Першае паседжанне беларуска‑польскай камісіі па вырашэнні канфлікту вакол Саюзу палякаў перанесенае на няпэўны тэрмін. Нагадаем, што яно мусіла адбыцца 9 сакавіка.

Польскі бок заяўляе пра сваю гатоўнасць у працы камісіі. А беларускія чыноўнікі дагэтуль губляюцца ў здагадках, што гэта за камісія і як яна будзе працаваць.

Меркаваны кіраўнік беларускай часткі камісіі — Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў пры Савеце міністраў Леанід Гуляка пра сваё новае прызначэнне нічога не ведае. Пра гэта паведаміў яго намеснік Уладзімір Ламека.

«Мы нічога не ведаем пра гэтую камісію. Я ўжо ў шэфа пытаў. Там спасылкі ўжо нават на тое, што беларускі бок Гуляка ачоліць павінен. Да нас па гэтай камісіі ніхто не звяртаўся. Вось пацвердзіў мне і Леанід Гуляка:

кажа, што ніхто яго пакуль што ў аніякія камісіі не ўпаўнаважваў.

Калі ўпаўнаважаць, то будзе, але афіцыйна пакуль што нічога не атрымліваў. І мы ў апараце не ведаем пакуль што, які статус у гэтай камісіі і як яна будзе працаваць».

Нагадаем, рашэнне пра стварэнне двухбаковай камісіі па вырашэнні канфлікту вакол польскай меншасці ў Беларусі было ўхваленае ў час сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і міністра МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага 25 лютага ў Кіеве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?