11 сакавіка ў мінскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі адбудзецца святая Імша і малітва падзякі з нагоды 20‑годдзя аднаўлення дзейнасці Грэка‑каталіцкай Царквы ў Беларусі. 20 год таму,

11 сакавіка 1990 г., мітрафорны протаіерэй Аляксандр Надсан, Апостальскі Візітатар для беларусаў замежжа і рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане (Вялікабрытанія), цэлебраваў у адзіным у той час у Мінску касцёле на Кальварыі літургію па візантыйскім абрадзе на беларускай мове.

Гэта была першая адкрытая грэка‑каталіцкая літургія ў пасляваеннай Беларусі.

На набажэнства прыйшлі сотні людзей. Гэтая літургія стала момантам аднаўлення адкрытай літургічнай і душпастырскай дзейнасці Грэка‑каталіцкай Царквы ў Беларусі. З таго часу беларускія грэка‑католікі лічаць сваім асаблівым пакліканнем і прывілеем маліцца на роднай мове. Падчас кожнай літургіі ў храмах, капліцах і іншых месцах малітвы паўтараюцца словы: «За Богам сцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасць у веры, мужнасць у выпрабаваннях і вернасць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся».

«Юбілей 20‑годдзя гэтай падзеі святкуецца ў перыяд Вялікага посту і таму адзначаецца ў глыбокай малітоўнай задуме. Беларускія грэка-католікі дзякуюць Госпаду, што Царква, якая ніколі не пераставала існаваць, атрымала магчымасць адкрыта абвяшчаць Евангелле ў роднай зямлі», — адзначыў дэкан мінскіх грэка‑каталіцкіх парафій а. Яўген Усошын.

У грэка‑каталіцкіх парафіях Мінска святыя Імшы з малітвай падзякі адбудуцца ў нядзелю, 14 сакавіка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?