Багушэвіч, Куляшоў, Барадулін... Рэп, рок, блюз... Пра новы аўтарскі праект «Белая яблыня грому» гутарка з Лявонам Вольскім.

«Белая яблыня грому» — новы аўтарскі праект Лявона Вольскага. Складанка з 12 песень, напісаных на вершы класікаў
«НН»: Танк, Панчанка, Куляшоў… Лявоне, мы нешта прапусцілі ў савецкай беларускай літаратуры? Вы знайшлі нейкі новы лірычны пласт вершаў?
Лявон Вольскі: Нам напачатку дапамагалі выракацца сваёй спадчыны, а цяпер мы й самі навучыліся. Раней мы былі малапісьменныя, і не чыталі, затое цяпер мы настолькі адукаваныя, што з пагардаю глядзім на гэтых «паэцікаў», маўляў, хто яны такія?! Мы ж цяпер умеем пісаць лепей, чымся яны! Прынамсі, нам так падаецца. Тым часам, дзяржава з радасцю падтрымала гэткае стаўленне — каб не нараджаць куміраў (у савецкі час літаратараў народ шанаваў), і вось ужо й народу ня трэба (шырокім масам), і нам — выкшталцоным і вытанчаным натурам. Лірычны пласт… Дык ён заўжды быў. І шукаць ня трэба.
«НН»: Вось Сяргей Дубавец у сваім колішнім эсэі «Ружовы туман» прапануе наагул забыць савецкую беларускую літаратуру праз яе бесхрыбетнасць і няздатнасць выхоўваць пачуццё нацыянальнага. А як на вашу думку, ці варта гэта рабіць?
ЛВ: Гэта рабіць дакладна не трэба. У тагачаснай літаратуры безліч твораў яскравых і таленавітых. Як мне сказаў калісьці спадар Някляеў: «Гэтае пакаленне яшчэ ніхто не перапісаў». Такі вось іншы погляд на гэтую рэч.
Канцэртная прэзентацыя праекта адбудзецца 23 сакавіка ў Тэатры імя Янкі Купалы. Канцэрт будзе складацца з дзвюх частак: першая частка — непасрэдна, «Белая Яблыня Грому» — 12 песень у розных стылях. Акампануе новы склад, Лявон спадзяецца, што ніякія тэрміновыя справы не перашкодзяць Аляксандру Памідораву выканаць пакладзены на рытмічную глебу рэпу верш Францішка Багушэвіча «Немец», а Ганне Хітрык — заспяваць з ім дуэтам. У другой частцы, паводле Лявонавых словаў, розныя нечаканыя песні — сольныя, народныя, сумныя й вясёлыя.
«НН»: Вось, паслухаўшы ваш канцэрт, моладзь кінецца да тамоў паэзіі, у пошуках нейкіх адкрыццяў і рокавай шчырасці, а там суцэльны «сцяг брыгады»: Паўлікі Марозавы, камсамол, хваласпевы кампартыі? Наагул, як на вашу думку, ці магчыма аддзяляць збожжа ад пустазелля ў савецкай паэзіі?
ЛВ: Я, калі пачынаў праект, таксама скептычна пацягнуўся да паэтычных тамоў. Я ніколі не чытаў Куляшова
Да канцэрта мусіць выйсці і
«НН»: Як вам узровень паэзіі ў песнях беларускіх гуртоў наагул? Бо, здаецца, планка патрабаванняў паніжаная: сярод мора расейскамоўя, абы спяваў
ЛВ: Ну то й хочацца даць прыклад — можна карыстацца паэтычнай спадчынай, і гэта зусім не значыць, што будзе кандова. Каструбавата, наадварот, атрымліваецца, калі ты спрабуеш скласці думкі ў словы, а яны выпадаюць і развальваюцца. І словы, і думкі. Але мне цяжка крытыкаваць сваіх калегаў, бо, я разумею, што ў нашай краіне рок і рэп не маюць развіцця. Таму тое, што можна ў іншай дзяржаве выкшталтаваць, выгартаваць цягам гадоў, у нас застаецца ў першапачатковым стане.
* * *
Чытаць яшчэ:
Рыгор Барадулін
Белая яблыня грому
- Белая яблыня грому
Чорных cадоў ліхалецця.
Яблык яе нікому
Не пажадаю на свеце.
Голая яблыня грому
Жахам жагнала прысмерк.
Пэўна, што д’яблу самому
Помніцца горкі прысмак.
Светлая яблыня грому
З салаўінае усяночнай.
Ласкавага яблыка стому
Я надкусіў аднойчы.
Ціхая яблыня грому,
Першага мілага гневу.
Позірку маладому
Праглася бачыць Еву.
Добрая яблыня грому,
Радасцю поўні наўколле!
Хай жа ня будзе злому
Голлю твайму ніколі.
Белая яблыня грому,
Клопатам, гаманою
І на апошнюю строму
Светла ўзыдзі са мною.
Каментары