А гадзіне ночы па менскім часе ў Нью-Ёрку скончыўся матч другога раўнду Адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе паміж Вікторыяй Азаранкай і 19-гадовай чорнаскурай гаспадыняй спаборніцтваў Джэмі Джэксан.

Нягледзячы на нешчасьлівы 13-ы корт беларуска перамагла ў двух сэтах – 6:3, 6:2.

У наступным раўндзе Вікторыя згуляе з прадстаўніцай Расеі Ганнай Чаквэтадзэ, якая ў чацьвер перамагла ўкраінку Алёну Бандарэнку – 7:6, 6:0. У Г. Чаквэтадзэ 29-е месца ў сусьветным рэйтынгу, у Вікторыі – 124-е.

17-гадовая беларуска таксама будзе выступаць у міксьце (мяшаных мужчынска-жаночых спаборніцтвах). У пятніцу ў пары з Максімам Мірным у першым крузе спаборніцтваў яны згуляюць супраць Саманты Стосур (Аўстралія) і Леандра Паеса (Індыя).

Пасьля 4-й раніцы па менскім часе пачаўся матч мужчынскага парнага разраду паміж Максімам Мірным і Ёнасам Б’ёркманам (Швэцыя) і Стэфанам Хасам (Аўстралія) і Уэсьлі Мудзі (ПАР). У сераду паўднёваафрыканец выбіў М. Мірнага з індывідуальнага разраду. Была цудоўная магчымасьць адпомсьціць.

Беларуска-швэдзкі дуэт не без цяжкасьцяў перамог 6:7, 6:4, 6:4.

У наступным крузе яны сустрэнуцца зь немцамі Фларыянам Маерам і Райнэрам Шутлерам.

Сёньня пройдзе матч парнага разраду Настасься Якімава (Беларусь) / Эва Іюзнэраваа (Чэхія) - Алекса Глэч / Эбігел Сьпёрс (ЗША).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0