У свой час кнігай «Расстрэльная каманда» былы кіраўнік следчага ізалятара № 1 горада Мінска Алег Алкаеў практычна наўпрост абвінаваціў шэраг беларускіх сілавікоў у дачыненні да знікнення вядомых беларускіх палітыкаў. Цяпер Алег Алкаеў рыхтуе другі «стрэл».

— Я не хачу заўчасна раскрываць некаторыя новыя дэталі і факты, якія будуць апублікаваныя ў кнізе, — кажа Алкаеў. — Магу сказаць толькі, што цяпер мне даводзіцца шмат ездзіць, працаваць з дакументамі і сведкамі… Дарэчы, нядаўна я вярнуўся з Нідэрландаў: там у нас ёсць сведка, які меў дачыненне да брыгады Дзмітрыя Паўлічэнкі.

— Не маглі б вы расказаць, што гэта за сведка?

— Хоць я ніколі не расшыфроўваю асобаў, якія дапамагаюць мне ў зборы інфармацыі, але ў дачыненні да гэтага хлопца, зразумела ж, з яго згоды я магу гэта зрабіць.

Гэта былы вайсковец в/ч 3214 Дзмітрый Новічак, які праходзіў тэрміновую службу ў перыяд з 2000 па 2002 год. Хлопец праходзіў стажыроўку ў СОБРы і хоць байцом СОБРа з прычынаў, якія ад яго не залежаць, ён стаць не паспеў, але ў дастатковай ступені пабачыў цёмны бок жыцця гэтага падраздзялення. Прычым настолькі глыбока, што ў выніку апынуўся ў турме. З яго дапамогай удалося аднавіць практычна поўную карціну таемных эпізодаў гэтага «элітнага» атраду і, што асабліва важна, вызначыць (калі казаць юрыдычнай мовай) «ролі ўдзельнікаў».
Дзмітрый Новічак, хоць асабіста і не ўдзельнічаў у выкраданнях людзей і рэпрэсіўных акцыях, з’яўляецца вельмі абазнаным сведкам. З Дзмітрыем я падтрымліваю кантакт з 2005 году — з таго часу, як ён вызваліўся з калоніі. Прычым, каб не дапусціць памылкі, любыя звесткі правяраю па некалькіх каналах.

Мае аргументы, якія сведчаць аб магчымым удзеле Дзмітрыя Паўлічэнкі і яго людзей у палітычных выкраданнях і забойствах, якія здарыліся ў Беларусі, як вядома, былі выкладзеныя ў кнізе «Расстрэльная каманда». Дык вось, падчас яе напісання я карыстаўся сведчаннямі ў тым ліку і Дзмітрыя Новічака.

Мне прыемна, што з простага «носьбіта інфармацыі» хлопец вырас у майго актыўнага паплечніка і частку працы цяпер выконвае самастойна. Цяпер мы з ім удакладняем некаторыя дэталі падзеяў дзесяцігадовай даўніны. Паверце, тут кожнае слова, кожны штрых маюць вялікае значэнне і ў некаторых выпадках выводзяць на новыя абставіны, якія тлумачаць ці нават істотна мяняюць карціну тых злачынстваў. У Дзмітрыя даволі няпросты лёс. Ён шчыра верыў, што ідзе служыць у элітнае падраздзяленне, але аказалася, што трапіў… Былому паспяховаму спартоўцу, майстру спорту па самба «бацькі-камандзіры» здолелі паламаць і спаскудзіць маладое жыццё, забяспечыўшы не кар’ерны рост, а турэмныя нары. Шкада, канечне, што прасвятленне да Дзмітрыя прыйшло праз турму. Але, як кажуць, лепш позна, чым ніколі.

— І шмат у вас такіх «крыніц»?

— Дастаткова. Праблема ў тым, каб вызначыць каштоўнасць і дакладнасць звестак. Не буду хаваць, што часам даводзіцца сустракацца з фантазёрамі і проста авантурыстамі — начыталіся дэтэктываў і інфармацыі з інтэрнэту. Ёсць і іншая праблема. Калі абнародаванне інфармацыі пагражае непрыемнасцямі яе крыніцы, я вымушаны ўстрымацца ад яе выкарыстання і тым больш ад агучвання імя аўтара. На жаль, пакуль у большасці выпадкаў мы не можам апублікаваць звесткі пра тое, ад каго інфармацыя атрыманая.

— Вы можаце сказаць, хто гэтыя «мы»?

— Мы — гэта група энтузіястаў, якая складаецца ў асноўным з эмігрантаў, што жывуць у розных краінах Еўропы, але аб’яднаныя ідэяй аднаўлення ісціны па справах выкрадзеных у Беларусі людзей. У Германіі гэта я з групай паплечнікаў. У Нідэрландах гэта Фонд падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі імя Тадэвуша Касцюшкі і яго кіраўнік Аляксандр Шчурко. Дарэчы, пры судзейнічанні гэтых людзей была выдадзеная ў Нідэрландах мая кніга «Расстрэльная каманда». Ёсць вартыя партнёры ў Польшчы і ў іншых краінах.

Мы працуем па многіх напрамках у эмігранцкім асяроддзі. Цяпер, напрыклад,

правяраем інфармацыю аб прыбыцці ў Нідэрланды групы супрацоўнікаў беларускіх спецслужбаў, якія спрабуюць асталявацца ў якасці палітуцекачоў.
Наколькі гэта дакладна, пакажа час і іх паводзіны, але падазрэнні такія ёсць.

— Наколькі вядома, вы ўважліва сочыце за падзеямі ў Беларусі. Як вы можаце пракаментаваць бясконцыя арышты і крымінальныя справы, якія ўжо называюць новым вітком вайны паміж МУС і КДБ — супрацьстаяння, якое разрастаецца з кожным днём і ўцягвае ўсё новых людзей?

— Так, я сачу за падзеямі. Тлумачыць канфлікт паміж сілавікамі нецярпімасцю, што раптам прачнулася ў органаў дзяржбяспекі ў дачыненні да хабарнікаў, было б занадта наіўна. Паверце, гэтыя органы права на ўласнае меркаванне не маюць. І тым больш на несанкцыянаваную расправу. За ўсім, што адбываецца, як заўсёды, трэба бачыць лялькавода.

Сёння ўсе ніткі кіравання сілавымі структурамі знаходзяцца ў руках памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктара Лукашэнкі. Але ён, мабыць, не ўсведамляе, якога джына выпускае з бутэлькі. Запусціць рэпрэсіўны апарат лёгка, а вось спыніць яго без аналагічных рэпрэсіўных мераў у дачыненні да сённяшніх трыюмфатараў практычна немагчыма.

Беларусь — маленькая краіна. І любая, нават адзінкавая карная акцыя так ці інакш закранае вялікую колькасць людзей, аб’яднаных альбо роднаснымі, альбо іншымі сувязямі. Калі колькасць «пакрыўджаных» дасягне крытычнай масы, ківач хіснецца ў іншы бок — і паляцяць галовы сённяшніх «змагароў з карупцыяй». Адно магу сказаць адназначна:

у логіку абароны інтарэсаў дзяржаўнай бяспекі сённяшнія дзеянні КДБ ніяк не ўпісваюцца, затое цалкам адпавядаюць логіцы дзеянняў звычайнай барскай псярні.

— Якім чынам, знаходзячыся ўдалечыні ад Беларусі, вам удаецца ўсталёўваць патрэбныя кантакты і атрымліваць неабходную інфармацыю?

— Спосабаў шмат, і я б не хацеў пра іх казаць. А вось пра прычыны, якія падштурхоўваюць людзей аблегчыць душу, сказаць магу. Многія сталі разумець, што доўгі час з’яўляліся інструментам у руках уладных прайдзісветаў. Асабліва гэта датычыць сілавікоў.

У той час, калі яны выконвалі нават загадзя злачынныя загады, ім верылася, што ўсё ж такі яны служаць дзяржаве і выконваюць свой абавязак. Але час паказаў, што ўсе не так проста і не так адназначна. Пакуль адны рызыкавалі жыццём і свабодай, іншыя — тыя, хто аддаваў загады, — проста набівалі сабе кішэні.
У выніку разам з прасвятленнем прыйшло і раскаянне, і крыўда, і злосць. Ну, а з прычыны, што ў Беларусі звярнуцца з такой інфармацыяй няма да каго (ды гэта і небяспечна), то людзі шукаюць іншыя каналы.

Склад любой злачыннай групы ніколі не бывае аднародным: хтосьці вінаваты больш, хтосьці — менш; хтосьці дзейнічаў свядома, а хтосьці падпарадкоўваўся загаду… І ў тых, хто вінаваты менш або не разумеў сутнасці распараджэнняў, з’яўляецца жаданне своечасова адмежавацца ад завадатараў. Мы ім такі шанец даём.

Вядома, можа ўзнікнуць пытанне, чаму тыя, хто раскаяўся, абралі менавіта такі, даволі складаны шлях для «аблягчэння душы». Ці не прасцей было б звярнуцца ў апазіцыйныя структуры альбо да журналістаў? Прасцей, але не забывайце, што людзі баяцца. Мы гарантуем бяспеку і працуем не на сённяшнюю сенсацыю. Магу нават сказаць, што мы зыходзім з таго, што бяда невялікая, калі сведчанне да пары да часу ўвогуле не будзе агучанае. Затое ў патрэбны момант яно будзе прадстаўленае следству і суду. Тут галоўнае — дата падачы інфармацыі ў нашыя структуры. Менавіта яна будзе служыць адной з падставаў для рэабілітацыі чалавека. А калі раскаянне запозненае, то крыўдзіцца няма на каго…

Асобам, у якіх сумленне чыстае, але яны ведаюць штосьці важнае і каштоўнае, мы прапануем іншыя формы заахвочвання. Дарэчы, аж да матэрыяльнай узнагароды.

— Значыць, усе, хто ведае штосьці істотнае пра падрабязнасці выкрадання вядомых беларускіх палітыкаў, могуць за інфармацыю атрымаць грошы? Колькі і за што?

— Ідэя выплаты ўзнагародаў належыць не мне, а кіраўнікам фондаў. У мяне такіх сродкаў няма. Я раблю толькі экспертную ацэнку і агучваю свае рэкамендацыі наконт кошту звестак і рэчавых доказаў. Таму сума ўзнагароджання наўпрост залежыць ад якасці інфармацыі. Верхняя мяжа гэтай сумы не пазначаная, але ніжняя — не менш за дзве тысячы еўра.

— Якім чынам асобам, зацікаўленым у падачы інфармацыі, можна звязацца з вамі?

— Для ўсталявання першаснага кантакту можна выкарыстоўваць электронны адрас: stichting.bdwrtk @ gmail.com — адрас Фонду імя Тадэвуша Касцюшкі. Мой тэлефон у Германіі: +49 / 176. 81.070.738.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?