтую інфармацыю стойвала дзяржаўная прапаганда, якая на пэўны час вынайшла новую беларускую ідэю ў будаўніцтве гіганцкай бібліятэкі.

Мая сяброўка Алена аж затопала ножкамі ад радасці, калі я прапанаваў паглядзець на Мінск з вышыні птушынага палёту. Мы захапілі з сабой яшчэ і маю стрыечную сястру Таццяну.

У чарзе па квіткі маю ўвагу прыцягнулі два памятыя хлопцы, год па 25 кожны. Яны стаялі перада мной і гучна размаўлялі. Адзін быў апрануты ў белы касцюм фірмы «Найк». Праўда, белы ён быў адносна: увесь мяты і ў брудных плямах. Нібы хлопец качаўся ў ім па зямлі, а потым яшчэ і спаў. Голеная галава, плаваючы погляд і мяшкі пад вачыма складалі аб ім дрэннае ўражанне. Другі быў на паўгалавы вышэйшы за першага, з нечасанымі валасамі, адколатым па дыяганалі пярэднім зубам, сіпаватым гучным голасам і таксама памятым прыкідам. Ад абодвух ішоў пах таннага віна.

«Ого! — выгукнуў лысы. — Пяць тысяч за бінокаль. Адурэлі. Я пайду дзве бутылкі віна куплю, чым буду плаціць стока».

Пасля гэтай заўвагі абодва гучна рассмяяліся.

«Нада бы выпіць. Дзе тут магазін бліжні? Ты не замеціў?»

«Неа», — адказаў другі з адколатым па дыягналі зубам.

На маю бяду, лысы абярнуўся і, ацэньваючы, акінуў мяне сваімі прыпухшымі вачыма.

— Ты з Мінску?

— Не, я з Магілёва.

— Гы‑гы! А мы с Гродна, — адказаў хлопец з паколатым па дыяганалі зубам.

— А можат знаеш, гдзе тут бліжайшы магазін? — запытаў мяне ў чарговы раз лысы.

— Праз дарогу, — адказаў я па‑беларуску, як і заўсёды адказваю, калі да мяне звяртаюцца.

— Гы! Праз дарогу, — засмяяўся першы.

Хлопцы знайшлі аб’ект для прыкола і пачалі далей распытваць мяне.

— Праз дарогу. Дык ты, па ходу, не з самаво Магілёва, а? — запытаў лысы і працягнуў смяяцца.

— З самога. Нарадзіўся там, жыву сабе, — адказаў я.

— Гы‑гы! Праз дарогу! Ды ня ўры ты. Мы жа слышым! — не ўнімаўся з паколатым па дыяганалі зубам хлопец.

— Дык я ж нармальна вам па‑беларуску адказаў, — абурыўся я.

— Да не перажывай ты так, мы тожа не с самога Гродна, мы з‑пад Гродна, — супакоіў мяне лысы. — А пашлі з намі, ты нам очэнь панравілся!

— Дзякуй, канешне, за запрашэнне, але я не адзін, — і позіркам паказаў на сваіх дзяўчат, якія размаўлялі між сабой, на нас не зважаючы.

Калі мы ехалі ў панарамным ліфце, калдыры не сунімаліся: гучна смяяліся і былі ўдзячнымі Лукашэнку за тое, што ён «пастроіў такі дом» і што магазін «праз дарогу».

Вітaльд Няўрыда, Магілёў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?