08.03.2010 / 11:35

Rammstein гуляў з агнём + дадаліся фотаздымкі 6

А саліст з бетонамяшалкі паліваў публіку вялікімі камякамі пены.

Чорна-чырвоныя-жоўтыя шлейкі і папругі, такія самыя сцягі (з федэральным арлом або з гэдээраўскім цыркулем), белыя спартовыя касцюмы з надпісам Germany — мінская публіка аддавала даніну радзіме знакамітага рок-гурту «Рамштайн».

Калі ты на шоу, то факт, што «Рамштайн» у музыцы капіюць ужо не толькі мінулыя пакаленні металістаў і электроншчыкаў, але і саміх сябе — неістотны. Бо ўсё-усенькае, што назапасіла чалавецтва па майстэрстве ладжання рок-шоу, было тут: талкова падабраны разагрэў, агрэсіўны грым, сцэнічныя касцюмы са скуры, узняцце музыкаў на вышыню, інсцэніроўка падпальвання нібы выпадкоўца з натоўпу, раптоўныя выбухі і фаер-шоу з лязамі полымя, чый жар сягаў нават у самыя зацішныя куткі залы…

Шоу «Рамштайна» — бездакорнае, яно па гіпербале імкнецца да дасканаласці, ды пасля якога любая крытычная заўвага будзе проста недарэчы. А яшчэ была аграмністая, навюткая і страшэнна бюджэтная «Мінск-Арэна», чый індустрыяльны інтэр’ер як найлепей адцяняў дэманічны біт бубнаў і пякельны рокат гітар.

Калі саліст Тыль Ліндэман выйшаў спяваць чарговы паўторак са слупом агню на галаве, дык стала зразумела, хто на сённяшні дзень займае пасаду ўладара сусвету і крон-прынца галактыкі.

Непрыхаваная прапаганда канфеці

Нагадаем, напярэдадні канцэрту грамадская рада па маральнасці выказалася няўхвальна наконт будучага выступу нямецкіх музыкаў у Мінску, бо яны «ўяўляюць сабою непрыхаваную прапаганду гомасэксуалізму, мазахізму ды іншых вычварэнняў, лютасці, гвалту і непрыстойнай лаянкі». Паназіраўшы за канцэртам, варта зазначыць:

прапаганда гомасэксуалізму сапраўды мела месца. Падчас канцэрту згары валіліся каляровыя, колеру вясёлкі і сэкс-меншыняў, канфеці.
Мазахізму? А як жа: удзельнікі гурту былі апранутыя ў скуру і заклёпкі, і час ад часу гэтыя здаровыя дзядзькі брутальна скакалі адзін на аднаго. Пры жаданні можна жыва ўявіць якую-небудзь садамаза-сцэну.

Іншых вычварэнняў? Без іх нікуды: саліст з бетонамяшалкі паліваў публіку вялікімі камякамі пены.

Сцэны лютасці і гвалту? Як жа, было: «канфлікт» фронтмэна з клавішнікам Крысціянам Лорэнцам. Сюжэт: Ліндэман хапае Лорэнца і шпурляе яго ў невядома адкуль матэрыялізаваную пасярод сцэны ванну. Потым уздымаецца на адмысловай калоне на вышыню пяці метраў і адтуль сыпле на клавішніка жарынкамі. Упакораны клавішнік ператвараецца ў робата і ў вопратцы з бліскаўкамі пачынае як бы механічна граць на сваіх сінтэзатарах, пры гэтым да канца шоу ён вымушаны бегчы па рухомай дарожцы, што цяпер усталявалі ў яго пад нагамі.

Еўрастандарты для еўрамастацтва

«Рамштайн» заўсёды свядома працавалі на сутыку жанраў: націск метала, загадкавасць індастрыялу, выйгрышныя тэмы гатычных і танцавальныя рытмаў — усё ўключана. І дадамо добра прадбачаны катарсіс з фаерверкам пры канцы — еўрастандарты нават у мастацтве. А яшчэ заўсёдны, безупынны эпатаж, гулянні на стэрэатыпах аб немцах, выпрабоўванне межаў публікі. З адметных знаходак: насуперак старэйшым братам па металу, Scorpions i Accept, якія аддалі перавагу экспартнай, ангельскай мову, рамштайнцы не ўзбаяліся паставіць на нізкі рэгістр роднай нямеччыны. Дарэчы, мінская публіка проста здзівіла, калі на поўныя грудзі пацягнула па-нямецку ўслед за Ліндэманам гіт Du Hast.

Канцэрт «Рамштайн» — усё роўна як фільмы Ціма Бёртана, дзе вытанчаны антураж і дзівосныя персанажы , якія спляліся ў трохі пачварнае відовішча, ад якога не страшна, у жахалку, ад якой хочацца жыць.

А дзе там рок? Рок памёр.

Павал Касцюкевіч, фота — Антон Матолька, tut.by

0
More Air / Адказаць
09.03.2010 / 00:47
Сапраўды, канцэрту не было - было сапраўднае ШОЎ з выдатнай музыкай, акцёрамі, агнём, дымамм, прадуманай да дэталяў сцэне і касцюмах... Карацей - выдатны сучасны цяжкі рок! Адно не згодны з аўтарам - нарвэгі на разагрэве з 'комбіхрысту' аблажаліся - ні музыкі, ні голасу - адныя барабаны... якія да таго ж падалі зачаста. Мы з сынам назвалі іх "кобмідрыст" - за 'тэксты' пра факін шыт ды адсутнасьць меры.
0
Vogel / Адказаць
09.03.2010 / 01:48
Бред. Полный. Аргументация просто смехотворна. Особенно связь конфетти, которое, к слову, было цветов немецкого флага, с гомосексуализмом. Rammstein - это не хор мальчиков-зайчиков, которые должны выстроиться по стойке \"смирно\" и спеть так весь трек-лист концерта. Это шоу. Которого все от них и ожидают. Не стоит искать тех скрытых смыслов и подтекстов, которых там на самом деле нет.
0
2 Vogel / Адказаць
09.03.2010 / 12:26
Віншую! Званьне Капітан Відавочнасьць - ваша!)) Калі ўжо каментатары НН навучацца распазнаваць іронію?))
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру