Першая і пакуль апошняя непадцэнзурная радыёстанцыя праіснавала адзін год, адзін месяц і дзесяць дзён – ад 21 ліпеня 1995 па 31 жніўня 1996. Навіна пра закрыцьцё прыйшла нечакана – суткамі раней. Ані тэлефанаваньняў, ані афіцыйных лістоў не было. Проста прыйшоў факс, дзе інфармавалася, што ад 1 верасьня праца хвалі 101,2 у фм-дыяпазоне будзе часова прыпыненая дзеля тэхнічных прычынаў. Маўляў, перадатчык ў цэнтры Менску – на вуліцы Камуністычнай – замінае ўрадавай сувязі. І з мантажом новага перадатчыку ў новым месцы вяшчаньне хвалі адновіцца...

Так і сталася, толькі хвалю 101.2 фм перадалі Беларускаму патрыятычнаму саюзу моладзі. Тым ня менш, «стоадзінкаўцы» і далей зрэалізавалі шэраг удалых мэдйных праектаў, а многія і цяпер працуюць у разнастайных незалежных мэдыях Беларусі.

«Празь некалькі хвілінаў мы спынім вяшчаньне, тыя, хто нас чуюць, пасыгнальце!» – папрасілі Ірына Курапаткіна і Вольга Бабак са студыі на Рэвалюцыйнай 8-а. І мы, што слухалі апошні эфір, седзячы у суседнім з студыяй рэдакцыйным пакоі, мы пачулі за вокнамі сыгналы аўтамабільных кляксонаў.

Першы голас, які прагучаў на радыё «101,2» належыць журналістцы Вользе Бабак. Разам са сваёй калегай Ірынай Курапаткінай Вольга закрывала эфір – 31 жніўня 1996 году:

(Бабак:) «Апошняе слова памятаю дакладна – на жаль, бо гэтыя ўспаміны дагэтуль даюцца балюча. Апошнімі словамі былі «мы яшчэ вернемся». Бо апошняя песьня, якая гучала, была песьня «Бітлз», дзе былі акурат гэтыя словы».

Навіна пра закрыцьцё прыйшла, калі калегі сьвяткавалі Дзень нараджэньня свайго шэфа – Жаны Літвіной:

(Літвіна: ) «Калегі не хацелі напачатку псаваць настрой: ніхто нічога не паведамляў да самага вечара. А пасьля выбралі адну асобу, якой даверылі патэлефанаваць, і сказаць гэтую непрыемную навіну. Пражыўшы трохі на сьвеце, я ведаю, што такое «баліць душа». Гэта быў поўны шок!»

Жана Літвіна ў 1994 годзе ўзначальвала радыёстанцыю «Беларуская маладзёжная», якая існавала ў сыстэме «Белдзяржтэлерадыё». Пазыцыя «Маладзёжкі» была прынцыповая: у спрэчным момантах мусяць гучаць абодва бакі. У эфіры станцыі прамаўлялі такія палітыкі як Зянон Пазьняк, Аляксандар Лукашэнка, Вячаслаў Кебіч… За некалькі дзён да першых прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году «Беларускую маладзёжную» зачынілі з афіцыйнай фармулёўкай «у зьвязку з рэарганізацыяй «Белдзяржтэлерадыёкампаніі».

Гэтак як і «Беларуская маладзёжная», радыё 101,2 было інфармацыйна-музычным праектам. Прынцып заставаўся нязьменным: у дыскусіі мусяць быць два бакі меркаваньня. На момант 1996 году радыё заставалася адзіным электронным СМІ, дзе палітыкі маглі выказваць думкі, альтэрнатыўныя пазыцыі ўлады. Працягвае Жана Літвіна:

(Літвіна: ) «Гэта было за некалькі месяцаў да рэфэрэндуму 1996 году. Радыё «101,2» было адзінай не цэнзураванай крыніцай інфармацыі. Уладам трэба было перакрыць апошнюю крыніцу інфармацыі».

Патэнцыйная аўдыторыя радыё «101,2» была каля траціны насельніцтва Беларусі: амаль 2-мільённы Менск плюс жыхары ў радыюсе васьмідзесяці кілямэтраў ад сталіцы.

***

Аснову радыё «101,2» журналістаў радыё склалі працаўнікі «Беларускай маладзёжнай»: Вольга Бабак, Генадзь Кесьнер, Ірына Курапаткіна, Іна Студзінская, Алесь Хмяльніцкі, Алесь Дайнэка, а таксама шэраг іншых, хто далучыўся да каманды. Гук радыё рабілі Зьміцер Новікаў, Анатоль Додзь, Уладзімер Сакульскі, Сяргей Лабандзіеўскі, Зьміцер Васількоў, Алесь Ляшкевіч, Алеся Верас…

На «101,2» вёў гумарыстычную праграму «Квадракола», вёў эфіры і ўдзельнічаў у разнастайных праектах музыкант Лявон Вольскі:

(Вольскі: ) «Для мяне было вельмі важна, што падабралася вельмі цікавая творчая суполка, што ў прынцыпе ўсё было даволі свабодна. І гэта было проста фэнамэнальна для нашай дзяржавы. Нават тагачаснай. Для цяперашняй, канешне, немагчыма, а для тагачаснай – фэнамэнальная была творчая арганізацыя».

У адрозьненьне ад «Беларускай маладзёжнай», радыё «101,2» было прыватным радыё. Стаўка была зробленая на аўтарскую журналістыку. Вядоўца меў магчымасьць уплываць на музычны шэраг этэру, у якім пастаянна гучалі аўтарскія праграмы: «Паехалі!» Вольгі Бабак , «Бізнэсактуаліі» Вольгі Караткевіч, «Джаз – музыка тоўстых» Зьмітра Падбярэскага, праграмы Марціна Латэцкага, Сяргея Ахрамовіча... А праграма Касі Камоцкай «ПраРок» сталася на той момант адной зь нямногіх пляцовак для старту маладых рок-выканаўцаў. Прыгадвае ўдзельнік гурту «Мэтэор» Дзяніс Архіпаў:

(Архіпаў: ) «Свабодна – без усялякага ўціску з боку рэдакцыі і супрацоўнікаў».

***

Эфір «101,2» скончыўся 31 жніўня 1996 году ў 20-00. А ўжо празь некалькі хвілін пачалі прыяжджаць слухачы: зь кветкамі ў руках і словамі падзякі на вуснах.

Цягам дзьвюх месяцаў супрацоўнікі і прыхільнікі «101,2» спадзяваліся на аднаўленьне вяшчаньня. Ладзіліся адмысловыя пікеты і пэрформансы, міжнародныя журналісцкія арганізацыі дасылалі на адрас беларускіх уладаў лісты абурэньня…

Тым часам у асяродку і сьценах «101,2» высьпела і ўвасобілася музычная канцэпцыя зборніку вершаў Міхала Анемпадыстава, які ў выніку атрымаў назву «супольны музычны праект «Народны альбом». Прыгадвае гукарэжысэр Анатоль Додзь:

(Додзь: ) «Калі гэта ўсё закрылася, ніякай працы не было, не было ні грошай, нічога… Але там увесь час быў тусовачны цэнтар. Заўсёды прыходзілі нейкія музыкі, заўсёды было зь кім паразмаўляць, было заўсёды весела… І проста ў размовах усплыло, што Міхал Анемпадыстаў напісаў цэлы цыкл вершаў пра маленькае мястэчка «пад панскай Польшчай». Вырашылі, а чаму б не паспрабаваць зрабіць з гэтага сапраўдны альбом? Так вось яно неяк і пачалося».

З асяродку «101,2» выйшла шмат таленавітых творцаў, якія працягваюць працаваць у сольных і супольных праектах: радыё, музыцы, гукарэжысуры. І яны яшчэ не забыліся на словы, прамоўленыя Вольгай Бабак у апошнія сэкунды эфіру «101,2» – «Мы яшчэ вернемся».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?