08.03.2010 / 15:29

Расію на «Еўрабачанні» прадставіць Пётр Наліч

Пётр Наліч выйграў нацыянальны конкурс, фінал якога быў паказаны ў прамым эфіры тэлеканала «Расія-1» у нядзелю.
«Музычны калектыў Пятра Наліча» прадставіць Расію на конкурсе песні «Еўрабачанне-2010», які ў канцы мая адбудзецца ў сталіцы Нарвегіі Осла. Наліч апярэдзіў 24-ох іншых кандыдатаў, сярод якіх былі выканаўцы песень на удмурцкай мове гурт «Бурановские бабушки», Алег Безінскіх, гурт «Аляска».

Усяго для ўдзелу ў адборачным турніры было пададзена больш за тысячу заявак. Была сярод іх і кандыдатура Дзімы Білана, але спявак перадумаў і вырашыў не ўдзельнічаць у конкурсе. Па выніках паўфіналу 1-ага сакавіка засталося 25 удзельнікаў. Пётр Наліч, які заснаваў «музычны калектыў» свайго імя, праславіўся, дзякуючы незвычайным песням і самаробным кліпам, якія ён выкладвае ў інтэрнэт.

Расія аднойчы перамагала ў «Еўрабачанні». У 2008 годзе гэта зрабіў Дзіма Білан з песняй Believe. Паўфіналы і фінал «Еўрабачання» пройдуць 25 і 27 траўня на Telenor Arena ў Осла.

Беларусь на конкурсе сёлета прадставіць гурт «3+2».

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру