04.03.2010 / 15:59

Як сапсавалі свята роднай мовы, у якім удзельнічаў міністр Латушка 13

Студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў «Свяце беларускай мовы» прымусілі пісаць тлумачальныя запіскі наконт правядзення імпрэзы.

Студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў «Свяце беларускай мовы» прымусілі пісаць тлумачальныя запіскі наконт правядзення імпрэзы. Свята сёлета ўпершыню планавалася зладзіць афіцыйна і маштабна, аднак нечакана для арганізатараў, кіраўніцтва Палаца культуры МАЗ скасавала дамову.

Свята ўсё ж адбылося ў студэнцкай аўдыторыі, але пасля яго правядзення ў кіраўніцтва ўніверсітэта культуры паўсталі пытанні. Арганізатары не выключаюць, што імпрэзай зацікавіліся спецслужбы.

Свята беларускай мовы анансавалася, як маштабная дзея, што ўпершыню адбудзецца на афіцыйным узроўні. У Палацы культуры МАЗ павінна было прайсці ўзнагароджанне прадстаўнікоў самых розных прафесій, якія штодзённа сваім прыкладам садзейнічаюць развіццю і папулярызацыі беларускай мовы, а таксама канцэрт беларускіх выканаўцаў. У якасці госця меўся прыйсці міністр культуры Павал Латушка. Квіткі прадаваліся спраўна і заля на 700 месцаў мелася быць запоўненая.

Але за два дні да пачатку, арганізатары раптам атрымалі адмову.

«Нам проста сказалі, што канцэрту не будзе і ўсё. Значыць, квіткі мы будзем вяртаць», - кажа Кірыл Шык.

Мерапрыемства ў тэрміновым парадку перанеслі ў аўдыторыю ўніверсітэта культуры, праўда зрабілі яго ў закрытым фармаце. У сувязі з гэтым адзін з арганізатараў — кампанія «Будзьма беларусамі» адмовілася ад далейшага ўдзелу ў акцыі. Каардынатар кампаніі Ніна Шыдлоўская палічыла гэтую сітуацыю дзіўнай і недарэчнай.

«Ад маштабнага мерапрыемства выйгралі бы ўсе: і ўніверсітэт культуры, і Міністэрства культуры, і шырокая грамадскасць. Тым больш, што дзень роднай мовы святкуецца ва ўсіх краінах свету. Гэта бы ўзняла прэстыж нашых дзяржаўных і навучальных устаноў. Таму на нашу думку фармат быў абраны не зусім правільны. Верагодна, што гэта перасцярога самога ўніверсітэта з той нагоды, што ў падобным мерапрыемстве ўдзельнічае нейкая недзяржаўная кампанія», - кажа Н. Шыдлоўская.

Міністр Латушка ўсё ж наведаў мерапрыемства разам з кіраўніцтвам універсітэта культуры. Праўда, як сведчыць адзін з удзельнікаў імпрэзы Алег Хаменка, высокія госці не прамовілі ні слова.

А.Хаменка: Я звярнуў увагу, што прысутнічаў і міністр культуры, і рэктар універсітэту. Усе чакалі ад іх нейкай прамовы ці нейкай адзнакі гэтага мерапрыемства. Але заля гэтага не дачакалася. Гэта падалося крыху дзіўным.

П.Каралёў: Адкуль сыходзіла забарона мерапрыемства я не магу дакладна сказаць. Магчыма, што зацікавіліся пэўныя органы. На жаль, у нас свята беларускай мовы на шырокім прасторы адзначаць крыху баяцца, бо не ведаюць ва што яно выльецца.

Адзін з арганізатараў імпрэзы — Павал Каралёў быў адным з тых,

каго пасля правядзення Свята беларускай мовы паклікалі ў адміністрацыю ўніверсітэта.

П.Каралёў: Прасілі даць тлумачальную наконт таго, чаму мы ўзяліся за дапамогу ў арганізацыі гэтага свята, хто далучыў да свята кампанію «Будзьма». Мы далі справаздачу, што займаемся святам беларускай мовы ўжо шэсць год, а кампанію далучылі, бо цалкам падтрымліваем яе мэты і ідэі.

Арганізатары імпрэзы шкадуюць, што задуманае імі свята было сапсавана, але вераць, што раней ці пазней яны абавязкова адзначаць дзень роднай мовы маштабна і афіцыйна.

0
з Менску / Адказаць
04.03.2010 / 16:37
Як акупацыя скончыцца - абавязкова адзначым!
0
klv / Адказаць
04.03.2010 / 17:11
Па-мойму, ў службаў з'ехалі глузды.
0
Чай нік / Адказаць
04.03.2010 / 20:39
Вярхі хутка ценю свайго баяцца будуць.
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру