Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў работу ўрада па прыцягненню ў эканоміку краіны замежных інвестыцый. Такую ацэнку ён даў сёння ў час даклада ўрада па гэтай тэме.

«Прыходзіцца прызнаць, што сітуацыя з прыцягненнем у эканоміку краіны прамых замежных інвестыцый не ўнушае аптымізму», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама дадаў, што валавыя паказчыкі тут без патрэбы.

Як сведчыць статыстыка, з 2008 года сума прамых замежных інвестыцый, якія паступілі ў рэальны сектар эканомікі краіны на чыстай аснове, няўхільна зніжалася. У 2009 годзе яна склала ўсяго $420 млн., што на 38 працэнтаў менш за папярэдні год. На думку прэзідэнта, такі спад не апраўдваецца толькі агульным зніжэннем інвестыцыйнай актыўнасці ў свеце. «Прычына гэтага ў тым ліку і ў безадказнасці, нежаданні і няўменні некаторых службовых асоб эфектыўна працаваць», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Да такой высновы міжвольна прыходзіш,

калі бачыш усё ўзрастаючы паток зваротаў патэнцыяльных замежных інвестараў непасрэдна да прэзідэнта, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

— Відаць, у іх прапала ўжо надзея вырашыць надзённыя пытанні з тымі, каму па пасадзе належыць гэтым займацца».

«І не першы раз я папракаю ў бяздзейнасці кіраўнікоў высокага рангу. З боку ўрада былі запэўненні ўзяць пад кантроль рэалізацыю важнейшых інвестыцыйных праектаў. А іх нямала», — нагадаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад, калі ў прадстаўленых яму матэрыялах да гэтага часу міністрам культуры лічыцца Уладзімір Мацвяйчук як адказны за рэалізацыю аднаго з інвестпраектаў. «Гэта сведчыць аб тым, што вы або фатаграфуеце старыя матэрыялы і скідваеце іх сюды, або гэтым займаюцца недасведчаныя людзі», — падкрэсліў прэзідэнт.

«Як жа тады можна ацаніць работу ўрада, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама з замежнымі інвестарамі? Зразумела, як нездавальняючую», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў не ператвараць гэты даклад у самасправаздачу з чарговымі запэўненнямі, а прадставіць рэальную карціну па рабоце з замежнымі інвестарамі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што падыход да работы з інвестарамі павінен быць адзін: «Калі чалавек едзе да нас працаваць і прапануе ўласныя грошы як інвестыцыі ў нашу эканоміку, яму павінна быць зялёная вуліца. Яго трэба азнаёміць з тым, якія падаткі ён будзе плаціць, і якія льготы мы можам прадаставіць на стадыі рэалізацыі праекта». Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, калі патэнцыяльны інвестар будзе гэта «дакладна разумець і яго будуць сустракаць з задавальненнем, а не заглядаць у кішэню або ставіць дадатковыя ўмовы, тады той інвестар будзе працаваць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?