Завочная «перастрэлка» паміж двума выдатнымі «байцамі ідэалагічнага фронту» атрымала працяг. Заявы, зробленыя першым намеснікам кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Наталляй Пяткевіч у Кобрыне, можна лічыць адказам старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандру Зімоўскаму.

Нагадаем, што на гэтым тыдні кіраўнік НДТРК апублікаваў артыкул, у якім сцвярджаў, што «кампанія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі разгортваецца à propos, пры поўнай адсутнасці афіцыйнай ідэалогіі». Таксама Зімоўскі прайшоўся па стане справаў у сферы дзяржпрапаганды, за якую адказвае Пяткевіч.

Публічная крытыка ў адрас асобы, якая займае ў беларускай уладнай іерархіі такое значнае месца, не магла прайсці незаўважна. Тыя, хто звярнуў увагу на артыкул Зімоўскага, чакалі, чым адкажа Пяткевіч. І яна, па сутнасці, адхіліла прэтэнзіі ў свой адрас, заявіўшы, што некалі пастаўленая задача адрадзіць на найвышэйшым узроўні ідэалагічную працу ў Беларусі напоўніцу рэалізуецца.

– Сёння мы ўжо можам сказаць, што ідэалагічная вертыкаль у нашай краіне ёсць, і мы ўжо гаворым не пра станаўленне, а пра ўдасканаленне яе працы, – сказала Наталля Пяткевіч журналістам у кулуарах рэгіянальнай канферэнцыі ідэалагічных работнікаў Брэсцкай вобласці, якая праходзіла 4 сакавіка ў Кобрыне .

Асаблівым дасягненнем першы намеснік кіраўніка адміністрацыі лічыць з'яўленне ідэолагаў не толькі ў дзяржаўнай сферы, але і ў прыватным бізнэсе.

– Прыемна адзначыць, што на прыватных прадпрыемствах ажыццяўляецца ідэалагічная праца, і гэта не ціск зверху, а сапраўды патрэба. Гэта вельмі важна, бо задача ідэалагічнай працы – наладжваць непасрэдны кантакт паміж простым чалавекам і ўладай, спрыяць выяўленню запатрабаванняў і праблемаў людзей і дапамагаць іх вырашэнню. Гэта галоўная задача, без вырашэння якой не можа існаваць дзяржава, і гэта галоўнае прызначэнне ідэолага, – лічыць Наталля Пяткевіч.

Зрэшты, было б даволі дзіўна, калі б высокапастаўленая чыноўніца занялася самакатаваннем і прызнала «поўную адсутнасць афіцыйнай ідэалогіі». У сітуацыі, якая склалася, Пяткевіч абрала адзіна магчымую тактыку: сцвярджаць, што ў даручанай ёй галіне поспехі значна больш прыкметныя за недахопы, а апошнія будуць вынішчацца шляхам «удасканалення працы». Аднак тая акалічнасць, што дзейнасць першага намесніка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі стала прадметам з'едлівай крытыкі з боку «калегі па ідэалагічным фронце», ужо само па сабе шкодзіць трываласці яе пазіцый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?